Мэнэджэр праграмы “Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасьці” Фонду Дамоў правоў чалавека Людміла Ульяшына жыве й працуе ў Нарвэгіі. У 1990-я яна зьехала з мужам-навукоўцам зь Беларусі, але краіна не стала для яе чужой і далёкай. Людміла супрацоўнічае з праваабаронцамі, журналістамі, застаецца ў курсе падзей, што адбываюцца ў Беларусі.
Ці трэба ў адказ на ўдар падстаўляць другую шчаку, або ў гвалтоўным супраціве ўсё ж ёсьць сэнс?
Людміла Ульяшына: Гэта філасофскае пытаньне. Зразумела, не ўсякі гвалт магчыма пераадолець мірным шляхам. Але, калі ідзе размова аб разьвіцьці грамадзтва, я думаю, што гэта мусіць быць эвалюцыя, а не рэвалюцыя. Пасьля развалу Савецкага Саюза не маглі быць хутка створаныя новыя дэмакратычныя інстытуты. Адпаведна, працавалі ці па старой мадэлі, ці пераблыталі дэмакратыю з уседазволенасьцю. І хваля пратэстаў у Грузіі, Кыргыстане, ва Украіне, калі людзі стаміліся ад адсутнасьці кіраваньня, выходзілі на вуліцы са спадзевам, што яно назаўтра адновіцца, мела правал. У Беларусі наадварот: ёсьць кіарваньне, але абсалютна няма дэмакратыі. Я ні ў якім разе на апраўдваю аўтарытарную дзяржаву, дзе падаўляюцца свабоды. Але разумею, што народ будзе моцна расчараваны, калі адбудзецца хаатычная зьмена ўлады й яна пяройдзе да людзей, якія яшчэ не зразумелі, што такое міжнародныя стандарты й як яны мусяць быць унесеныя ў рэальнае жыцьцё.
Як вы ацэньваеце ўзровень праваабарончага руху ў Беларусі?
Людміла Ульяшына: Аб праваабаронцах даведалася, калі працавала адвакатам. Тады іх прадстаўлялі як напаўграматных людзей, якія зараблялі грошы на цёмных кліентах, не плацілі падаткаў, і шкодзілі як насельніцтву, так і дзяржаве. На мой погляд, у Беларусі сфармавалася сур’ёзная праваабарончая сетка людзей, якія не парушаюць нацыянальнае заканадаўства, але іх дзейнасьць назаляе ўладам. Я б сказала, што праваабарончы рух Беларусі больш прафэсійны й аб’яднаны, чым у многіх іншых краінах.
Ваша пазыцыя: праваабаронцы Беларусі мусяць даносіць да людзей інфармацыю аб тым, як працуюць міжнародныя інструмэнты абароны правоў чалавека. У Нарвэгіі шараговы грамадзянін разьбіраецца ў гэтых нюансах?
Людміла Ульяшына: Як правіла, людзі ўсё ж мала цікавяцца сваімі грамадзянскімі правамі, тым больш у краіне, дзе з гэтымі правамі няма праблем. Нарвэскаму грамадзтву, як і беларускаму, трэба яшчэ многае зрабіць. У Нарвэгіі ёсьць праблемы ў тых, хто просіць прытулак. Часам працэдуры ігнаруюцца й разгляд справы адмыслова прызначаецца на канікулы, калі адвакатаў няма на месцы, пасьля чаго можна хутка выслаць чалавека. Часам, нягледзячы на тое, што яму там пагражаюць катаваньні, а гэта зьяўляецца неаспрэчнай падствай для таго, што выганяць гэтага чалавека нельга.
Ці характэрны для Нарвэгіі расізм, непрыняцьцё людзей іншых нацыянальнасьцяў?
Людміла Ульяшына: Магу сказаць, што Нарвэгія, Нямеччына – краіны, дзе я асабіста жыла – далёка прасунуліся ў разуменьні антыдыскрымінацыйнага падыходу. Там у прынцыпе немагчыма пачуць, каб людзей ацэньвалі па нацыянальнасьці, цяпер гэта лічыцца проста бескультур’ем. У Беларусі, Расеі гэта гучыць на кожным кроку, і часам з вуснаў адукаваных людзей, якія ня бачаць у гэтым дыскрымінацыі.
Цяпер узмацніліся эмігранцкія настроі ў Беларусі. Вам, як нікому, вядома, што ж нясе міграцыя, апроч зьмены месца жыхарства.
Людміла Ульяшына: Эміграцыя – гэта цяжкая праца й сумнае жыцьцё, у любым выпадку. Асабліва калі ты імігруеш дарослым. Шчасьце, і нам – мне і майму мужу вельмі пашанцавала – зьехаўшы, мы працягвалі займацца тым жа, што й дома. Мы жылі любоўю да сваёй справы. Гэта дапамагло выстаяць. Пераезд, нават у іншы горад, бывае цяжкім. А ў новую краіну тым больш, бо ты мусіш заводзіць новыя адносіны, сяброў. Калі ты дарослы, ужо ёсьць новыя прывязанасьці, якія хочацца захоўваць, а мусіш ствараць новыя, прыстасаваць да новых умоў.
Марыя Кароль