http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=153726

У Кіеве пачалася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечная наступствам Чарнобыля

19.04.2011

У Кіеве пачалася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечная 25-ым угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У ёй прымаюць удзел кіраўнікі краінаў Эўропы й эўрапейскіх структураў. Канфэрэнцыя складаецца з двух частак. Першая - гэта паседжаньне кіраўнікў дзяржаў-донараў, гатовых аказаць фінансавую дапамогу Ўкраіне ў барацьбе з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, сярод удзельнікаў паседжаньня ёсьць прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Другая частка сустрэчы пройдзе ў выглядзе саміта, прысьвечанага бясьпецы атамнай энэргетыкі.

Падчас паседжаньня донараў краіны групы Вялікай васьмёркі, а таксама міжнародныя фінансавыя ўстановы задэкляравалі канкрэтную фінансавую дапамогу Ўкраіне ў будове новага саркафага над чацьвёртым рэактарам. На падтрымку будовы ЗША прызначыць 85 мільёнаў эўра, Нямеччына 42 мільёны, Вялікабрытанія амаль 32 мільёны. Эўракамісія гаворыць пра суму 110 мільёнаў даляраў, а Эўрапейскі банк адбудовы й разьвіцця - 120 мільёнаў эўра. Сярод донараў ёсьць таксама Чэхія, Францыя, Расея й Польшча. Сама Ўкраіна намерваецца прызначыць на гэтыя мэты 72,5 мільёна эўра.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, дзякуючы за дапамогу, падкрэсьліў, што чарнобыльская трагедыя - гэта ня толькі ўкраінская праблема.

Віктар Януковіч: Глябальны маштаб чарнобыльскай трагедыі не зьмяшчаецца толькі ў дзяржаўных межах. Як Чарнобыль, так і трагічныя падзеі на японскай АЭС „Фукусіма-1”  яшчэ доўга будуць падзеямі сусьветнага маштабу, паколькі зьяўляюцца выклікам для ўсяго чалавецтва.

На завяршэньне будовы саркафага патрэбна 740 мільёнаў эўра, усе задэкляраваныя ў Кіеве сродкі ў суме даюць каля 550 мільёнаў.

кр