http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=153560

Ці польскія левыя сілы аб’яднаюцца!?

16.04.2011

Саюз левых дэмакратычных сілаў (SLD) плянуе аб’яднацца з партыяй „Вунія працы” (UP). Гэтую інфармацыю пацьвердзіў у размове з журналістам Польскага радыё дэпутат SLD Барташ Арлуковіч.

Згаданую навіну агучыла сёньняшняе выданьне „Rzeczpospolita”. Паводле газэты, аб’яднальны кангрэс партыяў заплянаваны на кастрычнік. Нагадваем, з 2001 году абедзьве палітычныя арганізацыі балатуюцца на парлямэнцкіх выбарах у кааліцыі.

Барташ Арлуковіч пацьвярджае, што аб’яднаньне абмяркоўваецца даўжэйшы час.

Барташ Арлуковіч: Згаданая ідэя ўзьнікла ўжо даўно. Адзінства польскіх левых сілаў - гэта сапраўдны выклік сучаснасьці. Я думаю, што ў Польшчы ёсьць шмат асяродзьдзяў, прычым ня толькі партыйных, якія павінны ўдзельнічаць у публічных дэбатах.

- заявіў Барташ Арлуковіч з SLD.

Паводле паведамленьняў газэты „Rzeczpospolita”, пасьля аб’яднаньня абедзьве партыі зьнікнуць з польскай палітычнай сцэны, а на іх месцы паявіцца новая арганізацыя. Назва й брэнд новай партыі пакуль невядомыя. 

аз