http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=148929

Сёньня - Дзень бясьпечнага інтэрнэту

08.02.2011

Сёньня ў 70 краінах сьвету адзначаецца „Дзень бясьпечнага інтэрнэту”. Сёлета гэты дзень адзначаецца пад дэвізам „Інтэрнэт - гэта больш, чым забава. Гэта тваё жыцьцё”.

У сучасным сьвеце існуе меркаваньне, што калі чагосьці няма ў інтэрнэце, то гэта зусім не існуе. На сёньняшні дзень інтэрнэт стаў амаль што неад’емнай жыцьцёвай прыладай кожнага чалавека. Сеціва дапамагае чалавеку выконваць ягоныя прафэсійныя абавязкі й зьяўляецца інструмэнтам у некаторых формах адпачынку, напрыклад, у сеціве можна знайсьці патрэбную кнігу, спампаваць музыку ці кінастужку.

 Усе часьцей сецівам карыстаюцца дзеці, прычым мяжа ўзросту карыстальнікаў паніжаецца. Добра, калі дзеці пад даглядам дарослых гуляюць у нейкія забаўляльныя ці адукацыйныя гульні альбо глядзяць казкі. Горш, калі дзеткі застаюцца самі ў сеціве, дзе на іх сапраўды чакае шмат небясьпекі, а дарослыя пра гэта альбо ня ведаюць, альбо проста не зьвяртаюць на гэта ўвагі, маўляў, ніхто дзіцяці праз манітор крыўды ня зробіць. Насамрэч дзеці без дагляду дарослых могуць патрапіць на непажаданыя для іх вачэй сайты альбо нават на дзіцячых форах пазнаёміцца з аднагодкам, які ў рэалі можа аказацца небясьпечным вычварэнцам.

Маючы на ўвазе ўсё вышэй сказанае, па ініцыятыве Эўрапейскай камісіі ў 2004 годзе 8 лютага пачаў адзначацца „Дзень бясьпечнага інтэрнэту”.  Ініцыятары ў першую чаргу імкнуліся давесьці, што некантраляваны доступ дзяцей і моладзі да сеціва можа быць небясьпечным. Гэтую ідэю неабходна было давесьці да сьвядомасьці дарослых асобаў, якія не заўсёды цікавяцца, чым займаюцца дзеці, калі ціха сядзяць каля кампутара. Ды й дзецям трэба было на прыкладах патлумачыць, што прыгоды ў віртуальным сьвеце не заўсёды бываюць бясьпечнымі й што віртуальнае жыцьцё не заўсёды знаходзіць адлюстраваньне ў сапраўднай  рэчаіснасьці.

У Польшчы гэты дзень пачалі адзначаць з 2005 году. У гэтую ініцыятыву заангажаваліся Навуковая й акадэмічная кампутарная сетка NASK, а таксама фундацыя „Нічыйныя дзеці”, стварыўшы супольны польскі цэнтар праграмы  „Safer Internet”.

Лукаш Вайтасік з фундацыі „Нічыйныя дзеці” зазначае, што бясьпека ў сеціве - гэта ня толькі справа бацькоў ці апекуноў. Гэта супольная справа шматлікіх арганізацыяў і ўстановаў, якія могуць і павінны ўдзельнічаць у папулярызацыі бясьпэчнага карыстаньня інтэрнэтам.

Лукаш Вайтасік: Мы, як арганізатары, заахвочваем школы, арганізацыі, мясцовыя ўстановы ня толькі сёньня, але цягам ўсяго лютага праводзіць разнародныя мерапрыемствы й імпрэзы з мэтаю папулярызацыі бясьпечнага карыстаньня інтэрнэтам. Гэтыя дзеяньні скіраваныя да дазяцей, бацькоў, а таксама адмыслоўцаў.

Сама па сабе ініцыятыва даволі патрэбная, паколькі праблема небясьпекі дзяцей у сеціве носіць глябальны храктар. Да яе паступова пачалі далучацца краіны звонку Эўразьвязу, а нават Эўрапейскага кантынэнту.

 Хаця ў Беларусі гэты дзень не адзначаецца, то праблемы дзяцей і моладзі ў сеціве таксама існуюць, кажа Крысьціна Вітушка, сустваральніца сайту „Нашыя дзеткі”.

Крысьціна Вітушка: Сеціва глябальнае, і глябальныя праблемы не маглі не закрануць Беларусь таксама. Майму дзіцяці неўзабаве будзе 7 гадоў і ён пакуль што гуляецца ў нейкія гульні з дыскаў. А тым ня менш у школе яны актыўна абмяркоўваюць магчымасьці сеціва, што можна знайсьці нейкія абнаўленьні гульняў і нейкія дадатковыя магчымасьці ў сеціве. Ужо было некалькі спробаў знайсьці праз пошукавік Google, у вакенцы ён набіраў словы, якія шукаў, і на слова „гульня” выскоквалі зусім не дзіцячыя абразкі. Тады мы зразумелі, што трэба ставіць дадатковыя фільтры й неяк абмяжоўваць доступ з аднаго боку. Зь іншага боку, якім чынам абараніць і патлумачыць, як сябе паводзіць у выпадку, калі нешта нечаканае дзіця напаткае. Паколькі не заўсёды бацькі знаходзяцца побач, не заўсёды дзеці карыстаюцца кампутарам дома. Сапраўды, трэба, каб мы былі гатовыя да розных нечаканасьцяў у сеціве, ведалі, як сябе паводзіць і куды зьвяртацца. Правілы ўнівэрсальныя: незнаёмы чалавек, незнаёмая зьява можа азначаць небясьпеку як у жыцьці, так і ў кампутары, і дзеці мусяць пра гэта ведаць.

Праблематыкай небясьпекі дзяцей у сеціве ўжо пачалі займацца беларускія псыхолягі й сацыёлягі.

Крысьціна Вітушка: У друку зьяўляюцца публікацыі, паступова яны набіраюць усё большую актуальносьць. Раней мне на вочы траплялі пераважна дасьледаваньні, якія датычыліся дарослых людзей альбо залежнасьці тынэйджараў ад інтэрнэту, а гэта і небясьпека, і магчымасьці давядзеньня да самагубства ці выкарыстаньня ў дачыненьні да сябе нейкіх парадаў. Што тычыцца небясьпекі малодшых школьнікаў, не магу сказаць, што дыскусія на гэтую тэму вельмі актыўная, але актуальнасьць і гэтай праблемы будзе нарастаць, таму трэба спадзявацца і дасьледаваньняў, і дыскусіі на гэтую тэму таксама.

З  дадзеных дасьледаваньня ЭК вынікае, што палова эўрапейскіх падлеткаў ва ўзросьце ад 11 да 16 гадоў прызнаецца, што яны лепш сябе адчуваюць у віртуальным сьвеце, чым у рэальным жыцьці. А гэта ўжо сыгнал для дарослых і новы напрамак працы для іх, каб навучыць моладзь адрозьніваць віртуальную мрою ад нармальных падзеяў.

Вядома, што адзін дзень у годзе ня вырашыць усіх праблемаў і пытаньняў. Над гэтым трэба працаваць увесь год.

Караліна Русіновіч