http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=151098

Запрашаем у Польшчу: канец лыжнага сэзону

11.03.2011

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, прапаную ў нашым радыёэфіры завершыць лыжны сэзон. Бо вясна шыбуе хуткімі крокамі, і многія лыжнікі й снаўбардысты ў апошнія дні накіраваліся ў горы, каб разьвітацца зь зімовымі забавамі й на некалькі месяцаў схаваць лыжы ды снаўборд у закаморак. Дарэчы, у мінулыя выходныя ў горным курорце Крыніца каля Кракава тэмпэратура паветра сягала мінус 10 градусаў удзень, а сёньня – ужо плюс 8 градусаў. Так што сьнег на лыжных спусках ужо растае. Дарэчы, я зачыніў лыжны сэзон менавіта ў мінулыя выходныя, пабываўшы ва ўжо ўзгаданай Крыніцы. А сёньня, сябры, хацеў бы сказаць некалькі слоў пра розныя рэчы, зьвязаныя з горналыжным адпачынкам. Гэта прывяло мяне на думку якраз падчас знаходжаньня ў гарах.
Па-першае, накіроўваючыся ў горы альбо на штучны лыжны спуск абавязкова трэба памятаць пра вопратку. Без спэцыяльнай вопраткі, якая прадаецца ў спартыўных крамах, лепш у горы не накіроўвацца па вельмі банальнай прычыне: проста можна замёрзнуць. Спэцыяльнае адзеньне для лыжнікаў ды снаўбардыстаў зроблена паводле найноўшых тэхналёгій, са спэцыяльных тканінаў, якія выводзяць вадзяную пару вонкі. Хопіць апрануць спэцыяльную  майку з доўгім рукавом ды куртку, і можна катацца пры лёгкім марозе. Варта таксама памятаць пра шлем, хоць многія езьдзяць у шапцы. Аднак, як гаворыцца, беражонага Бог беражэ. Калі ты ў шлеме, то ў выпадку падзеньня галава моцна абаронена ад траўмаў. Дарэчы, тыдзень таму я якраз нешчасьліва ўпаў і ўдарыўся галавой, а дзякуючы таму, што меў каску, дык удар амаль ня быў адчувальны. Тым больш, што некалькі дзён таму СМІ паведамілі пра трагічны выпадак у Сілічах са сьмяротным зыходам. Само сабой варта памятаць пра сродкі бясьпекі ды ўвогуле мець галаву на плячах, захоўваць дыстанцыю ды адпаведную хуткасьць. Зноў жа прыклад: у сьнежні ў польскай Крыніцы на хуткасьці сутыкнуліся два лыжнікі. Прычым хуткасьць была настолькі вялікай, што адзін зь іх памёр у выніку разрыву аорты, а іншы трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане. Калі ж нехта пачынае катацца на лыжах альбо снаўбордзе, дык абавязкова трэба браць урокі ў інструктара. Праўда, гэта нямала каштуе (у Польшчы гадзіна прыкладна 65 тыс. бел. рублёў), але варта заінвэставаць у сваё хобі. Бо калі без практыкі стаць на лыжы альбо снаўборд, дык можна пакалечыць сябе альбо іншых людзей.
Адным словам, сябры, выконваючы пералічаныя правілы можна зь вялікім задавальненьнем праводзіць зімовыя выходныя, а язда па сьнежнаму спуску будзе прыносіць агромную асалоду ды радасьць. Так што ўжо цяпер варта рыхтавацца да зімовых адпачынкаў, бо, як кажуць, рыхтуй колы зімой, а сані – летам. А мы запрашаем вас у польскіе горы пад канец году: прыязджайце сюды, і я ўпэўнены, што не пашкадуеце.

Валера Саўко