У Лібіі працягваюцца сутыкненьні паміж урадавымі сіламі й апанэнтамі Муамара Кадафі. Эўрапейскі Зьвяз вельмі занепаконены разьвіцьцём сытуацыі ў гэтай краіне. Эўропа баіцца новай хвалі эмігрантаў і вучыцца каардынаваць дзеяньні па выратаваньні сваіх грамадзянаў.
Палкоўнік Муамар Кадафі кіруе Лібіяй больш за 40 гадоў. 16-га лютага на ўсходзе краіны пачаліся масавыя выступленьні людзей супраць рэжыму Кадафі. Улады адразу пайшлі на гвалтоўны разгон пратэстаў. Аднак гэта выклікала абурэньне ў людзей. На сёньняшні дзень пратэстуючыя кантралюць усход краіны. Частка вайсковых структураў ды дзяржаўнага апарату перайшла на бок маніфэстантаў. Сталіца краіны Трыпалі пакуль знаходзіцца ў руках прыхільнікаў Кадафі. Лібійскія ўлады заклікалі дэманстрантаў скласьці зброю.
Міжнародная арганізацыі правоў чалавека інфармуе, што з пачатку прэтэстаў у Лібіі загінулі 640 асобаў, больш за 2000 чалавек параненыя. Генэральны сакратар ААН Пан Кі Мун назваў падзеі ў Лібіі надзвычайнымі й заклікаў міжнародную супольнасьць да сумесных дзеяньняў.
Пан Кі Мун: На сёньняшні дзень склалася непрадказальная сытуацыя, якая можа зьмяняцца па-рознаму, у тым ліку пайсьці ў небясьпечным кірунку. У гэты крытычны момант вельмі важна, каб міжнародная супольнасьць прадэманстравала адзінства й сумесныя дзеяньні ў напрамку мірнай трансфармацыі.
Заўтра па ініцыятыве Вугоршчыны, краіны-старшыні Эўрапейскага Зьвязу, адбудзецца спэцыяльнае паседжаньне Камітэту па правах чалавека ААН, якое будзе прысьвечана сытуацыі ў Лібіі. Гэтаксама Вугоршчына пачала каардынацыю працаў па эвакуацыі грамадзянаў краінаў ЭЗ з ахопленай хваляваньнямі Лібіі. Гэтая сытуацыя стала першым тэстам для адмысловага мэханізму грамадзянскай абароны ЭЗ. Больш падрабязна распавядае карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі Бэата Пламэцка.
Бэата Пламэцка: Размова ідзе пра эўрапейцаў у Бэнгазі, бо тутэйшы аэрадром зачынены й эвакуацыя вядзецца па моры. Цэнтар маніторынгу ў Брусэлі спрабуе вызначыць магчымыя шляхі эвакуацыі. Экспэрты ЭЗ разаслалі паведамленьне ва ўсе краіны супольнасьці. Урады гэтых краінаў павінны падзяліцца інфармцыяй, як і калі яны будуць забіраць сваіх грамадзянаў, ці могуць эвакуяваць грамадзянаў іншых краінаў альбо прадаставіць свае транспартныя рэсурсы. Брусэль пры гэтым выконвае каардынацыйную ролю й спрыяе інфармацыйнаму абмену, бо ня мае іншых паўнамоцтваў у гэтай справе. Кошты пакрываюць чальцоўскія краіны, якія могуць зьвярнуцца па фінансавую дапамогу да Эўракамісіі.
Эўрапейскі Зьвяз ужо рыхтуе сьпіс магчымых санкцыяў супраць рэжыму ў Лібіі за крывавы разгон антыўрадавых маніфэстацыяў. Сёньня стала вядома, што ЭЗ спыніў перамовы зь Лібіяй па падпісаньні партнэрскай дамовы.
Разам з тым эўрапейскія палітыкі вельмі непакояцца, што апошнія падзеі ў гэтай краіне прывядуць да масавай міграцыі лібійцаў у Эўропу. Гэтую тэму абмяркоўвалі ў Рыме міністры ўнутраных справаў Італіі ды Францыі. З Парыжа перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Сяменьскі.
Томаш Сяменьскі: Француская газэта „Le Figaro”піша, што Італія будзе на першай лініі масавага наплыву імігрантаў з арабскіх краінаў, ахопленых хваляваньнямі. Францускі міністар унутраных справаў, будучы ў Рыме, прадставіў цьвёрдую пазыцыю па пытаньні эміграцыі. Міністар заявіў, што Эўропа мае свае межы, якія трэба шанаваць. „Le Figaro” піша таксама пра катастрафічную лічбу эмігрантаў, наплыву якіх баіцца Эўропа ды Італія. Газэта кажа нават пра 200-300 тысяч эмігрантаў. Гэтую пагрозу сьвядома выкарыстоўваюць лібійскія ўлады ў кантактах з Эўропай. Адзін з сыноў Кадафі пагражаў Эўропе тым, што хваля лібійскіх эмігрантаў залье ЭЗ, калі эўрапейцы надалей будуць падтрымліваць рэвалюцыю ў Лібіі.
У сваю чаргу экспэрты-арабісты кажуць, што грамадзкія хваляваньні ў краінах Паўночнай Афрыкі сьведчаць пра тое, што тут ідзе працэс фармаваньня сучасных грамадзтваў. Гаворыць прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Мілеўскі.
Ян Мілеўскі: Па-першае, у гэтых краінах ідзе стварэньне сучасных дзяржаўных інстытутаў, дзякуючы якім адбудзецца дэмакратызацыя сыстэмы. Па-другое, ідзе стварэньне эканамічных інстытутаў, якія будуць спрыяць разьвіцьцю рынкавай эканомікі. Мы цяпер назіраем пачатак вельмі доўгага й складанага працэсу фармаваньня новай рэчаіснасьці.
Пакуль жа сытуацыя ў Лібіі вельмі нестабільная. Зьявіліся паведамленьні, што Кадафі дзеля захаваньня сваёй улады гатовы ўцягнуць краіну ў хаос грамадзянскай вайны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч