Сёньня ў Якушыцах, што каля Шклярскай Парэмбы ў Ізэрскіх горах на памежжы Польшчы й Чэхіі, пачалося сьвята аматараў лыжных гонак.
Каля 2 тысяч лыжнікаў прымае ўдзел у юбілейным 35-ым „Бегу Пястаў”.
Гэта штогадовая міжнародная лыжная імпрэза, яка адбываецца ў першыя выходныя сакавіка. Арганізатарам гэтай імпрэзы зьяўляецца таварыства „Бег Пястаў”. Удзельнікі мерапрыемства стартуюць з Якушыцкай паляны. Упершыню імпрэза адбылася ў 1976 годзе й ад тае пары з году ў год прываблівае верных прыхільнікаў, але паяўляюцца й новыя.
„Бег Пястаў” - гэта агуляная назва імпрэзы, але яна складаецца зь некалькіх спаборніцтваў. У пятніцу заўсёды адбываецца лыжны маратон „Карканоскі лыжны бег дзяцей і моладзі”, называны інакш „Малым бегам Пястаў”.
Галоўны бег, называны „Бегам Пястаў” адбываецца ў суботу на трасе 50 кілямэтраў клясычным стылем, а ад 2001 году ён адначасова зьяўляецца чэмпіянатам Польшчы па лыжным спорце, які ладзіць польская лыжная асацыяцыя. Акрамя таго, адбудзецца забег на 26 кілямэтраў свабодным стылем і бег для дашкольнікаў на дыстанцыі 150 мэтраў, у якім сёлета прыме удзел 200 дзетак.
Ад 1995 году „Бег Пястаў” прыналежыць да Эўрапейскай лігі бегаў на доўгую дыстанцыю Euroloppet, а 13 чэрбеня 2008 у швэдзкай мясцовасьці Mora сябры Міжнароднай лыжнай асацыяцыі ўключылі польскую імпрэзу ў склад Сусьветнай лігі прабегаў на доўгую дыстанцыю Worldloppet Ski Federation.
Калісьці на спаборніцтвы, акрамя палякаў, прыязджалі суседзі з краінаў камуністычнага блёку - чэхі, славакі, вугорцы й румыны. Сёньня ўсё значна прасьцей, прыязджаюць аматары лыжнага спроту з усёй Эўропы, з ЗША, з Канады, а нават з Японіі. Спачатку гэта былі прадстаўнікі польскай дыяспары, якіх цягнула ў свае горы, але паступова дзеля ўдзелу ў спаборніцтвах пачалі прыязджаць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.
Сёлета на ўдзел у лыжным мерапрыемстве зарэгістравалася 35 удзельнікаў зь Беларусі, гэта як індывідуальныя ўдзельнікі, так і цэлыя сем’і разам зь дзецьмі. Па колькасьці ўдзельнікаў лідыруе Горадня, зь якой да ўдзелу ў Бегу Пястаў накіравалася 25 чалавек, на другім месцы Менск з 5 удзельнікамі, з Ашмянаў выехалі 3 асобы й 1 асоба зь Лепеля. Усім удзельнікам спаборніцтваў жадаем посьпехаў, а ўсіх астатніх запрашаем прыняць удзел у Бегу Пястаў у наступным годзе.
КР