Той, для каго важна доўга захоўваць добрае здароўе, павінен сачыць за тым, чым ён харчуецца. Варта чытаць этыкеткі й склад прадуктаў. А найпрасьцей закупацца ў крамах, якія прадаюць экалягічна чыстыя прадукты, інакш – прадукты гэтак званага арганічнага харчаваньня.
У Польшчы іх называюць яшчэ экалягічнымі, біялягічнымі прадуктамі ці здаровым харчаваньнем. Чым адметныя гэтыя прадукты? – пра гэта мы гутарым з Богданам Юхневічам, спэцыялістам фірмы „Organic Farma Zdrowia”, якая займаецца продажам прадуктаў арганічнага харчаваньня.
Б. Юхневіч: Экалягічныя прадукты - гэта прадукты сэртыфікаваныя. Заўсёды пасьведчаньнем сапраўднасьці зьяўляецца допіс ”прадукт сэртыфікаваны”. Гэта значыць, што прадукт паходзіць з гаспадаркі, якая прайшла працяглыя 2-3-гадовыя дасьледаваньні й праверкі. Адзначым, што для вытворчасьці экалягічных прадуктаў не прымяняюцца ніякія хімічныя сродкі: ні хімічныя кансэрванты, ні паляпшальнікі – гэта значыць рэчывы, якія паляпшаюць колер, смак, запах, прыдатнасьць для выкарыстаньня. Карацей, там адсутнічае тое, чым у маштабнапрамысловай вытворчасьці, на жаль, злоўжываюць. Мяркуецца, што чалавек, які харчуецца выключна прадуктамі масавай спажывецкай прамысловасьці, спажывае за год 8 кіляграмаў атруты.
Ідэя здаровага харчаваньня набывае ўсё больш прыхільнікаў, пашыраецца сярод звычайных грамадзян, якім цікава ведаць, чым яны харчуюцца.
Жыхарка Беластока Света ўжо некалькі гадоў харчуе сям’ю біяпрадуктамі. Яна купляе іх у краме з біяпрадуктамі а таксама заказвае у фэрмэра, які атрымаў сэртыфікацыю на вытворчасьць аррганічных прадуктаў. Наша суразмоўца не давярае прадуктам, якія прадаюць на рынках бабулі, бо крыніца паходжаньня тых прадуктаў няпэўная. Адначасова спадарыня Сьвета кажа, што прадукты здаровага харчаваньня хаця й горш выглядаюць, напрыклад яблыкі, чым тыя з крамы, але ёсьць упэўненасьць, што на іх няма хімікатаў, якіх „і чэрві есьці ня хочуць”.
Экалягічныя прадукты каштуюць намнога даражэй, чым у звычайных крамах. Чаму - тлумачыць Богдан Юхневіч.
Б. Юхневіч: Яны намнога больш каштуюць таму, што вытворчасьць абыходзіцца намнога даражэй. Біяпрадукты каштуюць на 30%-100% больш. Напрыклад, арганічныя яйкі прадаюцца ў пераліку на беларускія рублі па 850-1200 БР (0.85 зл-1.20 зл) за адно, прамысловыя 500-600 БР (0.50-0.60 зл). Але калі курыца ў прамысловай жывёлагадоўлі зносіць за год 300-360 яек, то найбольш папулярная ў арганічных гаспадарках курыца зялёнаножка зносіць за год максімум 130 яек. Да гэтага дабаўляецца другі фактар, які значна павышае кошт – гэта транспарт з адлеглых фэрмаў. Тут няма маштабнага оптавага гандлю. Харчы прывозяцца да кліента многія кілямэтры.
Зараз па ўсёй Польшчы працуе 400-450 крамаў, якія прадаюць біяпрадукты, ёсьць таксама некалькі дзясяткаў інтэрнэт-крамаў. Богдан Юхневіч зазначае, што ў гэтых крамах можна купіць усё, што патрэбна для харчаваньня.
Б. Юхневіч: З гэтых артыкулаў можна падрыхтаваць сьняданак, абед і вячэру з сапраўды экалягічна чыстай алівай, макаронамі, крупамі Гэта й яйкі, фрукты, гародніна, хлеб, вяндліна, мяса. Ёсьць таксама экалягічнае віно, а нават экалягічная жуйка. Рыбу ў Польшчы яшчэ не сэртыфікуюць. Дык трэба верыць на слова фэрмэру, што яе кармілі натуральным кормам, а не з дадаткам хімікатаў, антыбётыкаў і іншага. У крамах сеткі „Organic Farma Zdrowia” прадаецца 2-4 тыс. відаў арганічных прадуктаў. У тым ліку польская вытворчасьць складае прыблізна 70%.
Некаторыя лічаць, што харчаваньне прадуктамі арганічнага паходжаньня - гэта свайго роду снабізм, і доля праўды ў гэтым ёсьць – адзначае Богдан Юхневіч
Б. Юхневіч: У Польшчы пакуль у невялікай ступені, але на Захадзе вялікія зоркі маюць свае арганічныя фэрмы й яны падкрэсьліваюць, што гэта неабходна для таго, каб карысна харчавацца й плённа працаваць. Памалу гэтыя мадэлі прыходзяць і да нас. І ў Польшчы некаторыя славутыя асобы адзначаюць, што яны харчуюцца экалягічна чыстымі прадуктамі. Некаторыя крамы нават гэта скарыстоўваюць і разгалошваюць, „вось у нашай краме закупаецца такая і такая зорка”. Значыць, пакрысе гэта становіцца снабізмам.
У Польшчы арганічныя фэрмы займаюць 1% усіх сельскагаспадарчых тэрыторыяў. Для параўнаньня, у Эўразьвязе – 4%. Лідыруе ў гэтым пляне Італія, дзе знаходзіцца 60% усіх біяфэрмаў ЭЗ. У Польшчы гэтага віду гаспадаркі ў асноўным разьмешчаны ў маланаселеных, прамыслова слаба разьвітых рэгіёнах – гэта Падкарпацкае ваяводзтва – на поўдні, Мазуры, усходняя частка Польшчы.
Паслухай эфірны сюжэт
Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская