Сёньня, шаноўнае спадарства, запрашаем вас наведаць разам з намі Замак Чоха.
Гэта мураваны замак, быў пабудаваны ў 1241-1247 гадах на сылеска-лужыцкім памежжы паводле загаду чэскага караля Вацлава І-га. На пачатку XX стагодзьдзя замак набыў вядомы нямецкі вытворца цыгараў Эргест Гучоў з Дрэздэна. У 1912 годзе замак перабудаваў вядомы бэрлінскі архітэктар Бода Эбгард, беручы за прыклад выгляд замку з гравюры 1703 году. Уладальнік жыў у замку да сакавіка 1945 году.
Падчас Другой сусьветнай вайны ў замку знаходзіўся шыфравальны цэнтар Абвэра. Да 1952 году замак быў занядбаны. У 1952 годзе ў замку быў створаны Вайсковы дом адпачынку. У сувязі з гэтым будынак засакрэцілі й яго ня можна было знайсьці на ніводнай мапе тых часоў. У 1996 годзе замак Чоха зноў адкрыўся для турыстаў. Сёньня тут месьціцца гатэль на 100 спальных месцаў і канфэрэнцыйны цэнтар.
Наведвальнікаў прыцягвае сюды спэцыфічны клімат таямніц і прыгодаў. З замкам Чоха зьвязана мноства легендаў і цікавых гісторыяў. Напрыклад, па сёньняшні дзень замак лічыцца адным зь месцаў захаваньня славутага Бурштынавага пакою, які немцы вывезьлі падчас вайны з царскага палацу ў Пэтэрсгофе. Сучасныя аматары прыгодай па сёньняшні дзень шукаюць гэты «пакой» у ваколіцах Чоха. Іншыя спрабуюць пачуць плач немаўляткі, якога жыўцам замураваў пад комінам Яахім фон Ностыц. Па даўнішніх дзіцячых пакоях ходзіць Белая дама, маці забітага дзіцятка й няверная жонка фон Ностыца.
Іншая прываблівая рыса замку — гэта штольні, якія пабудавалі немцы падчас Другой сусьветнай вайны. Якія сакрэты захоўвалі гэтыя штольні, цяпер можна толькі здагадвацца. Але падчас вайны замак Чоха вельмі моцна ахоўваўся. Некаторыя кажуць, што тут ішлі дасьледчыцкія працы й будаўніцтва гэтак званага «Вандэрвафэ» — патаемнай зброі, дзякуючы якой Гітлер хацеў перамагчы ўвесь сьвет. Існуе шмат іншых падобных гісторыяў. Найлепш самому прыехаць у замак і паслухаць іх у старадаўніх пакоях, дзе яны ўспрымаюцца інакш. Сёньняшнія ўладальнікі замку вельмі прыязна ставяцца да турыстаў і гатовыя апавесьці не адну такую гісторыю.
Замак знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, што ацанілі кінематаграфісты. У замку Чоха здымаліся такія фільмы, як Ведзьмін, Па-за Чэрвудзкім лесам, Два сусьветы Стывэна Спілбэрга й польскі сэрыял Таямніца крэпасьці шыфраў.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч