http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=153817

Кніга Алексіевіч увайшла ў "пяцёрку" намінантаў прэміі Капусьцінскага

20.04.2011

З 11 па 22 траўня ў Францыі адбудзецца 64-ы Міжнародны Канскі кінафэстываль, на якім упершыню будзе прадстаўлены Нацыянальны павільён Беларусі.

Паводле Мінкульта, мэтай прадстаўленьня Нацыянальнага павільёна зьяўляецца пошук патэнцыяльных партнэраў і наладжваньне ўзаемавыгадных кантактаў з прадстаўнікамі замежных кінавытворчых і кінапрадзюсарскіх кампаній, дасягненьне дамоўленасьцяў па рэалізацыі сумесных кінапраектаў.

Арганізатарамі павільёна зьяўляюцца Міністэрства культуры, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія й Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Спонсарскую дапамогу ў арганізацыі павільёна акажуць кампанія “Бульбаш” і прадстаўніцтва “Пэжо” ў Беларусі.

У Польшчы выбіраюць лепшы літаратурны твор у жанры рэпартажу. У пяцёрку намінантаў на прэмію Рышарда Капусьцінскага ўвайшлі працы аўтараў з ЗША, Аўстраліі, Польшчы, Швэцыі й Беларусі. Беларусь на конкурсе прадстаўляе Сьвятлана Алексіевіч і польскі пераклад яе кнігі "У вайны не жаночы твар". Ляўрэата вызначаць 13 мая падчас Варшаўскага кніжнага кірмашу.

Пераклад кнігі Алексіевіч, намінаваны на прэмію, быў зроблены польскім перакладчыкам Ежы Чэхам.

"У вайны не жаночы твар"- адна з самых вядомых кніг Алексіевіч - апавядае пра жанчын, якім давялося стаць салдатамі падчас Другой сусьветнай вайны: ня толькі ратаваць, перавязваць параненых, але й страляць са снайпэрскай вінтоўкі, хадзіць у разьведку, забіваць ...

Першапачаткова ў сьпісах намінантаў на прэмію Капусьцінскага фігуравала 47 кніг, 17 з іх - творы замежных аўтараў, перакладзеныя на польскую мову. Паводле ўмоваў конкурсу, прыняць удзел маглі кнігі й пераклады, якія раней не выдаваліся ў Польшчы. Вылучыць кандыдата для атрыманьне ўзнагароды мог кожны - чытач, выдавец, сам аўтар.

Ляўрэат прэміі атрымае 50 тысяч польскіх злотых (50 млн. рублёў), а 15 тысяч злотых (15. млн рублёў) атрымае перакладчык, калі пераможа кніга замежнага аўтара.

Рышард Капусьцінскі - выбітны польскі рэпарцёр (родам зь Пінска), публіцыст, журналіст і паэт. Ён аўтар больш дзесяці публіцыстычных кніг, ляўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. У Польшчы яго называлі "каралём рэпартажу". Капусьцінскі працаваў у Афрыцы, сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспубліках, Лацінскай Амэрыцы, Блізкім Усходзе, пісаў рэпартажы зь дзясяткаў краін сьвету.

6 траўня ў Варшаве пачынаецца восьмы па ліку Фэстываль дакумэнтальных фільмаў PLANETE DOC FILM FESTIVAL. За галоўную ўзнагароду пазмагаюцца дакумэнтальныя стужкі апошняга году, у тым ліку й фільмы, якія ўпершыню прэзэнтаваліся на фэстывалях Berlinale i Sundance.

Паглядзець фільм можна ў варшаўскіх кінатэатрах Kinoteka, Iluzjon i Muranów. Кінафорум працягнецца дзевяць дзён. На выходныя найлепшыя дакумэнтальныя стужкі году будуць паказаныя ў студыйных кінатэатрах дваццаці польскіх гарадоў. Наведнікі імпрэзы змогуць пабачыць фільмы “Хадаркоўскі” Кірыла Тушы, “Жыцьцё Джэйн” Лёрэнца Кнаўэра альбо “Край газу”  Джоша Фокса.

Праграма фэсту складаецца ня толькі з паказаў дакумэнтальных фільмаў, але й гэтак званых спэцыяльных падзеяў, то бок урачыстых імпрэзаў, варштатаў і сустрэч зь кінатворцамі. Фільмы можна будзе таксама паглядзець і ў Інтэрнэце на сайце iplex.pl. Продаж квіткоў на паказы пачынаецца 29 красавіка.

Больш інфармацыі на  www.planetedocff.pl.

Упершыню за апошнія гады ўручэньня самай прэстыжнай сярод журналістаў Пулітцэраўскай прэміі ні адно з выданьняў ня стала відавочным пераможцам. На цырымоніі абвяшчэньня ляўрэатаў у Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку ў панядзелак было абвешчана аб ўручэньні 7 прэмій у галіне мастацтва й 13 журналісцкіх прэмій, чатыры зь якіх падзялілі паміж сабой газэты "Нью-Ёрк Таймс" і "Лос-Анджэлэс Таймс ".

Журналісты "Нью-Ёрк Таймс" Дэвід Леонардт і Леві Кліфард сталі ляўрэатамі ў катэгорыі "Камэнтар " і "Міжнародныя навіны". Апошні Пулітцэраўскую прэмію падзеліць са сваёй калегай Элен Бэры, разам зь якой пісаў артыкулы аб становішчы спраў у сыстэме правасудзьдзя ў Расеі.

"Лос-Анджэлэс Таймс" удастоена прэміі ў ганаровай катэгорыі "За служэньне грамадзтву". Акрамя таго, узнагарода таксама трапіла да фотарэпарцёра выданьня Барбары Дэвідсан у катэгорыі "Мастацкая фатаграфія".

З 18 па 25 красавіка ў Кракаве адбываецца штогадовы фэстываль музыкі Misteria Paschalia. Трансьляцыя канцэртаў – на хвалі ІІ каналу Польскага радыё.

Misteria Paschalia - гэта адзін з асноўных эўрапейскіх фэстываляў музыкі рэнэсансу й барока. Асноўны матыў фэсту – гэта музыка, зьвязаная зь Вялікім тыднем і Вялікаднем. Творы выконваюць найлепшыя інтэрпрэтатары старадаўняй музыкі. 

дг