http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=1511

„Gazeta Wyborcza” пра русыфікацыю Беларусі

16.07.2003
Цэнтрысцкая ўплывовая „Gazeta Wyborcza” зьмясьціла шырокую публікацыю пра спосабы русыфікацыі Беларусі прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Русыфікацыя грамадзкага жыцьця ў Беларусі прагрэсуе – заўважае менскі карэспандэнт штодзёнкі Цэзары Галіньскі.

Улады ў Менску сапхнулі „Сталіцу” – адзіную радыёстанцыю, якая вяшчае па-беларуску – з дыяпазону ФМ у дыяпазон ультракароткіх хваляў, якія можна знайсьці толькі ў старэйшых радыёпрыёмніках ды ў г.зв. радыёкропках. У аўтамабілі альбо дома, дзе няма старога прыёмніка, ужо нельга будзе паслухаць перадачу па-беларуску. Па словах старшыні дзяржаўнай Тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, месца „Сталіцы” зойме новая радыёстанцыя Радыюс ФМ, якая будзе мець формулу „гарадзкога гіта” й будзе надаваць 20 гадзін у суткі па-расейску музычна-забаўляльную праграму, скіраваную да актыўнага слухача ва ўзросьце ад 18 да 27 гадоў. Тымчасам такіх радыёстанцыяў ёсьць ужо 10 – адзначае на старонках „Gazety Wyborczej” Ц. Галіньскі.

Адбываецца гэтак, нягледзячы на тое, што беларуская мова была прызнаная роднай мовай 85% жыхароў Беларусі. Аднак у штадзённым жыцьці карыстаецца ёю толькі 37%. У 10-мільённай Беларусі асноўнае насельніцтва беларускае – 78%. Да расейскай нацыянальнасьці прызнаецца 11% жыхароў. Другой нацыянальнай меншасьцю зьяўляюцца палякі – 3.9%.

З моманту, калі краінай пачаў кіраваць Аляксандар Лукашэнка, які сам вельмі неахвотна размаўляе па-беларуску, па-за выдзеленымі энклявамі – культурнымі ўстановамі – карыстаньне беларускай мовай у Беларусі ўспрымаецца як прызнаньне да дзейнасьці ў антыдзяржаўнай апазыцыі. Ужо некалькі гадоў таму, на пачатку ўлады А. Лукашэнкі, калі карэспандэнт "Gazety Wyborczej" адазваўся па-беларуску ў аўтобусе, сустрэўся са зьдзіўленьнем пасажыраў і насьмешкай, што, відаць, зьяўляецца эмігрантам з Канады. Пару гадоў таму незалежныя СМІ падалі шакуючую вестку – трое маладых чалавек былі затрыманыя міліцыяй за тое, што адважыліся па-беларуску размаўляць у публічным месцы.

На пачатку 90-х гадоў, пасьля атрыманьня Беларусяй незалежнасьці, было інакш – прыгадвае Ц. Галіньскі. Была прынятая праграма павольнага пераводу цягам 10 гадоў на беларускую мову дзяржаўных установаў. Здавалася, што існавалі шанцы рэалізаваць гэта – сказаў „Gazecie Wyborczej” Зьміцер Падбярэскі, былы тэлежурналіст і журналіст Радыё 101,2. Тагачасны кіраўнік тэлевізіі Генадзь Бураўкін – знакаміты паэт і былы Амбасадар Беларусі пры ААН – запатрабаваў, каб кожны журналіст умеў размаўляць па-беларуску. А цяпер турысты, слухаючы радыёперадачы, ня здолеюць сарыентавацца - у Беларусі яны, ці ў Расеі. Радыюс ФМ – гэта ж чарговае расейскае радыё.

Зьміцер Падбярэскі прыгадаў, што падобным чынам зьнікла з эфіру 10 гадоў таму „Беларуская Маладзёжная, якая перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі запрашала ў студыю А. Лукашэнку, якога тады ніхто не любіў. Потым зачыненая „Маладзёжка” пераўтвыралася ў незалежнае беларускамоўнае Радыё 101,2, якое канкуравала на рынку зь некалькімі расейскамоўнымі станцыямі. Яно таксама было зачыненае – 5 гадоў таму, ужо А.Лукашэнкам.

