http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154033

Помнікі Яну Паўлу ІІ на тэрыторыі Беларусі

25.04.2011

1 траўня ў Ватыкане адбудзецца важная й доўгачаканая каталікамі ўсяго сьвету падзея - бэатыфікацыя папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Асоба папы рымскага-паляка застаецца нязьменна важнай таксама для каталікоў у Беларусі, пра што можа сьведчыць колькасьць манумэнтаў і помнікаў Яну Паўлу ІІ, устаноўленых у розных дыяцэзіях краіны.

На жаль, як нам паведамілі ў курыі Менска-магілёўскай архідыяцэзыі, пакуль у самой сталіцы Беларусі – Менску, помніка Яну Паўлу ІІ няма. Хаця, як раней паведамлялася ў СМІ, гэткія пляны былі. Верагодна, фігуру папы рымскага плянавалася паставіць у самым цэнтры Менска, непадалёк касьцёла сьв. Сымона й Алены. 

Тым ня менш, помнікі Яну Паўлу ІІ ёсьць у іншых парафях арцідыяцэзыі.

Курыя: На сёньняшні дзень у Менску няма. Ёсьць у Маладэчна, Нарачы й Валожыне.

Менавіта ў згаданым курыяй Валожыне знаходзіцца адзін зь першых помнікаў, які ўзьнік на тэрыторыі Беларусі. Ён разьмешчаны ў цэнтры гораду. Помнік выяўляе папу рымскага, які бласлаўляе людзей. Як пераконвае пробашч парафіі сьвятога Юзафа ў Валожыне кс. доктар Генрык Акалатовіч, гэта выключны манумэнт.

кс. Генрык Акалатовіч: Гэта ня проста помнік, але першы, і на сёньняшні дзень, адзіны помнік на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік, які пастаўлены на дзяржаўнай беларускай зямлі. Першы й адзіны. Зразумела, ёсьць помнікі, якія пастаўленыя або на касьцельнай зямлі, або на манаскай ці парафіяльнай тэрыторыях. Але гэта першы й адзіны, які пастаўлены на дзяржаўнай зямлі – на плошчы гораду Валожына. Гэта трэба падкрэсьліць.

Ініцыятарам узьнікненьня помніка, вышыня якога сягае 2 мэтраў, быў менавіта пробашч парафіі сьвятога Юзафа.

кс. Генрык Акалатовіч: Я пастанавіў такім чынам: не ўдалося папу рымскаму пры жыцьці прыехаць сюды, да нас, хай тады папа рымскі стане сярод нас у постаці фігуры, якая бласлаўляе ўсіх, якія тут жывуць і ўсю гэтую беларускаю зямлю. Вось гэта прычына й крыніца, адкуль пайшла ініцыятыва ўсталяваньня помніка.

Адкрыцьцё помніка, якое прайшло ў 2007 годзе, суправаджала вялікая ўрачыстасьць, у якой удзельнічалі, між іншым, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч, дапаможны біскуп Менска-магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Было шмат сьвятароў, былі прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі, грэка-каталікоў ды шматлікія вернікі.

Ксёндз Акалатовіч пераконвае, што ў мясцовай парафіі людзі часта ўспамінаюць і шануюць асобу папы рымскага Яна Паўла ІІ. А з помнікам зьвязаная нават своеасаблівая традыцыя.

кс. Генрык Акалатовіч: Калі вянчаюцца маладыя людзі, то спачатку яны ідуць ў ЗАГС - тут па-суседзку. Пазьней ідуць да касьцёла, да алтара, дзе атрымоўваюць сакрамэнт шлюбу ў касьцёле. Пазьней атрымоўваюць бацькоўскае бласлаўленьне й, выходзячы з касьцёла, ідуць да папы рымскага. Я падкрэсьліваю, што папа заўсёды маліўся за сем’і, дык цяпер Вы падыйдзіце да папы. Прасіце, што хочаце ў Яго, а Ён Вам дасьць. І маладыя падыходзяць да помніка, хвілінку памоляцца, паложаць кветачкі, зробяць здымкі й толькі тады ідуць гуляць на вясельле. Гэта такая традыцыя напрацягу гэтых гадоў - з 2007 года.

- расказваў пробашч парафіі сьвятога Юзафа ў Валожыне кс. доктар Генрык Акалатовіч.

Фігура Яна Паўла ІІ знаходзіцца таксама ў парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Войстраме (смаргоньскі раён). Як нагадвае мясцовы пробашч – Лявон Ладыш, ейнае адкрыцьцё мела вельмі ўрачысты характар, паколькі супадала з кансэкрацыяй сьвятыні.

кс. Лявон Ладыш: Помнік быў усталяваны ў 2009 годзе. У нас была тады такая вялікая ўрачыстасьць – кансэкрацыя касьцёла, які быў пабудаваны ў 1939 годзе, але пачалася вайна ды прыйшлі саветы, таму ягонае будаўніцтва не было закончана, а сам касьцёл – застаўся не асьвечаным. Таму, калі біскуп прыяжджаў на ўрачыстасьць кансэкрацыі касьцёла, то адначасова пасьвяціў таксама фігуру Яна Паўла ІІ. Яна разьмешчана на касьцельнай тэрыторыі, па левым баку святыні. Папа рымскі, як заўсёды, бласлаўляе адной рукой, а другой трымае пастарал.
 
- гаварыў пробашч парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Войстраме (смаргоньскі раён) Лявон Ладыш.

У парафіі сьватой Ганны ў Мосары помнік Яну Паўлу ІІ устанавіў у 2005 годзе тагачасны промашч парафіі, сьвятой памяці ксёндз Юзаф Булька, - нагадвае цяперашні пробашч ксёндз Аляксей Юркайць.

кс. Аляксей Юркайць: Ксёндз Юзаф Булька яго ўстанавіў. Ён знаходзіцца перад касцёлам ля капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Ён з пастаралаў і бласлаўляе людзей. Помнік зроблены з цэмэнту. Зараз трэба будзе яго рэстаўраваць, паколькі фарба аблезла. Я заказаў фарбу ды трэба яго адмаляваць, бо ён сапраўды ў нядобрым стане. 

Постаць Яна Паўла ІІ для беларускіх каталікоў вельмі важная, - пацьвярджае пробашч з Мосара.

кс. Аляксей Юркайць: Сьвяты Айцец Ян Павал ІІ вельмі важны, бо безь яго хто б успомніў пра Беларусь. Ён устанавіў дыяцэзыі, ён шмат чаго зрабіў для Беларусі. Ён ведаў, дзе Беларусь: устанавіў віцебскую дыяцэзію - гэта таксама вельмі важна.

Ксёндз Юркайць памятае таксама момант усталяваньня помніка Яну Паўлу ІІ у Віцебску, дзе, дарэчы, пазьней двойчы даходзіла да пашкоджаньня фігуры невядомымі злачынцамі.

кс. Аляксей Юркайць: Я памятаю, бо я тады быў дыяканам. Там стораж вартаваў, бо касцёл толькі будаваўся, ну й тры хлопцы заляцелі, разьбілі першы раз помнік. На шчасьце, ня вельмі моцна. Другое пашкоджаньне было большае. Міліцыя прыехала й палічыла, што пашкоджаньне не перавышае аднаго мільёна рублёў – гэта адміністрацыйная адказнасьць. Проста пратакол саставілі й нікога не шукалі. 

- успамінаў ксёндз Аляксей Юркайць.

Агулам на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца больш за 10 помнікаў Яну Паўлу ІІ. Апрача згаданых - у Валожыне, Войстраме, Мосары, Віцебску, Нарачы й Маладэчне, фігуры папы-паляка ёсьць таксама, між іншым, у Докшыцах ды Мёрах. 

Усе яны, апрача манумэнта ў Валожыне, знаходзяцца побач мясцовых касьцёлаў ды ўзьніклі па ініцыятыве мясцовых парафіянаў ды сьвятароў.

Анна Задрожна