http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154143

25 гадоў таму адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС

26.04.2011

25 гадоў таму – 26 красавіка 1986 года – адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС. Гэта найбуйнейшая катастрофа ў гісторыі атамных станцый у сьвеце.

Паводле падлікаў экспэртаў, наступствы аварыі сталі прычынай сьмерці некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек. Падчас выбуху ў атмасфэру трапіла вялікая колькасьць радыёактыўнай субстанцыі. Гэта прывяло да забруджваньня тэрыторыі ня толькі паблізу самой АЭС, але й вялікай часткі Эўропы.

Кіраўніцтва СССР спачатку абвяргала інфармацыю пра катастрофу. Пазьней у СМІ зьявіліся мінімальныя зьвесткі пра здарэньне, якіх ніякім чынам нельга было праверыць. У Эўропе гэта выклікала спэкуляцыю пра тысячы сьмяротных ахвяраў і пра пагрозу жыхарам суседніх дзяржаваў.

Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з забруджанай тэрыторыі было выселена больш за 350 тыс. чалавек.

Паводле рапарту адмыслоўцаў Сусьветнай арганізацыі здароўя, ААН і Міжнароднага агенцтва атамістыкі, непасрэдна ад выбуху ў Чарнобылі памерлі некалькі дзесяткаў чалавек. Ад 4 да 9 тыс. чалавек могуць памерці ад ракавых захворваньняў у будучыні. У сваю чаргу, арганізацыя Грынпіс падлічыла два гады таму, што з-за хваробаў, зьвязаных з радыяцыяй, памерла каля 200 тыс. чалавек. У будучыні, паводле эколягаў, ад ракавых захворваньняў памрэ да 100 тыс. чалавек.

Сёньня ў Чарнобылі сустрэліся прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Дзьмітрый Мядзьведзеў і Віктар Януковіч. Нягледзячы на ранейшыя абяцаньні, на супольнае ўшанаваньне памяці ахвяраў трагедыі не прыбудзе Аляксандар Лукашэнка.

дг