http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=149811

Кадафі-малодшы: Бацька будзе бараніцца да апошняга патрона

21.02.2011

Сутыкненьні паміж дэманстрантамі й паліцыяй у Лібіі набіраюць моц. Натоўп падпаліў сядзібу ўраду, лякальных Народных камітэтаў і пастарунак паліцыі. Зьнішчаны будынак радыё й тэлевізіі. Сілы бясьпекі страляюць у дэманстрантаў з агнястрэльнай зброі. Сын дыктатара, і яго магчымы пераемнік, Саіф абяцае бараніцца да апошняй кулі.

Антыўрадавыя пратэсты ў Лібіі пачаліся ў чацьвер. Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, за чатыры дні ў пратэстах загінулі 233 асобы. У горадзе Бэнгазі, дзе пачаліся сутыкненьні, толькі за адзін дзень былі забітыя 60 чалавек.

Лібійская апазыцыя дамагаецца сыходу дыктатара Муамара Кадафі, які кіруе краінай 42 гады. Пратэсты ў Лібіі – гэта найбуйнейшы канфлікт у краіне за ўсе гады кіраваньня палкоўніка Кадафі. Найбольш жорсткія сутыкненьні адбыліся ў горадзе Бэнгазі, гэта найменш прыхільны Кадафі горад у краіне. Але пратэсты пашыраюцца й на іншыя гарады на ўсходзе Лібіі, а паводле непацьвердажанай інфармацыі - і на захад краіны.

Уначы пратэсты ахапілі й сталіцу краіны – Трыпалі. Пра сытуцыю ў горадзе Польскаму радыё распавёў па тэлефоне амэрыканскі грамадзянін, які цяпер знаходзіцца ў Лібіі.

Мужчына: Тое, што цяпер чуваць – гэта яшчэ нічога. У людзей страляюць і з артылерыйскай зброі. Тут шмат людзей, якія крычаць. Я зараз іх чую. Гэтыя людзі супраць рэжыму, гэта дэманстранты. Я чую толькі стрэлы, артылерыю, гэта нагадвае гук аўтаматаў. Гэта ўсё толькі разрастаецца.

Тэлеканал Аль-Джазіра паказаў сьведчаньне жанчыны, якая на ўласныя вочы бачыла, як снайпэры стралялі ў дэманстрантаў на вуліцах Трыпалі.

Жанчына: Тут паўсюль ляжаць целы. Гэтага нельга апісаць альбо з чымсьці параўнаць. Страляюць па ўсіх, а на дахах будынкаў сядзяць снайпэры.

Сын лібійскага дыктатара Саіф Кадафі заявіў, што ўлады распачнуць перамовы з апазыцыяй наконт рэформаў у краіне. Паводле Кадафі, першае спатканьне павінна адбыцца сёньня.

Тэлеканал Аль-Арабія паведаміў сёньня, што Кадафі-старэйшы ўцёк зь Лібіі ў Вэнэсуэлу. Але ў тэлевыступе ягоны сын абвергнуў гэтую інфармацыю. Саіф Кадафі заявіў, што ягоны бацька працягвае заставацца кіраўніком краіны. Ён таксама дадаў, што лібійскае войска дастаткова моцнае, каб абараніцца ад кожнай спробы перавароту. “Мы будзем змагацца за Лібію да апошняга чалавека й апошняга патрона”, – сказаў Кадафі-малодшы.

Адказнасьць за сьмерць удзельнікаў акцыяў пратэсту ён усклаў на прафсаюзы й ісьлямскіх фундамэнталістаў. Кадафі сказаў, што існуе змова, паводле якой Лібію хочуць падзяліць на невялікія канфэсійныя дзяржавы. Замежныя СМІ ён абвінаваціў у аднабаковай перадачы інфармацыі пра падзеі ў яго краіне.

С. Кадафі: Зьвесткі пра ахвяр апошніх вулічных сутыкненьняў моцна перабольшаныя. Лібія прынцыпова адрозьніваецца ад Эгіпту. Яе грамадзтва складваецца з клянаў і сем’яў. У нас няма партый і арганізацый. Кожны вельмі добра ведае пра свае абавязкі.

Саіф Кадафі сьцьвярджае, што ў бойках паміж паліцыяй і дэманстрантамі ў Трыпалі загінулі 14 чалавек, а ў галоўным апазыцыйным горадзе Бэнгазі – 84 асобы.

Сутыкненьні паміж праціўнікамі й прыхільнікамі палкоўніка Муамара Кадафі, які кіруе Лібіяй ад 1969 году, працягваюцца ў некалькіх гарадах краіны з мінулага тыдня. Паводле праваабарончых арганізацый, ад пачатку пратэстаў у краіне загінулі 250 чалавек, а больш за тысячу былі параненыя.

дг