http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=150857

8 сакавіка-Міжнародны жаночы дзень

08.03.2011

8 сакавіка-Міжнародны жаночы дзень. Сёньня жанчыны атрымліваюць падарункі, кветкі й чуюць шмат цёплых словаў. У некаторых краінах, напрыклад Беларусі, жаночае сьвята адзначаецца на дзяржаўным узроўні, а сёлета сьвяткуецца нават 4 дні. А вось у Індыі жанчыны пра яго нават ня чулі. Наколькі жаночае сьвята сапраўды зьяўляеца міжнародным жаночым днём і як гэты дзень адзначаюць у розных краінах, пра гэта пойдзе гаворка ў сюжэце.

Міжнародны жаночы дзень быў устаноўлены ў 1910 годзе ў Капэнгагене падчас Другога міжнароднага зьезду жанчын - сацыялістак. Такім чынам жанчыны вырашылі падтрымаць дэманстрацыю швачак у Ньюй- Ёрку, якія пратэставалі супраць дрэнных умоваў працы. Аднак гэтае сьвята чамусьці вельмі моцна асацыюецца з камуністычным сьвятам, якое дастойна адзначалася ў краінах камуністычнага блёку.

З нагоды Дня жанчынаў  Генэральны сакратар Эўрапейскай рады Торбіёрн Яглянд заклікаў да больш рашучай барацьбы за роўныя правы для жанчынаў і мужчынаў.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль, выступаючы з нагоды жаночага дня, выказала расчараваньне, што ў шэрагу эўрапейскіх краінаў Нямеччына цягнецца ў хвасьце па колькасьці жанчынаў, якія займаюць кіраўнічыя пасады.

Канцлер падкрэсьліла, што немкі ўсё больш праяўляюць прафэсійную актыўнасьць, нягледзячы на гэта, жанчынам надалей цяжка знайсьці сваё месца на рынку працы, хаця яны маюць лепшыя кваліфікацыі ў параўнаньні з мужчынамі.

Ангела Мэркэль: У Нямецкай Фэдэратыўнай Рэспубліцы мы не дасягнулі поўнага раўнапраўя. Хаця жанчыны могуць дасягаць мэты, якія некалькі дэкадаў таму былі нерэальныя, аднак надалей маюць меншыя зарплаты ў праўнаньні з мужчынамі. Жанчынам складаней спалучаць прафэсійныя абавязкі з сямейным жыцьцём. Таксама ў справе жанчынаў на вядучых пасадах трэба яшчэ шмат зрабіць.

 Можна зрабіць выснову, што праблема няроўнага стаўленьня да жанчынаў носіць унівэрсальны характаў і даволі актуальная ў шматліках краінах, незалежна ад эканамічнай і грамадзка - палітычнай сытуацыі.

У Італіі 8 сакавіка сёлета адзначаецца пад дэвізам пашаны жаночай годнасьці, у сувязі з чым сьвята носіць выразна палітычную афарбоўку.

Марэк Ленэрт: Бытавыя скандалы з удзелам жанчынаў, у якія замешаны прэм’ер Сыльвіё Бэрлусконі, не маглі не адбіцца на сёньняшнім сьвяце. Ад паловы лютага адбываюцца пратэсты, у якіх італьянскія жанчыны патрабуюць пашаны да сваёй годнасьці й гонару, каб да іх ня ставіцца, як да прадметаў, якія асацыююцца выключна з сэксам. У Італіі папулярнасьць атрымалі фэміністычныя рухі.

У Славакіі 8 сакавіка асацыюецца з камуністычнай мінуўшчынай і абавязковай традыцыяй уручэньня жанчынам чырвоных ружаў. Але сёньня славакі не забыліся пра сваіх жанчынаў, тым больш што ўпершыню славацкі ўрад ачоліла жанчына Івэта Радзічова.

Праціўнікам адзначэньня гэтага сьвята на дзяржаўным узроўні зьяўляецца славацкі прэзыдэнт Іван Гашпаровіч, які зьяўляецца прыхільнікам ідэі аб неабходнасьці пашаны й адпаведнага стаўленьня да жанчынаў у кожны дзень, а ня толькі раз у год. Ідэя даволі слушная, а усім мужчынам хочацца параіць браць прыклад са славацкага прэзыдэнта.

8 сакавіка традыцыйна сьвяткуюць жанчыны з былых савецкіх рэспублікаў, у Расеі яно сёлета сьвяткуецца 3 дні, у Беларусі аж 4 дні.

З апытаньня, праведзенага з нагоды жаночага дня на вуліцах Кіева вынікае, што ўкраінскія жанчыны хацелі б атрымаць 8 сакавіка ня толькі кветкі, але таксама ўвагу  сваіх мужчынаў, апеку й цёплыя словы. Дарагая біжутэрыя, рамантычныя падарожжы й аўто адышлі на другі плян.

А вось беларускі прэзыдэнт з нагоды жаночага дня зрабіў жанчынам, якія кіруюць сельскагаспрадарчымі прадпрыемствамі ў Менскай вобласьці,  арыгінальныя падарункі. 18 жанчынаў атрымала па трактары.

Усіх жанчынаў сёньня хочацца павіншваць зь іх сьвятам, а усім мужчынам яшчэ раз прыгадаць словы славацкага прэзыдэнта.

Караліна Русіновіч