http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154026

Велікодныя традыцыі й звычаі ў розных рэгіёнах Польшчы - Вялікая пятніца

22.04.2011

У пятніцу, паводле хрысьціянскай традыцыі, Хрыстос быў расьпяты на крыжы. Таму гэты дзень зьяўляецца днём жалобы й смутку. У сучаснай рэчаіснасьці было б складана поўнасьцю адызалявацца ад усяго сьвету, каб разважаць пакутніцтва й сьмерць Божага Сына. Але ёсьць спосаб, каб адпаведным чынам перажыць Вялікую пятніцу, - распавядае Бася, якая паходзіць з Сылезіі.

Бася: Вялікая пятніца - гэта дзень без тэлевізара. Гэта дзень разважаньняў, вечарам мы ідзем у касьцёл памаліцца. Мы стараемся правесьці гэты дзень разам у сям’і, абмяркоўваем тэмы, пра якія мы ня мелі часу паразмаўляць раней.

У Вялікую пятніцу ў касьцёлах няма эўхарыстыі, людзі прыходзяць памаліцца ля гроба Гасподняга. Гэтае своеасаблівае набажэнства альбо рытуал таксама мае сваю традыцыю ў розных рэгіёнах. Пра традыцыю, зьвязаную з ганаровай вартай ля гробу Гасподняга, распавядае Марцін з Прыкарпацьця ў паўднёва-усходнім рэгіёне Польшчы.

Марцін: У Вялікую пятніцу ля гробу, альбо такога традыцыйнага ў выглядзе пячоры, куды было пакладзена цела Хрыста, альбо такога мэтафарычнага, стаіць варта. У залежнасьці ад парафіі на варце стаяць розныя асобы. Гэта альбо пажарнікі ў сваіх сьвяточных мундзірах, альбо касьцельныя міністранты ў касьцюмах рымскіх жаўнераў. Гэтыя варты мяняюцца раз на нейкі час аж да Рэзурэкцыйнай імшы. Бывае так, што калі ў касьцёле пачынаецца Рэзурэкцыя, яны выбягаюць з касьцёла на знак, што Хрыстос змёртвыхпаўстаў.

кр