Сёньня мы запрашаем Вас, шаноўнае спадарства, ў Вайцехаў – вёску ў заходняй частцы Люблінскага ваяводзтва, непадалёк ад Налэнчава.
У Вайцехаве, які паўстаў у XIV-м стагодзьдзі, да сёньняшняга часу можна пабачыць шмат цткавых і каштоўных помнікаў: Арыянскую вежу з XVI стагоддзя, фальварак з XIX веку, пабудаваны ў стылі клясыцызму, ды драўляны касьцёл з 1725 года, унутры якога захаваліся вельмі каштоўныя дублёныя, афарбаваныя ды пазалочаныя скуры. Аднак гэтая вёска вядомая не дзякуючы помнікам, а кавальскім традыцыям.
Тут ужо 25 гадоў праводзяцца агульнапольскія кавальскія мерапрыемства. Удзельнікі – кавалі, прымаюць удзел у конкурсах мастацкага кавальскага рамяства ды падкоўваньня коней. А хто толькі пачынае займацца гэтым рамяством мае магчымасьць навучыцца ад сапраўдных майстроў.
У Вайцехаве існуе адзіны ў Польшчы Музэй кавальства. Тут пачынаецца турыстычная сьцежка па сьлядах жалеза й кавальскіх традыцый. Яна складаецца з шасьці пунктаў-«цьвікоў», якія даюць магчымасьць пабачыць усе этапы вытворчасьці кавальскіх вырабаў (ад выплаўленьня мэталу да гатовай рэчы).
Першы «цьвік» - гэта візыт у музэі. Тут наведвальнікі даведаюцца аб гісторыі кавальскага рамяства, паглядзяць рэканструкцыю старога кавальскага цэха, наведаюць частку, прысьвечаную сельскагаспадарчым прыладам, у тым ліку калекцыі падковаў для коней і буйной рагатай жывёлы. Існуе таксама прывабная калекцыя мастацкіх мэталаканструкцый. Візыт завяршаецца “Легендай аб шчасьлівай падкове’’. Другі «цьвік” праграмы — гэта заняткі для дзяцей у Арыянскай вежы. Пад кіраўніцтвам інструктара маладыя ‘’кавалі’’ могуць самастойна зрабіць падкову з сольнай масы пры захаваньні ўсіх правілаў яе пабудовы. Натуральна, што кожны забірае з сабой зробленую падкову.
Трэці “цьвік” праграмы — гэта кузьня Рамана Чэрнеца з 1920 года. Менавіта тут адбываюцца агульнапольскія кавальскія мерапрыемства. Візыт у гэтую кузьню выглядае наступным чынам: экскурсія па майстэрні, цікавыя паданьні пра гісторыю вайцяхоўскай кузьні ды паказ каваньня падковы. Існуе таксама магчымасьць купіць сувэнір. Чацьвёрты “цьвік” праграмы — гэта свойскі абед, падрыхтаваны жонкай каваля ў агратурыстычным гаспадарстве, маляўніча разьмешчаным над ракой. Пяты “цьвік’’ — гэта візыт у этнаграфічным музэі «Вайцехаўскі загон», дзе можна паглядзець хату каваля з пачатку XIX стагодзьдзя з цэлым арыгінальным абсталяваньнем. Каля хаты паставілі старадаўнюю драўляную кузьню. Апошні “цьвік” – візыт у Млыне Гіпаліта.
Варта наведаць Вайцехаў, бо гэта сапраўды кузьня незабыўных успамінаў!
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч