http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=153881

БАГАЦЬЦЕ ВЕРЫ

24.04.2011

Сёлета каталікі, праваслаўныя й грэка-каталікі адзначаюць Вялікодныя сьвяты ў тым жа самым часе. Сьвяточную нядзелю й панядзелак папярэдзіў пэрыяд асаблівай падрыхтоўкі – час разважаньня над апошнімі падзеямі ў жыцьці Ісуса Хрыста перад Ягонай сьмерцю на крыжы – Вялікі тыдзень.

Як пераконвае Юры Варанко - каталіцкі вікарый з парафіі Ўзвышшэньня сьвятога крыжа ў Берасьці, ня толькі Трыдуум пасхальнае, але й першыя дні Вялікага тыдня вылучаюцца ў літургіі.

кс. Юры Варанко: У літургіі сапраўды так. Ёсьць адмысловыя тэксты, якія чытаюць сьвятары, у прыватнасьці, у Літургіі часоў. Ёсьць таксама спэцыяльныя малітвы, прызначаныя на гэтыя дні ў Сьвятой кнізе - мшале, якая дапамагае сьвятару служыць літургію. Таксама ёсьць адмысловыя малітвы, прызначаныя на гэты тыдзень, на гэты пэрыяд.

Давайце, калі ласка, вернемся да Вялікага чацьвярга?

кс. Юры Варанко: Вялікі чацьвер распачынаецца, перш за ўсё, сьвятой імшой Хрызма, якая служыцца ва ўсіх катэдральных касьцёлах. Падчас гэткай імшы, якую ўзначальвае біскуп, зьбіраюцца ўсе сьвятары, адбываецца асьвячэньне алеяў: алеяў хворых і алеяў катэхумэнаў, а таксама сьвятая хрызма - алей, ад якога й атрымала назву згаданая імша. Сьвятары разам зь біскупам аднаўляюць свае сьвятарскія абяцаньні. Пазьней сьвятары вяртаюцца да сваіх парафіяў і вячэрняй імшой, якая называецца Імшой вячэры Пана, распачынаецца Сьвяты пасхальны трыдуум – Tryduum sacrum.

Тады моўкнуць таксама касьцельныя званы?

кс. Юры Варанко: Так, з гэтым зьвязаныя таксама такія традыцыі. На сьвятую імшу дазваляецца ўпрыгожыць сьвятыню: упрыгожыць алтар кветкамі на ўспамін таго, што ў гэты дзень быў устаноўлены сакрамэнт эухарыстыі. Але, калі сьвятар пачынае сьвятую імшу, і пасьля гімну „Хвала на вышынях Богу”, моўкнуць усе званы, усе музычныя інструмэнты. Яны моўкнуць да моманту, калі гэты гімн будзе сьпявацца падчас літургіі Ўваскрасеньня Пана, якая распачынаецца пасьля закату сонца ў суботу й зьяўляецца ўжо пасхальнай, сьвяточнай літургіяй. Таксама адметным можна назваць абрад умываньня ног на ўспамін той падзеі, што падчас апошняй вячэры Ісус Хрыстос таксама памыў ногі сваім вучням.

Наступны дзень - гэта Вялікая пятніца. Гэта дзень посту, разважаньня над мукай Пана й павагі?

кс. Юры Варанко: Так. Трэба перш за ўсё адзначыць, што Сьвяты пасхальны трыдуум - гэта тры дні, якія зьяўляюцца адной урачыстасьцю – цэласьцю. Гэта не тры асобныя ўрачыстасьці, а адна працяглая, трохдзённая ўрачыстасьць. Вялікая пятніца - гэта дзень, калі мы разважаем над сьмерцю Пана Ісуса. Канешне, гэта асаблівы дзень. У гэты дзень, згодна старажытнай традыцыі, касьцёл ня служыць ніякіх сакрамэнтаў, апрача самрамэнту споведзі й сакрамэнту намашчэньня хворых. Літургія Мукі Пана распачынаецца, калі гэта магчыма, а 3 гадзіне ў дзень – гадзіне сьмерці Ісуса Хрыста. Яна складаецца зь літургі слова - разважаньня мукі Пана (чытаецца мука Пана), а таксама з адарацыі крыжа. Напрыканцы гэтай імшы манстранцыю пераносяць на адмысловы алтар адарацыі, які часта называецца гробам. Там яна й застаецца прыкрытая белым матэрыялам. Там адаруюць яе вернікі: у  некаторых парафіях да познага вечара, альбо нават усю ноч.

Найбольш сымбалічным элемэнтам Вялікай суботы зьяўляецца асьвячэньне вялікодных страваў, якія раніцой вернікі прыносяць у сьвятыню. Што яшчэ адбываецца ў Вялікую суботу?

кс. Юры Варанко: Ці асьвячэньне страваў - гэта найбольш сымбалічны момант,  я б засумняваўся, але, сапраўды, кожны вернік лічыць абавязкам прыйсьці ў Вялікую суботу ў касьцёл і асьвяціць гэтыя вялікодныя стравы. У кошыку павінны апынуцца яйкі, нешта са сьвяточнага печыва, нейкая мясная страва, соль… Гэта, больш менш, такія абавязковыя прадукты харчаваньня ў гэтым кошыку. Сьвятар іх асьвячае. Калі ёсьць у парафіі вёскі, то сьвятары ў іх выяжджаюць. Там людзі зьбіраюцца, звычайна ля крыжа, і сьвятар таксама асьвячае іхныя сьвяточныя стравы. Асьвячэньне страваў адбываецца напрацягу ўсяго дня. Таксама вернікі, якія прыходзяць з гэтай нагоды у сьвятыню, маюць магчымасьць зноў жа адараваць Ісуса Хрыста ў гробе. Вечарам, пасьля заходу сонца, адбываецца сьвяточная ўрачыстасьць, якую называюць Вігіліяй пасхальнай, якая ўжо зьяўляецца сьвяткаваньнем Вялікдня. Згаданая літургія распачынаецца абрадам сьвятла: сьвятар асьвячае вогнішча, запальвае ад яго Пасхал - сьвечку, якая сымбалізуе ўваскрэслага Ісуса Хрыста. Пасхал урачыста ўносіцца у касьцёл, сьпяваецца гімн "Exultet" і распачынаецца Літургія слова. Яна таксама мае незвычайны характар, паколькі складаецца зь дзевяці фрагмэнтаў Сьвятога Пісаньня. Перад апошнім чытаньнем сьвятар сьпявае гімн „Хвала на вышынях Богу, і адгукаюцца ўсе званы, званкі, пачынае іграць арган. Гэта момант, які ўжо распачацьце сьвята Уваскрасеньня Ісуса Хрыста. Важным момантам гэтай літургіі зьяўляецца Хрысьцінная літургія, пасьля якой наступае ўжо звычайная Эухарыстычная літургія. Пазьняй ёсьць дзьве магчымасьці, альбо сьвяточная рэзурэкцыйная працэсія адбуваецца неадкладна пасьля суботняй літургіі, альбо працягваецца адарацыя гробу, а працэсыя праходзіць у нядзелю раніцой - а 6 або 7 гадзінах.

Два наступныя дні маюць ужо святочны характар. Тады у касьцёле мяняецца настрой, музычная афарбоўка, колеры…

кс. Юры Варанко: Канешне, уся актава, бо кожнае сьвята мае сваю актаву (восем дзён сьвяткаваньня) мае сваеасаблівую атмасфэру: белы колер літургічнага адзеньня, колер радасьці, сьпевы, радасныя воклічы „Алелюя!” Тут цяжка нават перадаць гэтую атмасфэру радасьці. Зразумела, калі чалавек перажыў глыбока ўсе гэтыя тры дні, ахвяраваў свой час, маліўся, адараваў пры гробе Хрыста, глыбока таксама адчувае гэтую радасьць.

Тут варта нагадаць пра тое, што Вялікодныя сьвяты - гэта ня толькі сьвяточная нядзеля й панядзелак, але гэта працэс, які пачынаецца ў Вялікі чацьвер!

