http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=148652

НАВУКА Й ТЭХНІКА

03.02.2011

Міграцыя з Афрыкі – па-іншаму

Першабытныя людзі эмігравалі з Афрыкі намнога раней, чым да гэтай пары меркавалася- лічаць археолягі ў навуковым тыднёвіку „Science”.

Паводле іх, пра гэта сьведчаць зробленыя амаль 100 тысячаў гадоў таму прылады працы, якія былі знойдзеныя на тэрыторыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Навукоўцы лічаць, што першыя сучасныя людзі зьявіліся ў Афрыцы больш за 100 тысяч, а можа нават каля 250 тысячаў гадоў таму. Пазьней, хутчэй за ўсё каля 60 тысячаў гадоў таму, яны пакінулі Афрыку й пасяліліся на тэрыторыі Блізкага Ўсходу, а яшчэ пазьней таксама ў іншых частках сьвету.

Тым часам знойдзеныя на тэрыторыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў прымітыўныя прылады працы першабытнага чалавека сьведчаць пра іншы ход гісторыі – лічыць Сайман Эрмітаж зь Лёнданскага ўнівэрсытэту.

„Выкарыстоўваючы сучасныя навуковыя тэхналёгіі з прымяненьнем сьвятла й аналізаў крупінак пяску, мы лічым, што прыладам 125 тысячаў гадоў”, - паясьніў навуковец. 

У згаданым часе падобныя прылады людзі выраблялі ва ўсходняй Афрыцы. На думку навукоўцаў, гэта азначае, што нашыя продкі эмігравалі з Афрыкі прыкладна на 100 гадоў раней, і непасрэдна на Арабскую паўвыспу.

Магчыма, што яны дабраліся туды праз сухапутны ў той час праліў паміж Джыбуці ў Афрыцы й Емэнам на Арабскай паўвыспе. Згаданую думку пацьвярджаюць аналізы клімату і ўзроўню мора.

Асьцярожна зь вітамінамі

Вітаміны ў празьмернай колькасьці могуць прычыніцца да пабочных наступстваў - папярэджвае доктар Яраслаў Ворань – фармаколяг з Collegium Medicum Ягелёнскага ўнівэрсытэту.

Найчасьцей здараецца перадазіроўка вітамінаў, якія раствараюцца ў тлушчы, напрыклад, вітаміны А, Д, Э і К. Іхны лішак прычыняецца да ўзьнікненьня рознага роду непажаданых сымптомаў, такіх як ацёкі, крывацёкі, ломкасьць касьцей, язвы й лысеньне.

Доктар Ворань падкрэсьлівае, што найчасьцей даходзіць да перадазіраваньня вітамінна-мінэральных комплексаў, асабліва вітаміну Д, у прыватнасьці, у выпадку жанчынаў падчас клімактэрычнага пэрыяду (мэнапаўзы).

Яраслаў Ворань: Калі мы хочам прадухіліць астэапароз, асабліва пасьля клімактэрычнага пэрыяду, рэкамэндуецца дазіраваньне кальцыю й вітаміну Д . Тым часам здараецца, што некаторыя пацыенткі адначасова ўжываюць некалькі комплексаў з тымі ж самымі вітамінамі й мінэраламі, рызыкуючы, што можа прывесьці да перадазіроўкі.

Здараюцца таксама выпадкі перадазіровак у дзяцей.

Яраслаў Ворань: Часам бацькі без кансультацыі зь лекарам прапануюць сваім дзецям мэга-вітаміннае лячэньне, што таксама стварае пагрозу перадазіровак. Такіх выпадкаў цэнтар па бясьпецы фармакатэрапіі ў Кракаве, у якім я працую, зарэгістраваў у мінулым годзе некалькі.

Доктар Яраслаў Ворань раіць не падвяргацца ўплывам рэклямы ды не купляць у падарунку вітамінна-мінэральных комплексаў, паколькі яны могуць ім пашкодзіць.

Яраслаў Ворань: Мы ніколі не павінны рабіць зь вітамінна-мінэральных комплексаў падарункаў, бо мы ня ведаем сапраўдных патрэбаў згаданай асобы. Гаворка ідзе пра тое, каб мы несьвядома не пашкодзілі другому чалавеку. 

Вітамінныя прэпараты павінны вызначацца індывідуальна для пацыента ў залежнасьці ад ягонай дыеты ды стылю жыцьця. Напрыклад, лекі, якія прымаюцца ў многіх хранічных хваробах, могуць уваходзіць у рэакцыю зь вітамінамі ці мінэраламі.

Жыцьцё паходзіць з космасу!?

Чарговыя дасьледаваньні пацьвярджаюць, што неабходныя для ўзьнікненьня жыцьця хімічныя субстанцыі апынуліся на Зямлі з космасу. 

Вынікі экспэрымэнту на гэтую тэму апублікавалі навукоўцы з Унівэрсытэту ў Ніцы.

Пра тое, што жыцьцё магло прыбыць на Зямлю з космасу, навукоўцы заяўляюць ужо некалькі дзясяткаў гадоў. Цяпер францускія адмыслоўцы дасьледавалі амінакіслоты – арганічныя субстанцыі, якія будуюць бялкі.

Сьпіраль амінакіслаты заркучаная: у космасе нармальна ўлева альбо ў права, а на Зямлі – толькі ўлева. На думку навукоўцаў, гэта так адбываецца, паколькі закручаныя ўлева амінакіслоты прыбылі на Зямлю разам з мэтэарытамі. Найноўшыя дасьледаваньні з выкарыстаньнем сьвятла паказалі, што ў некаторых умовах у ваколіцах зорак закручаных улева сьпіралей амінакіслот можа быць больш, чым закручаных управа. І таму іх больш у складзе мэтэарытаў.

Пакуль аднак навукоўцы ня ўмеюць паясьніць, якім чынам згаданыя субстанцыі выжылі падчас доўгага падарожжа з адлеглых зорак на Зямлю.

Вынікі дасьледаваньняў французаў публікуе часопіс „Astrophysical Journal Letters”.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org