Ліквідуюцца ня толькі электронныя СМІ. Незалежныя газэты таксама зачыняюцца. Зь беларускамоўных газэтаў асталася толькі адна дзяржаўная штодзёнка, аднак перапоўненая ўрадавай прапагандай. „Звязда”, якая поўнасьцю выходзіць на беларускай мове, не паяўляецца па чацьвяргах. Летась была яна прымушаная праглынуць „Чырвоную Змену” – адзіную моладзевую беларускамоўную газэту, на фінансаваньне якой не хапіла дзяржаве грошай. Цяпер „Чырвоная Змена” – гэта толькі штотыднёвы дадатак да „Звязды”.

Сытуацыю найбольш трапна, – заўважае „Gazeta Wyborcza” – хоць зусім выпадкова, акрэсьліла новая дырэктарка Гуманітарнага Ліцэя ў Менску. Калі вучні спыталі яе, чаму размаўляе зь імі па-расейску, адказала, што беларускай мовы ня мусіць ведаць, таму што ў краіне ёсьць дзьве дзяржаўныя мовы. Пасьля бунту вучняў, бацькоў і настаўнікаў, якія трактавалі школу як энкляў роднай мовы, ліцэй быў зачынены.

Паводле дадзеных Таварыства Беларускай Мовы, русыфікацыя грамадзкага жыцьця ў краіне ўзмацняецца. Беларускамоўныя тэлеперадачы складаюць менш чым 8% цэлай праграмы. Яшчэ тры гады таму было іх больш за 10%. На радыё сытуацыя выглядае яшчэ горш. Пасьля ліквідаваньня 5 гадоў таму незалежнага Радыё 101,2 толькі дзяржаўная „Сталіца” перадавала праграму па-беларуску.

Такая самая сытуауцыя назіраецца ў школьнай сыстэме. Цяпер ужо меней за чвэрць вучняў пачатковых школаў вывучае беларускую мову – сказаў „Gazecie Wyborczej” Алег Трусаў – старшыня Таварыства.

Беларускі пісьменьнік зь Беласточчыны Сакрат Яновіч патлумачыў штодзёнцы, з чаго гэта вынікае. Мы ў Польшчы не разумеем, што Беларусь сталася незалежнай дзяржавай нечакана даля самой сябе. Грамадзтва не было падрыхтаванае да гэтага. Беларусь не зьяўляецца незалежнай дзяржавай у нашым разуменьні. Кіруюць ёю саветы, якія паводзяць сябе так, быццам бы Беларусь належала яшчэ да Савецкага Саюзу. Сапраўдных беларусаў у Беларусі няшмат, нейкія 20%. 80% - гэта савецкае насельніцтва. Гэта саветы, а не расейцы, якіх нават ня любяць у Беларусі за тое, што развалілі Савецкі Саюз.

Таму калі нехта хоча дабіцца чагосьці ў Беларусі, не павінен экспанаваць сябе як беларуса, бо прайграе. Сьведчыць пра гэта лёс забытага апазыцыянэра зь Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка, які ня мог гэтага зразумець. Можа таму, што паходзіць з Заходняй Беларусі, менш саветызаванай.

Калі гаварыць пра Аляксандра Лукашэнку, то Сакрат Яновіч ацэньвае яго як чалавека , адзіным сэнсам жыцьця якога зьяўляецца ўлада, так як, дапусьцім, Туркмэнбашы ў Туркмэніі ці Фідэль Кастра на Кубе. Калі Лукашэнка хоча захаваць уладу, дык ён ня можа быць беларускім патрыётам, таму што савецкі электарат не прагаласуе за яго. Ён мусіць выконваць ролю савецкага чалавека, з чым - як аказваецца - ня мае ніякіх праблемаў – сказаў „Gazecie Wyborczej” Сакрат Яновіч.