Урады краін Эўразьвязу пагадзіліся падрыхтаваць пералік магчымых санкцыяў у дачыненні Лібіі ў сувязі з жорсткім падаўленьнем рэжымам Муамара Кадафі антыўрадавых выступаў у гэтай краіне, паведамляе ў сераду агенцтва Рэйтэр са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў.
«Была адобрана ўзгодненая заява аб прыняцьці далейшых мер. На дыпляматычнай мове гэта азначае санкцыі ", - сказаў адзін з дыпляматаў пасьля сустрэчы ў Брусэлі, прысьвечанай абмеркаваньню сытуацыі ў Лібіі.
Зараз экспэрты павінны падрыхтаваць сьпіс абмежавальных мер. Паводле дадзеных крыніц у Брусэлі, ён можа ўключаць у сябе забарону на выдачу віз чальцам лівійскага кіраўніцтва, замарожаньне актываў, увядзеньне эмбарга на пастаўкі зброі.
Раней прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі запатрабаваў ад ЭЗ неадкладнага ўвядзеньня санкцый супраць вінаватых рэпрэсій у Лібіі. Ён таксама заявіў, што мае намер перапыніць эканамічныя й фінансавыя кантакты з Трыпалі аж да ўстанаўленьня парадку ў краіне.
Акцыі пратэсту ў лібійскіх правінцыях з патрабаваньнем сыходу Муамара Кадафі, які кіруе ў краіне ўжо 42 гады, працягваюцца з 15 лютага. Улады жорстка душаць дэманстрацыі. Паводле дадзеных міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека, ахвярамі беспарадкаў сталі 640 чалавек. Раней паведамлялася таксама аб 4 тысячах параненых.
18 лютага эўракамісар па эканамічных і манэтарных пытаньнях Олі Рэн падпісаў Мэмарандум аб узаемаразуменьні з Армэніяй.
Згодна з дакумэнтам, ЭЗ прадаставіць краіне макрафінансавую дапамогу ў аб'ёме 100 мільёнаў эўра - 65.000.000 крэдытных сродкаў і 35.000.000 бязвыплатнай дапамогі. Пакет накіраваны на падтрымку рэформаў, якія Армэнія ўзгадніла зь Міжнародным валютным фондам.
Нагадаем, што ў 2009 годзе ў выніку крызысу армянская эканоміка ўпала на 14,2%.
Усе новыя пасажырскія аўтамабілі й мінівэны ў ЭЗ павінны быць абсталяваныя фарамі дзённага сьвятла. Такое правіла ўступіла нядаўна на тэрыторыі ўсёй аб'яднанай Эўропы.
Фары дзённага сьвятла - гэта спэцыяльныя лямпы, якія ўключаюцца пры запуску рухавіка. Зрэшты, і цяпер уключаныя днём фары зьяўляюцца абавязковымі ў многіх краінах ЭЗ, але часьцей за ўсё кіроўцы карыстаюцца блізкім сьвятлом. Абавязковыя цяпер лямпы дзённага сьвятла значна лепш абазначаюць транспартны сродак. Яны пазбаўленыя оптыкі, якая дае мэтанакіраваны прамень, а таму ні пры якіх умовах ня могуць асьляпіць іншых удзельнікаў руху. Акрамя таго, такія лямпы значна больш ашчадныя, чым крыніцы блізкага сьвятла. Акрамя істотнай разгрузкі акумулятара яны эканомяць прыкладна 0,1-0,2 літра паліва на 100 км.
У 2009 годзе на дарогах ЭЗ загінулі больш за 35 тыс. чалавек, 40 тысяч атрымалі сур'ёзныя калецтвы. Згодна зь нядаўнім дасьледаваньнем эфэктыўнасьці фар дзённага сьвятла, аўтамабілі зь імі нашмат больш прыкметныя, чым машыны з уключаным традыцыйным блізкім сьвятлом.
У жніўні 2012 года патрабаваньні дырэктывы стануць абавязковымі для вытворцаў грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Эўрастат апублікаваў інфармацыю пра пасажырскую плынь 136 самых вялікіх аэрапортаў ЭЗ за 2009 год. Лідарам зьяўляецца лёнданскі «Хітроў» - за год празь яго прайшлі амаль 66 млн. пасажыраў.
Статыстыка сьведчыць, што першае месца ў рэйтынгу яму забясьпечваюць рэйсы за межы Эўразьвязу й з трэціх краін. Агульнавядома, што «Хітроў» зьяўляецца самым папулярным эўрапейскім аэрапортам для трансатлянтычных пасаажырскіх пералётаў. Яго бліжэйшыя канкурэнты - парыскі «Шарль дэ Голь» і аэрапорт Франкфурта-на-Майне - істотна адстаюць.
Апошняе месца займае аэрапорт Вільні - у 2009 годзе празь яго прайшло 1 млн. 306 тыс. пасажыраў.
Эўрапейская Камісія традыцыйна дае вялікую колькасьць стыпэндый выпускнікам ВНУ з суседніх з ЭЗ краін для навучаньня ў Каледжы Эўропы. Гэта тычыцца й Беларусі. Стыпэндыі пакрываюць плату за навучаньне, пражываньне, харчаваньне й транспартныя выдаткі.
Да 15 сакавіка прымаюцца заяўкі на атрыманне стыпэндый на 2011/2012 акадэмічны год для навучаньня ў філіялах каледжа ў Бруге й Варшаве. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце www.coleurope.eu ў раздзелах «Post2 graduate Programmes» і «Admission».
Стыпэндыі прадастаўляюцца на вывучэньне міжнародных адносін і
дыпляматыі, эўрапейскага права, эўрапейскай палітыкі й адміністраваньня. Выкладаюць у каледжы акадэмікі й практыкі з усёй Эўропы, адукацыя складаецца з лекцый і сэмінараў.
Бэльгія стала чэмпіёнам сьвету па працягласьці палітычнага крызісу, абагнаўшы Ірак. Краіна жыве без ўрада ўжо 249 дзён. Па ініцыятыве бэльгійскіх студэнтаў гэта падзея адзначаецца ў найбуйнейшых гарадах. Самі студэнты назвалі свае выступы "бульбяной рэвалюцыяй", абраўшы сваім сымбалем бульбу-фры - страву, вынайдзеную ў Бэльгіі.
Студэнцкія выступленьні праходзяць весела й неагрэсіўна. Для выражэньня адмоўных эмоцый усталяваныя спэцыяльныя стэнды, дзе можна запусціць чаравікам ў фатаграфію непажаданага палітыка.
Прычынай працяглага палітычнага крызісу ў краіне сталі вострыя супярэчнасьці паміж франкамоўнай Валёніяй і нідэрляндзкамоўнай Фляндрыяй. Перамоўны працэс аб стварэньні кааліцыі цягнецца з 13 чэрвеня мінулага года, калі ў краіне адбыліся пазачарговыя парлямэнцкія выбары.
дг