http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=148867

Родная мова й нацыянальная тоеснасьць - 4

03.02.2011

Уацэнцы слухачоў БРПРБ дрэннаму становішчу беларускае мовы спрыяюць антынацыянальныя сілы ў Беларусі.

 „На жаль, усе захады, каб адрадзіць беларускую мову, не знаходзяць шырокай падтрымкі сярод насельніцтва – піша спадар Юрка зь Менска. – Расейскія нацыяналісты, якіх тут хапае (адстаўнікі, асаднікі, перасяленцы, чыноўніцтва), па сутасьці імкнуцца да зліцьця Беларусі з Расеяй. Найбольш скрайнія сярод іх сьцьвярджаюць, што беларуская мова гэта ўсяго толькі дыялект расейскай, а культура - рэгіянальная асаблівасьць. Другая катэгорыя – „янычары”, яскравым прадстаўніком якіх якраз зьяўлаецца прэзыдэнт, што заўзята адмаўляюць усё беларускае (нэафіты заўсёды больш фанатычныя, чым іх настаўнікі), або настолькі абыякавыя да беларушчыны, што патрапяць яе выкпіць, калі ёсьць аказія. ... Ёсьць і яшчэ адна падгрупа „мясцовых” – гэта інтэлігенцыя, пераважна тэхнічная, якая лічыць, што беларуская мова недасканалая  й нераспрацаваная, таму не надаецца да навукі ды сапраўднай літаратуры.”

Слухачы абвінавачваюць у антынацыянальнай палітыцы беларускія ўлады.

Спадар Віктар з Магілёўшчыны быццам бы нават зьдзіўляецца заіснаваўшай сытуацыі, хаця цьвёрда стаіць на грунце беларускіх рэаліяў. „Але ж атрымала Беларусь незалежнасць, быў прыняты закон аб мове. ... Што мы маем? Пэўна зрухі ёсьць, але ж у асноўным закон не выконваецца. Ды як ён будзе выконвацца, калі „вярхі” гэтага ня хочуць! Навошта ім гэтая мова, бо трэба неяк ёй вучыцца, а ў іх сёньня іншыя справы - больш сур’ёзныя - як гэта больш нахапаць сабе ў кішэню. Хто ж будзе несьці пакараньне за парушэньне Канстытуцыі й закона аб мове, калі сам прэзыдэнт яго парушае! Мне сорамна за свайго „земляка”. Ну, як можна быць прэзыдэнтам і не прымаць мовы дзяржавы, якой кіруеш!"

Прычынай гэткага падыходу да мовы як нацыянальнай каштоўнасьці  зьяўляецца стан нацыянальнае сьвядомасьці.

Яшчэ не прайшоў час самаакрэсьленьня сябе як асобнае нацыі пасьля развалу агульнарасейскае супольнасьці. Часта ў размовах людзі гавораць пра сябе - мы рускія. А калі запытаеш: - Ты расеец? - адпавядаюць: - Не, беларус. - А чаму гаворыш, мы рускія? - А, неяк так.” - піша спадар Вячаслаў з Гомеля.

Некаторыя слухачы шукаюць віноўніка ў сёньняшнім стане беларускае мовы сярод чужых дзяржаваў.

Фактычна - сьцьвярджае спадар Юрась зь Віцебска - існуе акупацыя беларускае тэрыторыі мовай іншае нацыі. Там, дзе ўзьнікае непаразуменьне на моўнай глебе, там праходзіць мяжа двух культурна-нацыянальных абшараў, ідзе вызвольна-нацыянальнае самасьцьвярджэньне беларускасьці. Тое, што беларуская патрыятычная думка й слова ня маюць пашырэньня на ўласныя ворганы Беларусі, сьведчыць аб яе фактычнай, але нябачнай падпарадкаванасьці іншай суседзкай дзяржаве. Зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню беларускага насельніцтва вынікае  з таго, што зьверхняя суседзкая дзяржава ня дбае аб залежнай правінцыі з-за ўласных нацыянальных праблемаў, альбо ставіцца да яе з пазыцыі эксплюатацыі на сваю карысьць. Рабы ды слугі ніколі не жылі добра, а вольны гаспадар заўсёды мае  каўбасу,  дабрабыт і сваю мову”.

Я мару аб часіне, калі ўсе людзі на Беларусі будуць думаць і размаўляць на роднай мове, ды па-беларуску бачыць сны. Мне 26 гадоў, але ці наўрад я дажыву да такога, бо гэта вельмі доўгі, складаны шлях, мабыць, на некалькі стагодзьдзяў” - піша спадарыня Марыя зь Віцебска.

Тым часам, як адзначае спадар Сяргей зь Нясьвіжа: „Кожная нацыя ня можа існаваць без сваёй нацыянальнай культуры, мовы, гісторыі. Інакш - гэта ня нацыя. І кожны народ павінен і можа размаўляць на роднай мове: палякі - на польскай, расейцы - на расейскай, а беларусы - на беларускай. Таму менавіта родная мова павінна быць адзінай дзяржаўнай у краіне. Навошта больш? Калі нехта захоча супрацоўнічаць зь беларусамі, той вывучыць беларускую мову, а мы вывучым мову яго народу. Гэта ж ня цяжка” - падсумоўвае спадар Сяргей.

Ніна Баршчэўская