http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=151127

БАГАЦЬЦЕ ВЕРЫ

13.03.2011

9 сакавіка ў католікаў пачаўся Вялікі пост

9 сакавіка ў Папяльцовую сераду ў каталіцкім касьцёле пачаўся Вялікі пост —саракадзённы літургічны пэрыяд падрыхтоўкі да Велікодных сьвятаў.

Традыцыйна ў Папяльцовую сераду падчас літургіі адбываецца абрад пасыпаньня галоваў попелам. Гэта сымвалізуе гатоўнасць веруючых да пакаяньня, да перажываньня посту ў малітве й адрачэньнях, а таксама нагадвае аб тым, што мы часова на гэтай зямлі. Ад згаданага абраду ўзялася й назва — Папяльцовая серада.

У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды зьвязаны з устрыманьнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алькаголю. У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана абавязвае строгі пост — на працягу дня можна толькі адзін раз паесьці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў.

У час Вялікага посту ў касьцёлах адыбваюцца набажэнствы на ўшанаваньне Мукі Ісуса Хрыста. У кожнай парафіі праходзяць таксама рэкалекцыі — некалькі дзён асабліва прысьвечаных Богу, малітве, разважаньню над верай, жыцьцём і адносінамі зь людзьмі. Людзі прыступаюць да сакрамэнту пакаяньня (паводле касьцёльных правілаў, прынамсі раз на год кожны католік абавязаны паспавядацца і ў Велікодны пэрыяд прыняць сьвятую Камунію).

Пост — гэта ня толькі малітва, але таксама міласьціна й добрыя ўчынкі.

„Стартавым пунктам навяртаньня павінен стаць сумленны погляд на нас саміх. Трэба стаць перад духоўным люстэркам, якое не ашукае й скажа ўсю праўду пра нас”, — падкрэсьліў Менска-Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас літургіі ў Папяльцовую сераду 9 сакавіка 2011 г. у менскай архікатэдры.

Арцыпастыр зьвярнуў увагу на тое, што абрад пасыпаньня галавы попелам мае значэньне толькі тады, калі зьяўляецца „вонкавым выражэньнем унутранай перамены”.

Catholic.by/аз


Вялікі пост у грэка-католікаў

У сваю чаргу вернікі грэка-каталіцкай і праваслаўнай цэркваў пачалі Вялікі пост двумя днямі раней - 7 сакавіка. Сёлета ўсе хрысціяне будуць святкаваць Вялікдзень разам 24 красавіка.

Як сказаў айцец-мітрат Стэфан Батрух, настаяцель грэка-каталіцкага праходу ў Любліне, у грэка-каталіцкай царкве пост пачынаецца пасьля Нядзелі прабачэньня, у якую вернікі выбачаюць сабе віны.

Стэфан Батрух: Пост будзе працягвацца 40 дзён, толькі ва ўсходнім касьцёле гэта крыху інакш выглядае. Дні тыдня, калі абавязае строгі пост, гэта ад панядзелку да пятніцы. У сваю чаргу ў суботу й нядзелю рэжым посту крыху меншы. У гэтак званыя строгія дні абавязвае пост колькасны й якасны. Якасны, бо царква заахвочвае вернікаў абмежаваць спажываньне мясных і малочных прадуктаў.

- нагадаў мітрат Стэфан Батрух.

Паводле літургічнай традыцыі, першыя чатыры дні Вялікага посту вернікі грэка-каталіцкіх прыходаў увечары зьбіраліся ў храме, каб разам маліцца паводле Вялікага пакаяннага канону сьв. Андрэя Крыцкага.


Вядомыя падрабязнасьці бэатыфікацыі Яна Паўла ІІ

Сталі вядомыя падрабязнасьці бэатыфікацыйных урачыстасьцяў папы рымскага Яна Паўла ІІ ня толькі ў Ватыкане, але таксама ў польскіх гарадох.

Надоечы плян прынагодных культурных урачыстасьцяў аб'явіла кракаўская Ратуша. Мерапрыемствы, якія будуць суправаджаць бэатыфікацыю, пачнуцца трыма днямі раней прэм’ерай фільму „Ян Павал ІІ. Я Вас шукаў”.

У сваю чаргу малітоўныя ўрачыстасьці пачнуцца 30 красавіка -  кажа ксёндз Робэрт Нэнцэк – прэс-сакратар Кракаўскай курыі.

Робарт Нэнцэк: Духоўная падрыхтоўка пачынаецца 30 красавіка: а 21 гадзіне адбудзецца малітва перад бэатыфікацыяй, якая пройдзе ў пяці санктуарыях, на пяці кантынэнтах адначасова. Менавіта да гэтай групы быў вылучаны таксама Санктуарый Божай Міласэрнасьці ў Кракаве. Апоўначы адбудзецца Сьвятая імша й чаканьне бэатыфікацыі. Ну, а пазьней, а 10.00, у Рыме адбудзецца літургія бэатыфікацыі, літургія слова.

- заявіў прэс-сакратар Кракаўскай курыі.

У сваю чаргу, напрыклад, у вядомым польскім горным курорце Закапанэ мясцовыя жыхары змогуць глядзець трансьляцыю з ватыканскіх урачыстасьцяў на вялікім тэлеэкране ў санктуарыі у цэнтры горада. 

У суме у храме будзе падрыхтавана месца для каля 1 тысячы вернікаў.

Як гаворыць Анджэй Кавэцкі зь мясцовага Бюро прамоцыі гораду, якое арганізоўвае урачыстасьці, бэатыфікацыя папы рымскага Яна Паўла ІІ будзе адзначаная таксама ў часе фэстывалю „Вясна джазу”. 

Анджэй Кавэцкі: У гэтым часе ў Закапанэ будзе праходзіць „Вясна джазу”. Адзін дзень мерапрыемства будзе прысьвечаны менавіта Яну Паўлу ІІ. У ракмах музычнага форуму ў касьцёле Сьвятога крыжа выступіць Марэк Балата з праектам „Джазмэны - папу рымскаму”.

Нагадаем, трансьляцыя бэатыфікацыйных урачыстасьцяў з Рыму пачнецца а 10.00, а канцэрт, падчас якога можна будзе таксама паслухаць вершы аўтарства Караля Вайтылы ў музычным суправаджэньні, а 17.00.


Падрыхтавала Анна Задрожна