http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=149507

НАВУКА Й ТЭХНІКА

17.02.2011

X-Pire - здымкі з тэрмінам сапраўднасьці

Нямецкія спэцыялісты апрацавалі праграму, якая дазваляе асобе, што зьмяшчае здымкі ў інтэрнэце, вызначыць тэрмін існаваньня фатаграфіі ў сеціве.

Дзякуючы гэтаму інтэрнэт-карыстальнікі ня будуць ужо прымушаныя клапаціцца пра кампраметуючыя здымкі, якія, раз неразважліва кінутыя ў сеціва, застаюцца ў ім назаўсёды.

Праграма X-Pire далучае да здымкаў зашыфраваны ключ з датай спыненьня сапраўднасьці. Пасьля згаданага тэрміну ня можна ўжо ні паглядзець, ні скапіяваць фатаграфіі. За карыстаньне праграмай ейным стваральнікам трэба будзе заплаціць невялікі абанэмэнт.

Прафэсар Майкл Бэйкс (Michael Backes) з Факультэту крыпталёгіі й інфармацыйнай бясьпекі  ва Ўнівэрсытэце Заарлянд пачаў працу над праграмай X-Pire больш чым год таму.

Навуковец заўважыў, што найбольш пра сябе паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сайтаў ды хутка пра гэта забываюць. „Толькі невялікая колькасьць карыстальнікаў штодня актыўная на сайце. Большасьць - гэта пасыўныя карыстальнікі, якія карыстаюцца парталам зрэдку альбо ўвогле пра яго забываюць”, - расказвае прафэсар Бэйкс.

X-Pire стварае зашфраваныя копіі здымкаў ды просіць асобу, якая хоча іх апублікаваць у інтэрнэце, вызначыць тэрмін іх зьнішчэньня. Прафэсар Бэйкс пасьпяхова тэставаў сваю праграму на парталах Facebook, Flicker ды іншых папулярных сайтах.

Месячны абанэмэнт за выкарыстаньне праграмы складае 2 эўра. 

Сьнеданьне за рулём? ...неўзабаве стане магчымым

Швэды хочуць зьменшыць колькасьць ДТЗ, выкарыстоўваючы дзеля гэтага сучасныя тэхналёгіі.

Надоечы ў згаданай краіне прайшлі тэсты новага, бясьпечнага спосабу руху аўтамабіляў – аўтамабілі былі спалучаныя ў адмысловы канвой.

У гэткай калёне першы рухаецца грузавы аўтамабіль, а далей -  легкавыя аўтамабілі, падключаныя да электроннай сыстэмы, якая кантралюе хуткасьць і адлегласьць паміж аўтамі.

Пярэднім аўтамабілем кіруе чалавек. Сыстэма назірае за хуткасьцю грузавіка, тэмпам язды альбо манэўрамі ды перадае згаданую інфармацыю да астатніх аўтамабіляў. Адначасова сэнсары кантралююць адлегласьць між паасобнымі машынамі”, - гаворыць адзін са стваральнікаў сыстэмы Эрык Коін (Erik Coelingh).

Калі кіроўца трапіць у такую калёну, можа перадаць кантроль над сваім аўтамабілем грузавіку наперадзе й рухацца з хуткасьцю 90 кілямэтраў за гадзіну, адначасова чытаючы газэту ці спажываючы сьнеданьне.

Паводле стваральнікаў, згаданая сыстэма ня толькі бясьпечная, але таксама ашчаджае паліва й зьмяншае заторы на дарогах. Першыя такога роду канвоі зьявяцца ў Эўропе праз 10 гадоў.

Эўрапейскіх мужчынаў забіваюць цыгарэты й алькаголь

Навукоўцы ўжо здагадаліся, чаму мужчыны ў Эўропе паміраюць раней ад жанчын. Галоўная прычына – цыгарэты.

Да гэтай пары адмыслоўцы пераконвалі, што ў карацейшым жыцьці мужчын вінаватыя гены. Дасьледаваньні Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) паказваюць, што гэта няпраўда, а найбольшай праблемай зьяўляецца курэньне цыгарэтаў.

Розьніцы ў працягласьці жыцьця розныя ў паасобных краінах Эўропы. Найбольшая назіраецца ва Ўкраіне, дзе мужчыны жывуцць на 12 гадоў карацей ад жанчын.  Найменшая розьніца зафіксаваная ў Ісьляндыі – гэта каля 3 гадоў.

У Польшчы згаданая розьніца складае 6 гадоў. Апрача цыгарэтаў, лічаць навукоўцы, чарговай найважнейшай прычынай сьмяротных зыходаў мужчынаў зьяўляецца празьмернае спажываньне алькаголю.

Падрабязнасьці навуковай працы апублікавала Брытанская мэдычная газэта (British Medical Journal).

Google: новы гэнэральны дырэктар

Інтарнэтны гігант Google будзе мець новага кіраўніка. 4 красавіка стане ім адзін з заснавальнікаў канцэрну Лары Пэйдж (Larry Page).

Пасьля дзесяці гадоў кіраваньня фірмай цяперашні генэральны дырэктар Google Эрык Шмідт (Eric Schmidt) пераходзіць у назіральмую раду кампаніі, дзе яго чакаюць новыя абавязкі – кантракты з кліентамі.

37-гадовы Лары Пэйдж на пасадзе гендырэктара будзе засяроджвацца на новых прадуктах і тэхналёгіях. Апошнім часам фірма Google пашырыла сваю прапанову па-за пашукавік і рэклямы. Кнацэрн купіў відэа-сэрвіс You Tube ды выпусьціў уласны мабільны тэлефон Nexus S.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org