http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=150610

Міхаілу Гарбачову споўнілася 80 гадоў

04.03.2011

2 сакавіка апошняму Генсэку ЦК КПСС і адзінаму прэзыдэнту СССР Міхаілу Гарбачову споўнілася 80 гадоў.

Міхаіл Гарбачоў нарадзіўся 2 сакавіка 1931 году ў сяле Прывольнае Стаўрапольскага Краю ў сялянскай сям’і. Сваё дзяцінства й маладосьць правёў у калгасе. Пасьля школы паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава, дзе закончыў юрыдычны факультэт.

У гісторыю ён упісаўся тым, што ў 80-х гадох ініцыяваў палітыку перабудовы й галоснасьці, у фундамэнце якой была закладзена эканамічная й палітычная лібэралізаця. Прыхільнікі камунізму яшчэ й па сёньняшні дзень абвінавачваюць яго ў развале Савецкага Саюзу.

Гарбачоў мае свае дасягненьні й ў міжнроднай палітыцы, паколькі вывеў савецкія войскі з Афганістану й падтрымліваў ЗША падчас вайсковай апэрацыі „Бура ў пустыні” супраць ірацкага збройнага ўмяшальніцтва ў Кувэйт.

Замежная палітыка Гарбачова спрычынілася ў значнай ступені да распаду камуністычнага блёку краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы й аб’яднаньня Нямеччыны, за што яму была прызнаная Нобэлеўская прэмія міру.

Нядаўна Гарбачоў прызнаўся, што сачыў за дзейнасьцю польскай антыкамуністычнай апазыцыі, зазначаючы, што легэндарны лідар незалежнага прафсаюзнага руху „Салідарнасьць” Лех Валэнса адыграў істотную ролю ў сусьветнай гісторыі.

Міхаіл Гарбачоў: Я думаю, што Валэнса меў цяжкі лёс. Сьлесару-мэханіку прыйшлося ачоліць агульнапольскі рух, які прадстаўляў інтарэсы ўсіх палякаў у чаканьні на перамены й выхад з таталітарнай сыстэмы ў напрамку дэмакратыі.

Гарбачоў надалей актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, чытае лекцыі ў заходніх краінах, часта выказвае сваю пазыцыю ў справах, важных для сучаснай Расеі. У мінулым годзе ён скрытыкаваў расейскія дзяржаўныя ўлады за тое, што яны, ствараючы імітацыю дэмакратычнага ладу, імкнуцца да стварэньні аўтакратычнай сыстэмы кіраваньня. Яшчэ раней ён востра асудзіў разгон апазыцыйнай дэманстацыі ў Маскве й арышт вядомага шахматнага майстра Гары Каспарава.

Міхаіл Гарбачоў: Мне падаецца, што гэты крок не адэкватны да чынаў. Нельга сябе так паводзіць. Паўсюль прыходзіцца сутыкацца з масавымі рухамі, забаронамі, дазволамі, сутыкненьнямі. Але гэтыя меры трэба выключаць зь перадвыбарнай кампаніі. Гэта працэс палітычны, які зьмяшчае ў сабе палітычную актыўнасьць, якой нельга заганяць у нейкія жорсткія рамкі.

Пасьля авіякатастрофы польскага самалёта пад Смаленскам, у якой загінула 96 чалавек, якія ляцэлі на ўрачыстасьці з народы 70-ай гадавіны Катынскага злачынства, Гарбачоў прыйшоў у польскую амбасаду, каб упісацца ў жалобную кнігу. Тады ён выказаў спадзяваньне, што ў абліччы гэтай вялікай трагедыі палякі й расейцы змогуць пачаць новы разьдзел у супольных адносінах.

Міхаіл Гарбачоў: Мы павінны жыць ня толькі па-суседзку, але па-братэрску. Давайце прыгадаем усё. Нашую гісторыю ўжо нішто не ў стане зьмяніць, яна была такой. Але давайце пачнем ствараць новую гісторыю.

Падчас адзначэньня мінулагодняга Дня памяці ахвяраў Катынскага злачынства Гарбачоў сказаў, што дакумэнты, якія сьведчась пра віну НКУС, якое ў 1940 г. расстраляла больш за 22 тыс. польскіх ваеннапалонных, ён атрымаў пад канец дзейнасьці ў якасьці Генсэка кампартыі СССР. Савецкія ўлады прызналіся ў тым, што злачынства зьдзейсьніла НКУС толькі ў 1990 годзе пасьля таго, як паўвеку ў зьдзяйсьненьні злачынства абвінавачвала Нямеччыну.

Міхаіл Гарбачоў: Аказалася, што папка, якую мне прынесьлі, была напісаная рукой кіраўніка КДБ Шалепіна. У ёй знаходзілася пастанова міністра ўнутраных справаў аб лёсе інтэрнаваных афіцэраў. У ёй зьмяшчаліся высновы, што трэба зрабіць ў дачыненьні да ўсіх, хто заняў антысавецкую пазыцыю. І міністар прапануе, што можна зь імі зрабіць, у прыватнасьці, пазбавіцца, ліквідуючы.

У 1990 годзе Міхаіл Гарбачоў быў абраны на новаствораную пасаду прэзыдэнта СССР. Вярхоўная рада надзяліла яго спэцыяльнымі паўнамоцтвамі, каб стабілізаваць эканамічнае й грамадзка-палітычнае жыцьцё ў краіне. У сьнежні 1991 году, пасьля афіцыйнага роспуску СССР і стварэньня Садружнасьці Нежалежных Дзяржаў, Гарбачоў сышоў з пасады прэзыдэнта.

Чaсопіс „Time” двойчы назваў яго чалавекам году - у 1987 і 1989 гадах. У 1990 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. У 1996 годзе Міхаіл Гарбачоў балатаваўся ў прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі, аднак атрымаў менш за 1% выбарчых галасоў.  Ад 1993 году ён ачольвае Міжнародную экалягічную арганізацыю „Зялёны Крыж”

КР