http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=151890

З Днём Волі!

25.03.2011

               РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
                                    ПРЭЗЫДЫЮМ

                                    З Днём Волі!

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі  вітаю Вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвешчаньня незалежнасьці беларускай дзяржавы 25-га Сакавіка 1918-га году!

Наш край аднавіў сваю незалежнасьць у 1991-м годзе, на мапе сьвету зьявілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму, што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць сьвету, што «ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчецца незалежнай і вольнай дзяржавай». Дзень 25-га Сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым нацыянальным сьвятам, сьвятам нашай ідэнтычнасьці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасьці!

Гэтымі днямі ўсё мы яшчэ перажываем падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі: фальшаваньне вынікаў галасаваньня, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, зьняволеньне соцен людзей, у тым ліку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Дык хачу нагадаць вам словы ведамага беларускага сьвятара а. Аляксандра Надсана: «На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што ня гледзячы на ўсё яны выжылі, сьведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу».

Сёньня гэтая духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцох, жанчынах і мужчынах, што дзесяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га сьнежня, і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваньнем новых – сумленных – выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь, незалежная беларуская дзяржава, загінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненьнем супраць іх збройнай сілы скончацца ягонай паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з Вас далучыцца да тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.

 Жыве Беларусь!

                           Івонка Сурвілла
                           Старшыня Рады
                           Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2011