Першы беларускамоўны ліцэй адчыняецца ў польскім горадзе Гданьску. Вучыцца ў ім змогуць як дзеці этнічных беларусаў з Польшчы, так і падлеткі зь Беларусі. Новая школа ня толькі навучыць маладых беларусаў мове, гісторыі й культуры сваёй Радзімы, але й адчыніць ім шлях у эўрапейскія ўнівэрсытэты – лічаць стваральнікі ліцэю.
Беларускі ліцэй у Гданьску распачне сваю працу ўжо 1 верасьня гэтага году. Усе прадметы ў ім будуць выкладацца на беларускай мове. Ліцэй будзе мець статус польскай дзяржаўнай навучальнай установы. Ён будзе зарэгістраваны як школа беларускай нацыянальнай меншасьці пры Зьвязе школ інжынэрыі навакольнага асяродзьдзя ў Гданьску. Адкрыцьцё школы – вынік шматгадовагага супрацоўніцтва Зьвязу й “падпольнага” Беларускага гуманітарнага ліцэю. Пра гэта кажа дырэктар гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас.
У. Колас: Гданьскі зьвяз школаў ужо даўно супрацоўнічае зь Беларускім гуманітарным ліцэем. У сувязі з тым, як беларускія ўлады ставяцца да беларускамоўнага навучаньня і ў прыватнасьці да нашага ліцэю, нарадзілася ідэя афіцыйна зарэгістраваць адзьдзяленьне беларускай нацыянальнай меншасьці пры гданьскай школе. Цяпер у ёй будуць мець магчымасьць навучацца як этнічныя беларусы з Польшчы, так і беларусы з усяго сьвету – у тым ліку з самой Беларусі.
Хутка арганізатары паведамяць, якім чынам будуць прымаць дзяцей у гданьскі ліцэй. Вучыцца ў ім будуць з 8 па 11 клясы. Адбор будзе праводзіцца на падставе сумоўя альбо экзаменаў – лічыць Уладзімер Колас.
У. Колас: Набор будзе праводзіцца шляхам сумоўя. Калі будзе шмат жадаючых, можа, й конкурсныя іспыты будзем праводзіць, пасьля якіх паведамім бацьукам і абітурыентам усе неабходныя фармальнасьці.
Гданьскі ліцэй таксама дасьць сталую прапіску навучэнцам нефармальнага Коласаўскага ліцэю. Справа ў тым, што новы беларускі пэдагагічны кодэкс фактычна забараняе хатняе навучаньне. А вось польскае адукацыйнае заканадаўства, наадварот – лібэралізуецца, кажа Уладзімер Колас.
Бацькі навучэнцаў беларускага ліцэю ў Гданьску будуць мець выбар – альбо аддаць сваіх дзяцей на сталае навучаньне ў Польшчу, альбо вучыць іх як Коласаўскіх ліцэістаў, якія частку навучальнага году праводзяць у Беларусі, а частку – у Польшчы. Навучацца ў беларускім ліцэі ў Гданьску будзе каля 100 чалавек. Выпускнікі атрымаюць польскі ды беларускі атэстаты – кажа Ўладзімер Колас.
У. Колас: Мы плянуем мець ад 80 да 100 чалавек на 4 гадах навучаньня. Гэта будуць навучэнцы 8-11 клясаў. Жадаючыя могуць застацца вучыцца і ў 12 клясе, пасьля чаго яны атрымаюць польскі атэстат, прызнаны ва ўсёй Эўропе, зь якім можна будзе паступаць ва ўсе эўрапейскія ўнівэрсытэты. Таксама навучэнцы змогуць экстэрнам здаць экзамэны за курс беларускай сярэдняй школы й атрымаць беларускія атэстаты.
Як ужо гаварылася, выкладаньне ў школе будзе весьціся выключна па-беларуску. Аднак праграма навучаньня ня будзе супярэчыць ані польскай, ані беларускай школьным праграмам – перакананы Ўладзімер Колас.
У. Колас: Мы правялі параўнаўчы аналіз беларускай і польскай парграмаў. У ліцэі будуць выкладацца усе прадметы беларускага й польскага навучальных цыклаў. Шмат у чым яны супадаюць.
Навучэнцы, якія прыедуць зь іншых гарадоў і краінаў, ня будуць мець праблемаў з жыльлём. Школа мае свой інтэрнат – кажа дырэктар Зьвязу школ інжынэрыі навакольнага асяродзьдзя ў Гданьску Аляксандар Нагуцкі.
А. Нагуцкі: Вучыцца ў нашай школе будзе вельмі выгодна, бо ўсё знаходзіцца на месцы: школа, інтэрнат, уся патрэбная інфраструктура. Фактычна, гэта будзе легалізацыя становішча, якое існуе здаўна. Мы ўжо шмат разоў прымалі ў сябе вучняў Коласаўскага ліцэю, так што яны адчуваюць сябе ў нас як дома.
Пакуль яшчэ ня вызначана колькасьць “сталых” вучняў беларускага ліцэю й колькасьць дзяцей, якія будуць навучацца “вахтавым” мэтадам. Цьвёрда вядома адно: школа пачынае працу ўжо 1 верасьня - запэўніваюць Уладзімер Колас і Аляксандар Нагуцкі.
Аляксандар Папко