Расейскія сьледчыя прыбылі ў Польшчу, каб дапытаць сьведкаў па справе аб крушэньні польскага самалёта Ту-154М пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Сёньня яны сустракаюцца з польскімі калегамі, у тым ліку з галоўным ваенным пракурорам брыгадным генэралам Кшыштафам Парульскім.Трое сьледчых з Расеі прабудуць у Польшчы да канца красавіка.
Каго менавіта будуць дапытваць сьледчыя, не паведамляецца, вядома толькі, што гэта грамадзянскія й ваенныя асобы, адказныя за арганізацыю палёта прэзыдэнцкага самалёта 10 красавіка 2010 года, а таксама за яго падрыхтоўку й вылет з Варшавы. Плянуецца, што ў бліжэйшыя дні расейцы дапытаюць каля 60 польскіх сьведкаў.
Польскі прэзыдэнцкі самалёт Ту-154М пацярпеў крушэньне пад Смаленскам пры заходзе на пасадку на аэрадром “Смаленск-Паўночны”. Акрамя прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, на борце знаходзілася яго жонка, а таксама частка кіраўніцтва краіны, якія накіроўваліся на памятныя мерапрыемствы ў Катыні. Загінулі ўсе 96 чалавек – 88 пасажыраў да 8 чальцоў экіпажа.
Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт у студзені абанародаваў канчатковую справаздачу аб выніках тэхнічнага рассьледаваньня. Згодна дакумэнту, непасрэднай прычынай крушэньня прызнана рашэньне экіпажа не сыходзіць на запасны аэрадром, а сыстэмнымі прычынамі – недахопы ў забесьпячэньні палёта й падрыхтоўцы экіпажа. Цяпер праходзіць рассьледаваньне крымінальнай справы, якое праводзіць Сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі.
вс