Моцныя паўторныя штуршкі ў Японіі
У рэгіёне Японіі працягваюцца паўторныя, падземныя штуршкі пасьля землятрусу, які здарыўся ў апошнюю пятніцу.
У аўторак пасьля поўдня (поводле цэнтральна-эўрапейскага часу) на ўсходзе японскай выспы Хансю апаратура зарэгістравала мацнейшы паўторны штуршок. На гэты раз, на шчасьце, пагрозы цунамі не было.
Штуршкі сілаю ў 6 балаў паводле 7-бальнай шкалы, якой карыстаецца Японскае мэтэаралягічнае агенцтва, адчувалі нават жыхары Токіё, хаця ягоны эпіцэнтар быў распаложаным у 120 кілямэтрах ад японскай сталіцы.
У сваю чаргу, як паведамілі экспэрты, эпіцэнтар штуршка знаходзіўся толькі 10 кілямэтраў пад паверхняй зямлі ў прэфэктуры Яманасі.
Нагадаем, у пятніцу 11 сакавіка паўночна-ўсходнюю Японію наведаў наймацнейшы за апошнія 140 гадоў землятрус. Ягоны эпіцэнтар знаходзіўся ў 130 кілямэтрах ад узьбярэжжа выспы Хансю ў прэфэктуры Міягі.
Штуршкі выклікалі хвалі цунамі, вышыня якіх сягала 10 мэтраў, якія нішчылі ўсё на сваёй дарозе: будынкі, аўтамабілі, самалёты, караблі, дарожную інфраструктуру. З гэтага часу у згаданым рэгіёне надалей фіксуюцца паўторныя штуршкі рознай сілы.
Пасьля аварыі на Фукусіме
Польшчы не пагражаюць наступствы аварыі атамнай электрастанцыі ў Японіі, заяўляе Пётр Ярач з Польскага агенцтва атамістыкі.
Пётр Ярач нагадае, што аварыяў на японскай АЭС ня можна параўнаць з пагрозай, якую для палякаў была аварыя рэактара ў Чарнобылі.
Пётр Ярач: Сцэнар катастрофы ў маштабе Чарнобыля немагчымы. Гаворка ідзе пра тое, што ў такой адлегласьці, якая аддзяляе Польшчу й Японію, радыяцыйнай пагрозы для нашай краіны няма.
Вецер над Японіяй разнёс радыёактыўны матэрыяў над акіянам, паведамілі мэтаэралёгі ААН, якія супакойваюць, што пакуль ані Японія, ані іншыя краіны ў рэгіёне не апынуліся пад сур’ёзнай пагрозай радыёактыўнага забруджаньня.
Горш сытуацыя выглядае ў бліжэйшай ваколіцы пашкоджанай атамнай электрастанцы ў Фукусіме – 250 кілямэтраў ад Токіё.
Паводле экспэртаў, рэактары, у якіх сплавілася паліва, ужо не прыдаюцца да выкарыстаньня, а ліквідацыя наступстваў аварыі зойме працяглы час.
Эўропа пераглядае пытаньне атамнай энэргетыкі
Немцы хочуць выключыць сем атамных электрастанцыяў, пабудаваных да 1980 году.
У Нямеччыне дзейнічае 17 атамных электрастанцыяў, якія забясьпечваюць краіну 23% электраэнэргіі.
Нямецкія ўлады плянуюць часовае адключэньне сямі АЭС, якія былі пабудаваныя да 1980 году, - паведаміла канцлерка Ангела Мэркель.
Гэткія рашэньні былі пртынятыя падчас сустрэчы Мэркель з прэм’ер-міністрамі нямецкіх ляндаў, дзе згаданыя рэактары разьмяшчаны. Сустрэча прысьвячалася наступствам катастрофы ў Японіі.
Экалягічныя арганізацыі ў Францыі патрабуюць правядзеньня ў краіне рэфэрэндуму на тэму будучыні атамнай энэргетыкі. Нагадаем, у Францыі дзейнічае 58 электрастанцыі, якім больш за 25 гадоў.
Таксама кіраўнік ураду Расеі загадаў цягам месяца падрыхтаваць рапарт на тэму стану й пэрспэктываў разьвіцьця атамнай энэргетыкі ў Расеі.
Ён выказаўся таксама за хутчэйшую рэалізацыю праектаў, зьвязаных са здабычай прыроднага газу й нафты на расейскім Далёкім Усходзе, а таксама за паскарэньне будаўніцтва газаправоду South Stream, якім па дне Чорнага мора газ з Расеі пойдзе ў Паўночную, Цэнтральную й Заходнюю Эўропу, абмінаючы Ўкраіну.
Нагадаем, у Расеі дзейнічае 10 атамных электрастанцыяў, у якіх працуюць 32 рэактары. На этапе будаўніцтва знаходзяцца чарговыя 6 АЭС з 11 рэактарамі. Удзел атамнай энэргетыкі ў вытворчасьці электраэнэргіі ў Расеі складае 16%.
Месца разьмяшчэньня АЭС у Польшчы стане вядлмым у 2013 годзе
Будучыні атамнай энэргертыкі ў Польшчы прысьвячалася апошняе паседжаньне ўраду краіны.
Падчас сустрэчы прэм’ер Дональд Туск заявіў, што да 30 чэрвеня 2011 году пры супрацы з парлямэнтам будуць прынятыя ўсе заканадаўчыя акты, неабходныя дзеля рэалізацыі атамных інвэстыцыяў у Польшчы.
Кіраўнік Польскага ўраду дадаў, што да сьнежня 2013 году працягнецца вызначэньне месца разьяшчэньня атамнай электрастанцыі ў Польшчы.
Тым часам прэм’ер нямецкай зямлі Брандэнбург і ўлады Бэрліна заклікалі палякаў добра падумаць перад тым, як пачынаць будаваць АЭС.
Падрыхтавала Анна Задрожна
Здымкі: pl.wikipedia.org