кс. Юры Варанко: Так, гэта сапраўды працэс, які пачынаецца ў Вялікі чацьвер вечарам – ад пачатаку Пасхальнага трыдууму да сьвяточнай нядзелі. Таму, калі чалавек толькі прыйдзе раніцай у нядзелю на Рэзурэкцыйную імшу, то ён толькі троху пачуе гэтую радасьць. На жаль, часта так здараецца, што чалавек лічыць сваім абавязкам наведаць сьвятыню толькі ў нядзелю, і гэта ён лічыць адсьвяткаваньнем Вялікадня. Тым часам, сапраўднае сьвяткаваньне пачынаецца ў чацьвер вечарам і працягваецца ўсе гэтыя дні.  

- гаварыў Юры Варанко, вікарый касьцёла Ўзвышшэньня сьвятога крыжа ў Берасьці.

Таксама ў праваслаўнай царкве асабліва вялікае значэньне, як па эмацыйнасьці, так і па прыгажосьці, маюць службы, цэлебраваныя ў апошнія дні Страснага тыдня, - нагадае настаяцель Сьвятаміхалаўскай царквы ў Шчучыне Міхаіл Вялісейчык.

а. Міхаіл Вялісейчык: У нас, на Гарадзеньшчыне, гэтыя дні маюць сваю назву. Іх называюць: Чыстым чацьвяргом, Вялікай пятніцай і Краснай суботай. Літургія Вялікага чацвярга служыцца Васіля Вялікага. Далей у чацьвер служыцца Ютрань Вялікай пятніцы. Гэта ўспамін сьмерці й пахаваньня Ісуса Хрыста. У Вялікую пятніцу літургіі няма. Веруючыя людзі не прымаюць ежы, пакуль не прыложацца да Сьвятой плашчаніцы. А 3.00 гадзіне дня служыцца Вячэрня. З алтара выносяць Сьвятую плашчаніцу й ложаць на храме для таго, каб веруючыя маглі да яе прылажыцца. Там яна застаецца напрацягу трох бліжэйшых дзён: у пятніцу, у суботу й да пачатку пасхальнай службы. У нас, па традыцыі Ўтраньня Вялікай суботы служыцца рана у суботу й заканчваецца Крэсным ходам, калі плашчаніца абносіцца вакол храма. У службу Вялікай суботы ўспамінаецца Ўваскрасеньне Збавіцеля. Пасьля Крэснага ходу плашчаніцу падносяць да Царскіх варотаў, каб паказаць, што Збавіцель знаходзіцца ўжо разам з Айцом і сьвятым Духам, і што адкрывае нам дзьверу неба. Боская літургія пачынаецца у суботу пазьней. Пачынаецца яна Вячэрняй. Пасьля таго, як праспяваюць „Сьвеце ціхі” пачынаецца чытаньне 15-ці парэмій, пасля чаго пачынаецца сьвята Ўваскрасеньня Хрыстова. Адбываецца пераабалачэньне сьвяшчэньнікаў і прэстола ў белае аблачэньне. Эвангельле чытаецца ўжо на царкве. Дыякан выходзіць у белым аблачэньні, нагадваючы Ангела божага. Далей літургія прадаўжаецца нармальным чынам і толькі сьпеў царкоўны нагадвае, што гэта незвычайны дзень. Пасьля заканчэньня літургіі праходзіць благаслаўленьне віна й хлеба. Служба кончыцца ў абед, і таму некаторыя вернікі ўжо з храма не ідуць. Зробяць прыборку ў храме й пачынаецца чытаньне Дзеяў апостальскіх.  І пасьля 11.00 ноччы пачынаецца Паўночніца. Сьвятая плашчаніца заносіцца ў алтар і пачынаецца ўжо пасхальная служба – Пасхальная ютрань.

- распавядаў настаяцель Сьвятаміхалаўскай царквы ў Шчучыне Міхаіл Вялісейчык.

Размаўляла Анна Задрожна