http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=150076

За актывістамі апазыцыі пагоня як у кіно

24.02.2011

За межы Беларусі пасьля падзей 19-га сьнежня зьехалі дзясяткі актывістаў апазыцыі. Аб палітычных уцёках, пагонях і грашах апазыцыі з даверанымі асобамі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты ў віленскім Доме правоў чалавека размаўляла карэспандэнтка Беларускай службы ПР.

Віктар Гарбачоў быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева, лідар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. 20 сьнежня ў тры гадзіны ночы да яго дадому прыйшлі прадстаўнікі праваахоўных ворганаў. Днём пайшлі да непаўнагадовага сына ў школу, паспрабавалі яго “выклікаць на шчырую размову”. Віктар гаворыць, што настаўнікі сумленна не дазволілі забраць сына са школы, сказалі, калі вам трэба бацька, то шукайце яго й зь ім размаўляйце.

Віктар Гарбачоў: Прадстаўнікі спэцслужбаў ішлі літаральна па маіх сьлядах. Я жыў у адным месцы, потым мяняў месца знаходжаньня, і празь дзень туды прыходзілі спэцслужбісты. Калі я зразумеў, што такая сытуацыя, то пасьля Новага году зьехаў з краіны, далучыўшыся да сваіх сяброў па шчасьцю. Па шчасьцю – бо гэта нераўнадушныя людзі, гатовыя працаваць на справе, а не на словах. Цяпер не стаіць пытаньне аб тым, каб прасіць палітычны прытулак. Найперш актуальнае вызваленьне палітвязьняў. Мы расказваем, што насамрэч адбылося 19-га сьнежня й пазьней, падтрымліваем адносіны з актывістамі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Андрэй Бабіцкі – давераная асоба Андрэя Саньнікава: Мы тут і знаходзімся, каб палітвязьняў хутчэй вызвалілі. Плянуем нейкую дзейнасьць, не проста сядзім. Нешта ў нас атрымліваецца, нешта не зусім. Паспрабуем стварыць тут палітычную пляцоўку,  інфармацыйную, якая будзе прадстаўляць дэмакратычныя сілы Беларусі, даводзіць пазыцыю да Брусэля, партнэраў у Эўразьвязе. Каб інфармацыя да іх не даходзіла ў скажоным выглядзе.

Віктар Гарбачоў: Усе нашы сустрэчы з эўрапейскімі палітыкамі паказалі, што людзі зацікаўленыя ў тым, каб валодаць інфармацыяй. Яны разумеюць, што цяперашняя ўлада Беларусі для эўрапейскай супольнасьці – пагроза. Параўноўваюць сытуацыю з тым, як у 1933 годзе Гітлер пачынаў маршыраваць па Эўропе, а яму апладзіравала й сур’ёзна не ўспрымалі. Чым гэта скончылася, мы ведаем.

Алег Мяцеліца быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева, намесьнікам рэспубліканскага перадвыбарчага штабу. Гаворыць, што прыйсьці на акцыю пратэсту было яго своеасаблівай марай.

Алег Мяцеліца: Пачынаючы з 2001 году мяне перад кожнымі выбарамі садзілі на “суткі”. Цяпер былі прынятыя ўсе меры бясьпекі, каб не прапусьціць гэтыя падзеі. 17-га сьнежня ўвечары можна сказаць цудам зь Юрыем Алейнікам змаглі адарвацца ад перасьледу. За намі на трох машынах ганяліся хвілін 40 у раёне Акадэміі навук. Мая дачка тады была побач, дык яна сказала, што толькі ў кіно такое бачыла. Цудам адарваўшыся, выключылі тэлефоны, усё, што было, “загасілі”.

Алег Мяцеліца быў у ліку людзей, якія вечарам 19-га сьнежня ішлі ад штабу Някляева. Гаворыць, што было многа людзей – журналісты, назіральнікі, і гэта падавалася надзейным варыянтам дзеяньняў, каб дайсьці й даставіць апаратуру. Але ў выніку Алег на сваіх руках нёс зьбітага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. На плошчы Незалежнасьці Алег быў разам зь іншымі актывістамі апазыцыі. Прызнае, што кандыдатам у прэзыдэнты не хапіла арганізаванасьці, каб спыніць правакацыі.

Алег Мяцеліца: Ніхто ня мог паверыць, што ўлады пойдуць на гэта. Цяпер, аглядваючыся на сытуацыю, падаецца, што была простая рэч – хутка выставіць шэраг, адціснуць гэтых людзей. Цяпер мы б хоць на відэа маглі паказаць, што гэта ня быў наш плян. Віна не віна, але не змаглі арганізавацца.
Калі быў разгон, мы прарвалі ачапленьне вайскоўцаў з боку БДУ. Пашанцавала, бо супрацоўніца мэтрапалітэна на ўваходзе крыкнула “хлопцы, ня трэба жэтонаў! Бяжыце ўніз!”. Раніцай глядзелі прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі. Зьдзівіла, наколькі ён ведаў усё, што адбывалася ў шпіталі зь Някляевым. Уражаньне, быццам ён асабіста аддаваў загады на кожны крок.

Калі Алег пабачыў, што аднаго за другім забіраюць яго паплечнікаў, вырашыў зьехаць з краіны. Праз Расею прыехаў у Вільню.

Алег Мяцеліца: Мэтай была Вільня. Усе людзі, што тут знаходзяцца, як казаў Віктар, не зьбіраюцца прасіць палітычнага прытулку. Ехалі спачатку на два дні, на тры, потым на дзесяць, потым на месяц, на два... Да сёньняшняга дня не магу зьмірыцца з думкаю, што давядзецца затрымацца яшчэ на месяц ці тры. Хто хоча нешта рабіць для Беларусі, едзе ў Варшаву, Кіеў, Вільню. Хто хоча атрымаць выгоду з сытуацыі, едзе ў краіны зь лепшымі сацыяльнымі ўмовамі – Швэцыю, Францыю, Бэльгію, Чэхію.

У Беларусі ў Алега засталася сям’я – жонка й двое дзяцей.

Алег Мяцеліца: Мне страшна, калі мае дзеці будуць жыць у такой краіне. Таму я баюся, але нешта раблю. Лукашэнку шкада. Мы чакаем пачатку, а ён чакае канца. Нашая будучыня наперадзе.

- Гавораць, што ў дзейнасьці “Гавары праўду” было многа староньніх людзей, якія там працавалі толькі дзеля грошай. Гэта праўда?

Алег Мяцеліца: Я ведаю людзей, якія больш згубілі, чым прыдбалі ў гэтай кампаніі. Гэта ўжо сфармаваныя асобы, прадпрымальнікі, з пасадамі...

Віктар Гарбачоў: Працуючы ў павільёне я б спакойна зарабляў больш. Кінуў бізнэс, каб займацца гэтай кампаніяй. Не ў грашах справа была! Да нас прыходзіла многа людзей, якія раней не былі ў палітычных партыях, грамадзкіх арганізацыях. Быў вынік.

Суразмоўцы гавораць, што вернуцца ў Беларусь, калі зразумеюць, што сытуацыя з правамі чалавека, з палітвязьнямі зрушылася ў лепшы бок.

Марыя Кароль, Вільня