11 сакавіка ў менскім Палацы мастацтва адкрыецца выстава, прысьвечаная 20-годзьдзю творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў.
“Пагоня” нарадзілася разам зь незалежнай Беларусьсю, калі сярод мастакоў узьнікла ідэя аб'яднаньня на глебе беларушчыны, незалежнасьці й нацыянальна арыентаванага мастацтва. Суполка была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі як асобная арганізацыя. Але ў сувязі з папрокамі з боку іншых мастакоў, якія лічылі, што “Пагоня” расколвае БСМ, рада “Пагоні” прыняла рашэньне пра аўтаномнае існаваньне ў межах саюза.
Сярод мастакоў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак ў дзейнасьць суполкі - Яўген Кулік, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Георгій Скрыпнічэнка, Генадзь Драздоў, Алесь Шатэрнік, Віктар Маркавец,Уладзімір Сулкоўскі й Юры Піскун.
У экспазыцыі заплянавана дэманстрацыя найлепшых твораў сябраў «Пагоні», якая сёньня аб'ядноўвае прыблізна 70 жывапісцаў, графікаў, скульптараў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У Польскім тэатры ў Варшаве назвалі ляўрэатаў польскай кінапрэміі Orły-2011. Фільм Ежы Скалімоўскага “Essential Killing” атрымаў статуэткі ў чатырох намінацыях, у тым ліку і ў двух галоўных: за найлепшы фільм і за рэжысуру. Кінаакадэмія ўзнагародзіла таксама за музыку й мантаж фільм Скалімоўскага.
Статуэтку за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў герой фільму “Różyczka” Робэрт Венцкевіч. Ён выканаў ролю агента Службы бясьпекі.
Падчас цырымоніі ў Польскім тэатры міністар культуры Богдан Здраеўскі ўручыў статуэтку ў намінацыі “Дасягненьне жыцьця” Тадэвушу Хмялеўскаму. Гэты выбітны польскі рэжысэр, сцэнарыст і прадусар зьняў такія фільмы, як “Верная рака”, “Не люблю панядзелкаў”, “У госпада Бога за пазухай”.
Узнагароду за найлепшую жаночую ролю атрымала Ўршуля Грабоўская за фільм “Joanna”. Акторка зьнялася ў ролі жанчыны, якая падчас вайны ратуе ад сьмерці маленькую габрэйскую дзяўчынку.
У намінацыі “Адкрыцьцё году” перамог Матэвуш Касьцюкевіч. За найлепшы мантаж узнагароджаны фільм “Różyczka”. Прэмію за найлепшыя здымкі атрымаў Артур Рэйнхарт за фільм “Вэнэцыя”. Дарэчы, гэтая стужка ўзнагароджаная за касьцюмы, сцэнаграфію й гук.
Гэта ўжо 13-тая цырымонія ўручэньня ўзнагарод Польскай кінаакадэміі. Яна была створаная па ўзоры фрунцускай прэміі Cezar, чэскіх Ільвоў альбо гішпанскай Гоі.
„Yellow Submarine”, „With A Little Help From My Friends”, „All You Need is Love” і шмат іншых гітоў выканае 15 чэрвеня ў Варшаве легендарны Рынга Стар. Музыка са славутай “лівэрпульскай чацьвёркі” ўпершыню дасьць канцэрт у Польшчы.
Перамовы з Рынга Старам працягваліся каля году й былі вельмі складанымі, але ў аўторак у Варшаве атрымалі згоду на прыезд. Канцэрт пройдзе ў Палацы культуры й навукі. 8 сакавіка пачаўся продаж білетаў.
“Бітлз” існаваў ад 1960 да 1970 году. Рынга Стар быў адным з чатырох музыкаў. Ён аўтар песень, вакаліст, але найбольшую вядомасьць здабыў як бубнач. Зьняўся таксама ў некалькіх мастацкіх фільмах.
Цяпер ён знаходзіцца ў турнэ са сваім гуртом All-Starr Band.
На гэта тыдні споўнілася роўна 14 гадоў са дня сьмерці выбітнай польскай паэткі, аўтаркі тэкстаў многіх польскіх гітоў Агнешкі Асецкай.
Яна нарадзілася ў 1936 годзе, была дачкой піяніста Віктара Асецкага. Яна вучылася на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту і ў Выйшэйшай школе кіно й тэатру ў Лодзі.
Першы й запамінальны посьпех Асецкая атрымала ў 1964 годзе на фэстывалі ў горадзе Аполе. Яе “Песьню пра акулярнікаў” ўзнагародзілі індывідуальнай прэміяй, неўзабаве яна стаў гітом, які сьпявала ўся Польшча.
Цягам сямі гадоў Асецкая вяла ў эфіры Польскага радыё праграму “Радыйная студыя песьні”, якая выдала каля 500 песень і выгадавала шмат зорак польскай эстрады: Марылю Радовіч, Войцеха Млынарскага, Люцыю Прус і іншых. Агулам Асецкая напісала каля 2 тыс. песень.
Мільён кніжак бясплатна раздалі выдаўцы ў Вялікабрытаніі й Ірляндыі ў рамках Сусьветнага вечару з кнігай.
Выдаўцы й пісьменьнікі перакананыя, што гэтая акцыя – выдатная рэкляма сучаснай літаратуры. У многіх гарадах былі арганізаваныя аўтарскія сустрэчы й публічныя чытаньні кніг.
Кнігі трапілі ў рукі 20 тыс. чытачоў. Каб атрымаць кнігу неабходна было запоўніць у інтэрнэце фармуляр і пазначыць назву жаданага твору. Кожны з чытачоў атрымаў па 48 асобнікаў любімай кнігі, каб раздаць сваім знаёмым.
дг