http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=152085

Запрашаем у Польшчу - Дзікі Захад

26.03.2011

Cёньня мы хацелі б вам распавесьці пра польскі “Дзікі Захад”. Гэта так званыя “Western city” (мястэчкі родам зь Дзікага Захаду), якія сталі моднымі турыстычнай цікавінкай у Польшчы ў апошнія гады. Сёньня мы распавядзем пра іх асаблівасьці й пазнаёмім з найбольш цікавымі з нашага пункту гледжаньня.

Мода на “вэстэрны” ды “Дзікі Захад” у Польшчы існуе даволі даўно. Аднак першыя турыстучныя аб’екты падобнага кшталту пачалі зьяўляцца напрыканцы мінулага стагодзьдзя, у рамках праграмаў разьвіцьця рэгіянальных турыстычных прадуктаў, каб прыцягнуць турыстаў. Чым характарызуюцца гэтыя аб’екты? Вельмі часта – гэта копія вуліцы амэрыканскага мястэчка з часоў пакарэньня Дзікага Захаду. Гэта абавязковы “салун”, шэрыф, радэа, інсцэнізацыя боек паміж індзейцамі ды каўбоямі, паездкі на кані альбо ў некаторых выпадках нават экскурсія на паравым цягніку, які нагадвае часы “вэстэрнаў”.

На сёньняшні дзень падобныя аб’екты знаходзяцца ў розных рэгіёнах Польшчы й адрозьніваюцца як памерамі, так і прапанаванымі паслугамі.

Найбольш вядомыя цэнтры “Дзікага Захаду” ў Польшчы – гэта, напрыклад, Western City ў Сьцегнах, побач з Карпачам, краіна Western у Соньску ці Western City Mrognowille каля мястэчка Мрангова ці Мэгапарк у Грудзёндзы.

Гэтыя турыстычныя аб’екты сёньня прапануюць наведвальнікам прыкладна наступны сьпіс цікавінак ды паслугаў: інсцэнізацыя сцэн з жыцьця Дзікага Захаду з удзелам ці без наведвальнікаў, накшталт “каўбойскае двухбор'е”, напад індзейцаў, ці рабаўніцтва банку. Ёсьць таксама радэа – мэханічны бык, на якім можна паезьдзіць, стральба з луку, ці мыцьцё золата. Тыя, хто стаміўся ад фізычных практывкаваньняў, могуць падсілкавацца ды адпачыць у “салуне”, альбо набыць сувэніры зь “Дзікага Захаду” ў мясцовай краме. Што цікава, гэткія аб’екты вядуць і адукацыйную дзейнасьць. Гэта розныя лекцыі ды варштаты, як прыродазнаўчага, так і гістарычныга ды культуралягічнага характару.
Варта завітаць у такі асяродак на дзень ці на два, як самому, гэтак і з цэлай сям’ёй.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч