http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154196

Краявідныя скарбы Беларусі - Нясьвіж

24.04.2011

Кожнаму, хто ў горад трапляе ўпершыню, гасцінныя гаспадары абавязкова пакажуць яго галоўную славутасьць — палацава-замкавы комплекс. Накіроўваючыся сюды, вы абавязкова спыніцеся ля помніка беларускаму асветніку й гуманісту Сымону Буднаму, ля друкарні, якая носіць яго імя. Не прамінеце й фарнага касьцёла, збудаванага ў 1593 г. італьянскім архітэктарам Бэрнардоні.

Згадкі ў летапісе пад 1223 г. князя Юрыя Нясьвіскага зьвязваюць і з першым згадваньнем горада Нясьвіжа – цэнтра Нясьвіскага княства. У першай чвэрці XIV стагодзьдзя горад увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага.

Спачатку Нясьвіж належаў Пятру Кішку, потым – Радзівілам, з 1586 г. зьяўляўся цэнтрам ардынацыі Радзівілаў, меў магдэбургскае права. У той час гэта быў горада-фартэцыя. Ен быў амаль цалкам перабудаваны з улікам апошніх дасягненьняў фартыфікацыйнай навукі. Ня толькі замак князя, але й само пасяленьне, разьмешчанае паводдаль ад яго, былі акружаны ровам і валам, уезды ў горад перакрыты каменнымі брамамі з вежамі.

Нясьвіскія майстры, якія авалодалі сакрэтамі больш чым 50 рамёстваў, славіліся сваім уменьнем далёка па-за межамі Нясьвіжа. Іх майстэрства як-раз і спатрэбілася пры афармленьні ўнутраных пакояў палаца, аб прыгажосьці якіх можна меркаваць і сёньня.

Замак неаднаразова перажываў асады й разбурэньні. У 1706 г. яго разрабавалі швэды. У 1812 г. разбурэньні і ўпадак гораду прынесьлі французы. Уладальнік замка Дамінік Радзівіл з палком уланаў перайшоў на іх бок, а калі адступаў разам з арміяй Напалеона, даў камэнданту ўказаньне адправіць услед за ім асноўныя скарбы замка.

Аднак горад у хуткім часе занялі рускія войскі адмірала Чычагова. Камэндант паслаў да свайго ўладара ганца з цыдулкай аб тым, што людзі Чычагова вывозяць каштоўнасці, кнігі й гарматы, а родавыя скарбы Радзівілаў яму ўдалося схаваць. Але ганца схапілі й расстралялі. А 60 пудоў каштоўнасьцяў, схаваных камэндантам, так і ня знойдзеныя да нашых дзён…

ак