Экалёгія ў Польшчы
У Сілезіі на поўдні Польшчы працягваецца „Зялёны тыдзень”. У шматлікіх гарадах рэгіёну адбываюцца экалягічныя хэпэнінгі. Галоўная мэта мерапрыемства – зьмена ўяўленьня пра Сілезію. Справа ў тым, каб гэты горна-прамысловы рэгіён не выклікаў адной толькі асацыяцыі – забруджанай, задымленай, шэрай Сілезіі.
Акцыю прыдумалі музыкі фолькгурта „Carrantuohill”. Гурт грае кельцкую музыку й запрапанаваў знайсьці падабенствы паміж Сілезіяй і Ірляндыяй. Гаворыць музыка „Carrantuohill” Богдан Віта.
Б. Віта: Сілезія з кожным годам становіцца ўсё больш зялёнай, усё больш насаджваюць лясы. Мы імкнемся памяняць уяўленьне пра наш рэгіён крыху шляхам хэпэнінгаў, крыху шляхам мастацтва й даказаць, што мы не жывем у чорным, задымленым краі.
У рамках акцыі найбольшая ўвага накіраваная на дзяцей, бо гэта найбольш надзейная й адкрытая публіка, якая да таго ж узьдзейнічае на дарослых.
Б. Віта: Зьбіраем экалягічныя галаваломкі, навучаем, як правільна дзяліць адходы, якое мае гэта значэньне для навакольнага асяродзьдзя, для нас. Як правільна згнятаць плястыкавыя бутэлькі. Расказваем, наколькі адмоўны ўплыў на навакольле аказвае такое звычайнае нібыта дзеяньне, як спальваньне сьмецьця, і што мы павінны гэтага пазьбягаць.
Акцыя „зялёная выспа Сілезія” праходзіць у пяці гарадах рэгіёну: Забжэ, Бельска-Бяла, Рыбнік, Глівіцэ, Жоры. Закончыцца 21 сакавіка ў Катавіцэ. Жывым сьледам гэтага мерапрыемства стане каля аднае тысячы нованасаджаных дрэваў.
Экалёгія на беларуска-польскім памежжы
Частка Аўгустоўскага канала на польскай тэрыторыі яшчэ не гатовая для арганізацыі суднаходных зносін паміж Польшчай і Беларусьсю. Пра гэта заявіў прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Андрэеў.
" — Турысты на байдарках праходзяць, але частка канала ў Польшчы не гатовая да эксплюатацыі, і гэта зьяўляецца адной з праблем для арганізацыі нармальнага суднаходзтва", – зазначае беларускі бок.
Андрэеў адзначыў, што беларуская частка Аўгустоўскага канала "поўнасьцю рэканструяваная, прынятая ў эксплюатацыю, усе інжынерныя збудаваньні спраўна працуюць".
Паводле слоў прадстаўніка Мінпрыроды, падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта, які надасьць тэрыторыі ўздоўж Аўгустоўскага канала статус свабоднай эканамічнай зоны й дазволіць весьці турыстычную дзейнасьць без падаткаў.
Аўгустоўскі канал — суднаходны канал, які працякае па тэрыторыі Польшчы (каля 79 км), а таксама па Гарадзенскай вобласьці Беларусі (22 км), спалучаючы рэкі Вісла й Нёман. Канал уваходзіць у сьпіс аб'ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА як помнік гідратэхнічнага дойлідзтва.
Ёсьць верагоднасьць, што ўжо сёлета праз Аўгустоўскі канал беларускія й польскія турысты змогуць перасякаць мяжу абедзьвюх дзяржаваў па спрошчанай схеме. Аднак пакуль на мяжы Польшчы й Беларусі няма пункту спрошчанага пропуску турыстаў. Пагадненьне аб стварэньні гэтага пункту ўжо распрацавана й падпісана, толькі не рэалізавана.
Працы ў гэтым накірунку ідуць, - зазначаюць у беларускім Мінпрыроды.
БелаПАН
Экалёгія ў Эўропе
Ужо неўзабаве ў Лісабоне паўстане сетка пунктаў зараджэньня электрычных аўтамабіляў. Партугалія зьяўляецца адным з эўрапейскіх эка-лідэраў. Сучасная сетка пачне працаваць ужо летам. Уладальнікі электрычных аўтамабіляў змогуць зарадзіць сваю машыну ў амаль сямістах пунктах. Зараз частка гэтых пунктаў праходзіць тэставаньне. Улады Лісабоны падкрэсьліваюць, што кожны партугалец у сярэднім праязджае 28 кілямэтраў. Аднаго зараджэньня дастаткова на 100-150 кілямэтраў. Дык гэта ідэальнае вырашэньне для жыхароў сталіцы. Партугалія знаходзіцца сярод лідэраў ЭЗ, калі казаць аб прымяненьні экалягічных вырашэньняў. У мінулым годзе амаль палова вырабленай там энэргіі паходзіла з аднаўляльных крыніц.
Урад падтрымлівае спэцыяльныя даплаты для фірмаў і прыватных асоб, якія прадпрымаюць „зялёныя інвэстыцыі”, напрыклад, інсталяцыя сонечных батарэй ці ўсталяваньне ветравых фэрмаў.
Экалёгія ў сьвеце
Канцэрн „PepsiCo” абвесьціў аб стварэньні першай у сьвеце бутэлькі, якая поўнасьцю
выраблена з расьлінных матэрыялаў. Фірма запэўнівае, што бутэлька поўнасьцю паддаецца другаснай перапрацоўцы. Такім чынам „PepsiCo” зможа скараціць выкіды двухвокісу вугалю.
Бутэлька складаецац зь біякампанэнтаў: проса, кары сасны, абалонак кукурузы. У будучыні фірма плянуе пашырыць сьпіс рэчываў для вытворчасьці бутэлек на скарынку апельсіна, абалонкі аўса і іншыя адходы, якія паўстаюць у працэсе вытворчасьці харчоў.
„PepsiCo” гарантуе, што біябутэлькі будуць каштаваць столькі, што й плястыкавыя.
Пілятажная вытворчасьць пачнецца ў наступным годзе.
Ekologia.pl
Я. С.