http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154183

Набліжаецца бэатыфікацыя Яна Паўла ІІ

26.04.2011

Праз 4 дні ў Рыме адбудзецца бэатыфікацыя Яна Паўла ІІ. На бэатыфікацыйныя ўрачыстасьці ў Ватыкан накіруюцца больш за 200 вернікаў і душпастыраў зь Беларусі. Паломнікі выедуць зь Менска-Магілёўскай, Гарадзенскай і Віцебскай дыяцэзіяў.

Урачыстая літургія на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане пачнецца 1 траўня у Нядзелю Божай Міласэрнасьці а 11 гадзіне. А 16 гадзіне адбудзецца Імша-падзяка для паломнікаў зь Беларусі, якая пройдзе ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ. Літургію ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас Велікоднага набажэнства арцыбіскуп прыгадаў, што Ян Павал ІІ любіў Касьцёл у Беларусі й памятаў пра яго ў малітве. Але, на жаль, Яну Паўлу ІІ не ўдалося наведаць краіну.  Менавіта польскі пантыфік  паспрыяў аднаўленьню структур Каталіцкага касьцёла ў краінах былога СССР, у тым ліку й Беларусі.

Тадэвуш Кандрусевіч: Вялікі пантыфік выдатна чытаў знакі часу й адказваў на іх выклікі. Зьняволены ганеньнямі Касьцёл у Беларусі быў як быццам у грабніцы. Ён ня меў адпаведных касьцельных структураў і ерархіі. Выдавалвся, што ён ужо ніколі „не ўваскрэсьне” да новага жыцьця. Аднак гісторыя яшчэ раз пацьвердзіла праўду „Тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу”.

Беларуская імша будзе падзякай за Вялікага Папу, які любіў Касьцёл у Беларусі й памятаў пра Яго.

У суботу ў ноч перад урачыстай бэатыфікацыяй Яна Паўла ІІ на старажытнай арэне „Cirrus Maximus” адбудзецца малітоўнае чуваньне. У рамках ініцыятывы „Белая ноч малітвы” цэлую ноч будуць адчыненыя восем галоўных касьцёлаў у цэнтры Рыму. 

Пляц Сьвятога Пятра можа зьмясьціць толькі 200 тысяч пілігрымаў. На ўрачыстасьці няма запрашэньняў, ані ўваходных картаў. На пляц патрапяць тыя, хто прыдзе першы, кажа ксёндз Лешак Рынкевіч з Ватыканскага радыё.

Лешак Рынкевіч: Брамкі будуць адчыненыя раніцай  каля паловы на шостую й хто прыйдзе першы, той зможа ўвайсьці. А гэта азначае, што тысячы людзей будуць начаваць вакол Пляцу Сьвятога Пятра. Як бывала раней, уся свабодная прастора вакол Ватыкану будзе занятая паломнікамі, якія будуць чакаць, каб зьмясьціцца ў лічбе 200 тысяч.

Тыя, каму ня ўдасца патрапіць на Ватыканскі пляц, змогуць удзельнічаць ва ўрачстасьцях пры дапамозе 14 сьветлавых экранаў.

Арганізатары ўрачыстасьцяў і гарадзкія ўлады папярэджваюць, што ў горадзе зьявіліся афэрысты, якія спрабуюць прадаць іншаземцам уваходныя білеты на ўрачыстасьці, асьцерагае кіраўнік консульскага аддзелу Польскай амбасады ў Рыме Ядзьвіга Петрасік.

Ядзьвіга Петрасік:  Няма абсалютна ніякіх уваходных білетаў і картаў на ўртачыстасьці бэатыфікацыі. У сувязі з тым, што паявілася інфармацыя пра продаж нейкіх білетаў, гарадзкія ўлады заклікаюць зьвятацца пра дакладную інфармацыю непасрэдна ва ўстановы, зьвязаныя з арганізацыяй урачыстасьцяў.

Дыпляматка раіць усім паломнікам, незалежна ад краіны пражываньня, яшчэ перад прыездам у Рым набыць у інтэрнэце спэцыяльную карту  „JP II SPECIAL PASS”.  Гэтая карта, тэрмінам важнасьці ад 30 красавіка па 2 траўня,  гарантуе праезд па Рыме безь неабходнасьці набыцьця дадатковых білетаў у гарадзкім транспарце. Але ня толькі.

Ядзьвіга Петрасік: Карта дае магчымасьць карыстацца гарадзкім транспартам, аўтобусамі, трамваямі, мэтро, прыгараднай  чыгункай й спэцяльнымі бусамі, якімі можна з паркінгаў даехаць у горад. Карта гарантуе магчымасьць мэдычнай дапамогі ў непрадугледжаных абставінах і аварыях, а 1 траўня ў вызначаных кропках можна атрымаць канапкі й ваду.

Акрамя таго карта дае магчымасьць бясплатнага наведваньня з аўдыёэксурсаводам базылікі Сьвятога Яна, Мамэртыньскай турмы, дзе ўтрымліваліся Сьвятыя Пётр і Павал, а таксама экскурсіі турыстычным аўтобусам "Roma Cristiana" па шляху хрысьціянскага Рыма. Карта каште 18 эўра.

Тыя, хто ня змог паехаць у Рым, а хоча ўдзельнічаць ва ўрачыстасьцях, могуць стаць сьведкамі бэатыфікацыі Яна Паўла ІІ у online рэжыме на сайце catholic.by.

Трансьляцыя з Ватыкана распачнецца ў 3.30 ночы 1 траўня. У гэты час Ватыкан будзе перажываць начное чуваньне ў падрыхтоўцы да ўрачыстасьці бэатыфікацыі Вялікага Папы. 

Трансьляцыя ўрачыстай бэатыфікацыйнай літургіі будзе наладжана таксама ў архікатэдральным касьцёле Менска. Яна пачнецца ў 11.00 беларускага часу. 

Запіс бэатыфікацыі пакажа  2 траўня  Першы канал.

Караліна Русіновіч\catholic.by