http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=151293

Ядзерная паніка? Толькі не ў Беларусі!

15.03.2011

Клубы дыму над атамнай станцыяй Фукусіма ў Японіі абудзілі пачуцьцё страху перад “мірным атамам” ва ўсім сьвеце. Падзеі ў Японіі пачалі параўноваць з ядзернымі катастрофамі ў Чарнобылі альбо ў ЗША. Ці дарэчныя гэтыя параўнаньні? Толькі не ў Беларусі, дзе пачынаюць будаўніцтва сваёй АЭС.

Сёньняшні дзень пачаўся з трывожных паведамленьняў з Японіі. Пажар на атамнай станцыі Фукусіма перакінуўся на ёмістасьць з выкарыстаным ядзерным палівам. У атмасфэру трапіла хмара радыяктыўных частак. Узровень радыяцыі на тэрыторыі атамнай станцыі падняўся да небясьпечных памераў. Вецер гоніць радыяктыўную хмару ў кірунку Токіё.
Празь некаторы час японскія ўлады выступілі з заявай, што ратаўнікі змаглі апанаваць сытуацыю й небясьпекі няма. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі генэральны сакратар ураду Юкіё Эдана.

Юкіё Эдана: У другой палове дня ўзровень радыяцыі на станцыі Фукусіма панізіўся. Мы атрымалі інфармацыю са станцыі, што цяпер ён не пагражае жыцьцю й здароўю людзей. Высокі ўзровень праменяваньня меў месца кароткі час і таму няма пагрозы для людзей. Нам удалося затрымаць пажар на станцыі. Пакуль невядомыя памеры стратаў, але кіраўніцтва станцыі пераконвае нас, што сытуацыя пад кантролем. Аднак працягвае паступаць спрэчная інфармацыя, таму цяпер цяжка сказаць нешта дакладнае. Далейшае разьвіцьцё сытуацыі залежыць ад мноства чыньнікаў. Мы ня ведаем, якія рэакцыі ідуць цяпер у рэактарах, усё будзе залежыць ад спэцыялістаў.

Экспэрты ацэньваюць сытуацыю па-рознаму. Некаторыя кажуць, што гэта лякальная аварыя. Іншыя непакояцца, што горшае яшчэ наперадзе й памеры забруджваньня могуць дасягнуць чарнобыльскіх. Калі пэрсанал станцыі ня зможа астудзіць рэактары, расплавяцца атамныя стрыжні, што пагражае сур’ёзным забруджваньнем тэрыторыі вакол АЭС. Пакуль жа японскія ўлады пашырылі зону высяленьня да 30-ці кілямэтраў вакол атамнай станцыі.

Кіраўнік Міжнароднай атамнай энэргіі Якіма Амана заявіў, што сытуацыя ў Японіі сур’ёзная, але няма магчымасьці, каб паўтарылася сытуацыя, якая здарылася ў Чарнобылі. З Вены перадае карэспандэнт Польскага радыё Анджэй Невядоўскі.

Анджэй Невядоўскі: У японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма, 250 кілямэтраў на поўнач ад Токіё, у трох з шасьці рэактараў адкрыты паліўныя стрыжні. Усё сьведчыць пра тое, што ў першым і трэцім рэактары яны расплавіся. У найгоршай сытуацыі знаходзіцца другі рэактар, дзе стрыжні зусім адкрытыя. Пачынаюцца праблемы з ахалоджаньнем і чацьвёртага рэактара. Пэрсанал станцыі студзіць рэактары марской вадой, аднак помпы дзейнічаюць з перабоямі. У чатырох месцах вакол атамнай станцыі назіраецца павышаны ўзровень радыяцыі. Інспэктары МАГАТЭ падазраюць, што адбыўся выцек радыеактыўнай вады. Добрая інфармацыя – нягледзячы на два новыя выбухі вадароду, стальныя корпусы рэактараў не пашкоджаны.

У міжчасьсі расьце напружанасьць у краіне: зачыняюцца крамы й школы, людзі масава скупляюць харчовыя прадукты, зьявіліся першыя праявы панікі. З Токіё перадае карэспандэнтка Польскага радыё Дарота Галаса.

Дарота Галаса: Пакуль ідзе размова пра эвакуацыю людзей з раёнаў, блізьляжачых каля станцыі. Гэта дваццацікілямэтровая зона. Цяпер прынята рашэньня пашырыць зону бясьпекі да 30-кілямэтровага радыюса. Галоўная задача на сёньня – астудзіць спыненыя рэактары. Калі гэта не атрымаецца, рэактары могуць растапіцца, што пагражае радыеактыўным забруджаньнем. Гэта самы трагічны сцэнар. На вуліцах вельмі мала людзей. Да канца тыдня дзеці могуць не хадзіць у школы. У сувязі з перапынкамі ў пастаўках электраэнэргіі, не працуюць шматлікія крамы. Людзі скупляюць прадукты харчаваньня. Панікі няма, але напружаньне расьце. Сытуацыя пачынае выходзіць з-пад кантролю.

На фоне японскіх падзеяў, у Беларусі прынята рашэньне пра будаўніцтва атамнай электарстанцыі. Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падтрымаў праект пагадненьня з Расеяй аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве атаманай электрастанцыі ў Беларусі. Пляны будаўніцтва атамных станцыў маюць іншыя краіны рэгіёну: Украіна, Расея, Польшча. Сёньня няма альтэрнатывы атамнай энэргетыцы, - мяркуе Вольга Кашарная, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела энэргетычнай ды ядзернай бясьпекі Нацыянальнага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў. Нават пасьля аварый у Японіі ды Чарнобыле.

Вольга Кашарная: Я б не параўноўвала аварыю, якая адбылася цяпер на японскай станцыі Фукусіма з чарнобыльскай катастрофай. У Чарнобыле была цалкам зьнішчана актыўная зона, адбыўся выкід паліва й радыеактыўнага графіту. Там быў вялізарны спэктар радыёнуклідаў. Тут жа рэактар цэлы й загермэтэзаваны. Паводле шкалы МАГАТЭ, чарнобыльскай аварыі была нададзена сем балаў – максымальны ўзровень небясьпекі. Сытуацыю ў Японіі ацэньваюць на 4-6 балаў. Я думаю, гэта ня спыніць разьвіцьця атамнай энэргетыкі. Таму што альтэрнатывы насамрэч няма.

Беларускія пляны раскрытыкаваў урад Летувы, які незадаволены тым, што не скончаны працэс ацэнкі ўзьдзеяньня Беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Летувіскае кіраўніцтва непакоіць факт зьяўленьня атамнай электарстанцыі ў 50 км ад Вільні. Летувісы пратэстуюць супраць паведамленьня беларускіх уладаў, што Летува быццам бы адобрыла паведамленьне беларусаў аб адсутнасьці небясьпечнага ўплыву АЭС на навакольле. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч