http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=149474

Вышаградзкая група салідарызуецца з тымі,хто „верыць у Эўропу й сядзіць у турмe”

16.02.2011

Пашырэньне Эўразьвязу, праграма „Ўсходняга партнэрства” – гэтыя й іншыя пытаньні абмяркоўваліся падчас юбілейнай сустрэчы прэм’ер-міністраў краін Вышаградзкай групы, якая адбылася ўчора ў сталіцы Славаччыны - Братыславе. Сустрэча была прымеркаваная да 20-годзьдзя стварэньня гэтай структуры.

З нагоды юбілею прэм’ер-міністры Польшчы, Славаччыны, Чэхіі й Вугоршчыны - краінаў, якія ўваходзяць у склад Вышаградзкай групы, падпісалі адмысловую дэклярацыю, у якой забавязаліся працягваць супольную працу ў рамках Эўразьвязу, а таксама супрацу ў галіне энэргетычнай бясьпекі.

Неабходна зазначыць, што дзьве краіны Вышаградзкай групы сёлета адказваюць за працы Эўразьвязу: у бягучым паўгодзьдзі гэтую ролю выконвае Вугоршчына, а 1 ліпеня гэтыя абавязкі пяройме Польшча.

Польскі міністар па эўрапейскіх пытаньнях Мікалай Даўгялевіч зазначыў, што для гэтых краінаў пытаньне „Ўсходняга партнэрства” мае вялікае значэньне, а для Польшчы будзе насіць прыярытэтны характар падчас ейнага старшынства ў ЭЗ.

Мікалай Даўгялевіч: Цягам трох апошніх гадоў Вышаградзкая група дзейнічае даволі пасьпяхова й зьяўляецца своеасаблівай пляцоўкай для супрацы ў рамках ЭЗ па такіх пытаньніх, як энэргетыка, бюджэт, супольная аграрная палітыка ці кліматычныя пытаньні. Гэтая група ў значнай меры аказвала ўплыў на дыскусіі ў рамках Эўрапейскай рады й была своеасаблівым ядром выпрацоўваньня супольнай пазыцыі новадалучаных краінаў, якія маюць падобныя эканамічныя ці гаспадарчыя  інтарэсы ў ЭЗ. Яшчэ дадам, што гэтыя краіны вельмі зацікаўленыя „Ўсходнім партнэрствам”. Цяпер у ЭЗ старшынствуе Вугоршчына, неўзабаве яго пяройме Польшча, і гэты момант зьяўляецца своеасаблівым шанцам на тое, каб Украіна й іншыя краіны-ўдзельніцы „УП” пачулі, што ЭЗ сапраўды імі цікавіцца.

У сустрэчы, акрамя прадстаўнікоў краін Вышаградзкай групы, прымалі ўдзел кіраўнікі ўрадаў Аўстрыі, Нямеччыны й Украіны.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, адносячыся да прыстутнасьці ўкраінскага госьця, падкрэсьліў, што адным з важных заданьняў для ўрадаў Вугоршчыны й Польшчы зьяўляецца далейшае пашырэньне Эўразьвязу.

Дональд Туск: У першую чаргу гаворка ідзе пра балканскія краіны. Я спадзяюся добрага фіналу ў выпадку Харватыі, таксама лічу, што ўдасца паставіць чарговы моцны крок на супольным шляху з Украінай.

Польскі прэм’ер радыкальна выказаўся ў абарону беларускіх палітзьняволеных, рэпрэсаваных рэжымам за іх дэмакратычныя погляды. Дональд Туск зазначыў, што краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы павінны адыграць у гэтай справе важную ролю.

Дональд Туск: Гэта праяўленьне салідарнасьці з тымі, хто верыць у Эўропу, а сёньня сядзяць у турмах, а гэта і апазыцыянэры, і прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Вугоршчыны, Славаччыны, Чэхіі, а таксама  Аўстрыі й Нямеччыны падчас сутрэчы ў Братыславе выказалі занепакоенасьць падзеямі пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня.

У адозве да беларускіх уладаў удзельнікі сустрэчы заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, зьняўшы зь іх усе абвінавачваньні, таксама спыніць перасьлед незалежных СМІ й стварыць умовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў.

Падпісаць супольную заяву адмовіўся прысутны на сустрэчы ўкраінскі прэм’ер Мікола Азараў. Паводле яго, прычынай адмовы сталі працэдурныя пытаньні і, у прыватнасьці, тое, што тэкст супольнай заявы Ўкраіна атрымала толькі некалькі гадзінаў раней.

Як ужо гаварылася, сустрэча ў Братыславе адбылася з народы 20-х угодкаў стварэньня Вышаградзкай групы. 15 лютага 1991 году прэзыдэнты трох краінаў былога камуністычнага блёку: Польшчы, Вугоршчыны й Чэхаславакіі - Лех Валэнса, Ёзэф Антал і Вацлаў Гавел падпісалі ў вугорскім Вышаградзе сумесную дэклярацыю аб імкненьні да інтэграцыі з Эўразьвязам. 1 траўня 2004 году ўжо чатыры эўрапейскія краіны – Польшча, Вугоршчына, Чэхія й Славаччына – былі прынятыя ў склад эўрапейскай супольнасьці.

Караліна Русіновіч