http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=150401

НАВУКА Й ТЭХНІКА

03.03.2011

Агульнапольскае дасьледаваньне ўмоваў працы настаўнікаў

Інстытут адукацыйных дасьледаваньняў (IBE) цягам двух бліжэйшых тыдняў пачне першае ў Польшчы дасьледаваньне часу і ўмоваў працы польскіх настаўнікаў.

У апытаньні возьме ўдзел больш за 8 тысячаў пэдагогаў. Уступныя вынікі будуць вядомыя на пачатку ліпеня, а канчатковыя – у будучым годзе.

Удзел у апытаньні добраахвотны, а група настаўнікаў, якая возьме ў ім удзел, будзе вылучаная шляхам лёсаваньня. Гаворка ідзе пра тое, каб апытаньне ахапіла настаўнікаў з розных тыпаў школаў, усіх ваяводзтваў, буйных гарадоў, гарадкоў ды вёсак.


Хто заплаціць за саркафаг з Чарнобыля?

Эўрапейская камісія заклікала ўрады ня толькі эўрапейскіх дзяржаваў да выдзяленьня агулам 750 мільёнаў эўра на новы саркафаг над атамным рэактарам Чарнобыльскай АЭС.

Пад старым саркафагам знаходзіцца 200 тонаў высокарадыеактыўнага паліва, якое выцекла з рэактара ў выніку выбуху ў 1986 годзе.

Да гэтага часу для абясшкоджаньня рэактара Ўкраіна й замежныя донары перадалі каля 750 мільёнаў эўра. Аднак прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі па бясьпецы й разьвіцьці атамнай энэргетыкі лічаць, што кошт праекту складзе каля 1,5 мільярда эўра.


Апошняя місія касьмічнага парому Discovery

24 лютага з мыса Канавэрал на Флярыдзе апошні раз стартаваў амэрыканскі транспартны касьмічны карабель Discovery.

На борце парому - шэсьць астранаўтаў і робат, які зьнешнім выглядам напамінае чалавека.

Discovery вынясе на арбіту два новыя элемэнты Міжнароднай касьмічнай станцыі.

Пасьля вяртаньня на Зямлю гэты найстарэйшы дзеючы транспартны касьмічны карабель «пойдзе на пэнсію» й трапіць у музэй.

Discovery накіраваўся ў сваю першую зорную місію ў 1984 годзе. Яшчэ ў бягучым годзе Амэрыканскае касьмічнае агенцтва адправіць у космас два іншыя шатлы - Atlantis i Endeavour ды такім чынам закончыць 30-гадовую гісторыю транспартных касьмічны паромаў.

Цяпер палётамі ў космас зоймуцца прыватныя фірмы, а NASA засяродзіцца выключна на місіі астранаўтаў на Марс і на астэроіды.

У Польшчы паявіліся першыя малакаматы

У польскіх гарадох паявіліся першыя аўтаматы са сьвежым малаком – гэтак званыя малакаматы.

Каб купіць малако, можна прыйсьці з уласнай бутэлькай альбо купіць яе ў аўтамаце і адразу ж наліць малако.

Як гаворыць Гжэгаж Гадвічак зь фірмы Nova, якая займаецца дыстрыбуцыяй аўтаматаў, фэрмэры больш ахвотна інвэстуюць у малакамат, дзе літар малака каштуе 3-4 злоты, замест таго, каб прадаваць сыравіну на малочны завод за адну трэцюю згаданай сумы.

Ініцыятыва па продажы сьвежага малака ўпершыню зьявілася ў Італіі й паступова распаўсюдзілася на ўсю Эўропу.

Напрыклад, на тэрыторыі Чэхіі дзейнічае ўжо каля 150 малакаматаў. У Польшчы да гэтага часу ўстаноўлена 20 машынаў. Неўзабаве чарговая зьявіцца ў горадзе Каліш.

wprost.pl/аз

Таямніца мужчынскай плоднасьці  - у мужчынскіх касьцях

Мужчынская плоднасьць можа быць узалежненая ад гармону, які ўзьнікае ў касьцях – паведамілі навукоўцы з Унівэрсытэту Каламбія, сярод якіх таксама двое палякаў Вольга й Гжэгаж Сумары.

Гаворка ідзе пра астэакальцын – гармон, які прадукуюць клеткі, адказныя за будову касьцявой тканкі.

Астэакальцын адказвае за павелічэньне вытворчасьці тэстастэрону, які ў сваю чаргу ўплывае на колькасьць спэрматазоідаў.

Цікава, што косьці могуць кантраляваць выключна мужчынскую плоднасьць, паколькі астэакальцын не ўплывае на колькасьць эстрагенаў жаночых яечнікаў.

Згаданае адкрыцьцё можа дазволіць высьветліць многія выпадкі бясплоднасьці ў мужчынаў ды апрацаваць тэрапію ў выпадку бясплоднасьці ды іншых хвароб, выкліканых недастатковым узроўнем тэстастэрону ў арганізьме чалавека.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org