Вольфанг Тэмплін
Учора ў Варшаве ў цэнтры культуры „Nowy Wspaniały Świat” адбыўся вечар беларускай рэпрэсаванай літаратуры. Сустрэча пад назвай „Стоп цэнзуры ў літаратуры” была зладжаная пры падтрымцы фонда імя Гейнрыха Бёля.
Падчас сустрэчы адбыўся паказ слайдаў, на якіх былі прадстаўленыя падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, што адбыліся ў сакавіку 2006 года. На вечарыне прагучалі творы беларускіх літаратараў, якія патрапілі ў гэтак званы чорны сьпіс забароненых творцаў, у прыватнасьці, Т.Сапач, У. Някляева, В. Быкава, А. Разанава, А. Вольскага, А. Хадановіча ды Ў. Арлова.
На сустрэчы з кароткімі прамовамі выступілі Вольфанг Тэмплін - былы ўсходненямецкі апазіцыянер і дырэктар варшаўскага офіса „Фонду імя Гейнрыха Бёля”, старшыня польскага PEN- клюбу Адам Паморскі ды беларускі грамадзкі дзеяч Франак Вячорка.
Франак Вячорка
Франак Вячорка, адказваючы на пытаньне, якім чынам можна змагацца з рэжымам, зазначыў, што самае галоўнае - гэта перамагчы ўласны страх.
На сустрэчу прыйшло шмат маладых людзей, якія цікавяцца беларускай праблематыкай.
Студэнтка: Я даведалася пра сустрэчу на факультэце. Я зьяўляюся студэнткай трэцяга курсу беларускай філялогіі й таму я вырашыла прыйсьці сюды, каб мець магчымасьць даведацца шырэй пра рэчаіснасьць беларускай літаратуры. Уражаньні ад сустрэчы вельмі пазытыўныя. Я думаю, што такіх сустрэчаў патрэбна больш, бо яны даюць сьвежы погляд на беларускую літаратуру. Я тут убачыла, што людзі пачынаюць сурьёзна цікавіцца гэтай літаратурай і што яна сапраўды існуе.
Напрыканцы вечарыны быў паказаны фільм пра пасьлявыбарчыя падзеі ў Менску 19 сьнежня мінулага году й пра мэханізмы прапаганды беларускага рэжыму.
ПМK