http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154432

З далёкай краіны на Апостальскі Пасад

30.04.2011

16 кастрычніка 1978 году польскі кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам Рымскім. Ад тае пары ён стаў вядомы па ўсім сьвеце як Ян Павал ІІ. Ён правёў на Апостальскім Пасадзе больш за 26 гадоў. Быў першым за 450 гадоў біскупам Рыму, які не зьяўляўся італьянцам.

Ян Павал ІІ лічыцца пантыфікам, які ў значнай ступені паўплываў на гісторыю сучаснага сьвету й Каталіцкага касьцёла. Яго называюць „Галоўным будаўніком мастоў”. Менавіта ён зьяўляецца першым пантыфікам, які ўпершуню за ўсю гісторыю Каталіцкага касьцёла пераступіў парог сынагогі й мячэці.
 
У 2000 годзе ў Іерусаліме Ян Павал ІІ сустрэўся з падстаўнікамі іудаізму й ісламу. Пантыфік падкрэсьліў асаблівае значэньне гэтага гораду, які зьяўляецца сьведкам нараджэньня й існаваньня побач з сабою трох вялікіх рэлігіяў сьвету.

Ян Павал ІІ: Для ўсіх нас Іерусалім, як сама назва сьведчыць, зьяўляецца горадам міру. Ня ўсё было й будзе простым у суіснаваньні трох рэлігіяў. Аднак мы павінны знайсьці ў нашых рэлігійных традыцях мудрасьць і адпаведную матывіроўку, каб давесьці да трыюмфу ўзаемазразуменьня й сардэчнай пашаны.

Амаль пасьля 1500 гадоў спрэчкі Польскі пантыфік давёў да прымірэньня з Армянскім Касьцёлам. Ён заўсёды зазначаў, што экумэнізм - гэта ня толькі ўзаемная талерантнасьць, гэта адзнінства, выкліканае ўнутранай патрэбай кожнага чалавека.

Пантыфік заўсёды рашуча заклікаў да міру на зямлі, да пашаны правоў чалавека й права кожнага чалавека да годнага жыцьця. Шмат увагі прысьвячаў свабодзе й правам, якія дае свабода. Ён не вагаўся займаць цьвёрдай пазыцыі ў справе палітычных канфліктаў і грамадзкіх праблемаў. Па ягонай ініцыятыве ў італьянскім Асыжы зьбіраліся прадстаўнікі ўсіх рэлігіяў, каб маліцца за мір у сьвеце. У гэты дзень штогод па ўсім сьвеце спыняліся ваенныя канфліты.   У 1997 годзе папа зьвярнуўся да палітыкаў і вайскоўцаў, каб тыя са сваіх арсэналаў пазбавіліся супрацьпяхотных мінаў, якія галоўным чынам прыносяць крыўду мірнаму насельніцтву. У Ірляндыі ён заклікаў чальцоў  радыкальнай нацыяналістычнай групоўкі IRA спыніць насільле, у Вялікабрытаніі выказваў свой супраціў вайне ў Пэрсідзкім заліве, падчас сваіх выступаў заклікаў да міру ў былой Югаславіі.

У 2002 годзе падчас „Сусьветнага дня міру” Ян Павал ІІ выказаў думку, што кожны, хто карыстаецца сваёй рэлігіяй, каб выклікаць насільле й боль, зьнішчае самы глыбокі сэнс яе існаваньня.

Ян Павал ІІ: Веруючыя людзі й грамадзтвы павінны рашуча асудзіць насільле, усялякае насільле, пачынаючы ад таго, якое ажыцьцяўляецца ў імя Бога. Ніводная рэлігія ня можа апраўдаць выкарыстаньня насільля супраць іншага чалавека.

У 2003 годзе годзе ён зьвярнуўся да сусьветных лідараў з просьбай вырашыць канфлікт ў Іраку мірным чынам, высылаючы дзеля гэтага зь місіяй у Багдад кардынала Роджэра Эчэгэрая.

Ян Павал ІІ заўсёды заклікаў вернікаў, каб яны не саромеліся сваёй веры, зазначаючы, наколькі яна важная ў жыцьці сучаснага чалавека.

Яго можна сьмела назваць Папам-паломнікам, падчас свайго пантыфікату ён зьдзейсьніў 104 замежныя падарожжы, наведваючы 129 краінаў, амаль на ўсіх кантынэнтах. Аднак найбольш за ўсё ён любіў вяртацца ў Польшчу, якую, ужо будучы пантыфікам, наведаў 9 разоў. Ян Павал ІІ заўжды адзначаўся пачуцьцём гумару. Нават у цяжкія хвіліны хваробы ён заўсёды жартаваў. Так было ў часе апошняга паломніцтва ў Айчыну ў 2002 годзе. 

Ян Павал ІІ:  Прабачце мне, калі ласка. Прэзыдэнт стаіць, кардынал стаіць, а я сяджу. Прашу прабачэньня, але перада мною паставілі такое пярыла, што я ня маю магчымасьці ўстаць.

Сваё апошняе паломніцтва ў Айчыну ён поўнасьцю прысьвяціў Божай міласэрнасьці. Падчас цырымоніі разьвітаньня на лётнішчы ў Баліцах ён разьвітаўся слётамі, якія па сёньняшні дзень выклікаюць узрушаньне: „Што казаць, шкада зьязджаць.”

Пасьля доўгай хваробы ва ўзросьце 84 гадоў Ян Павал ІІ памёр у суботу 2 красавіка 2005 году, напярэдадні Сьвята Божай міласэрнасьці. "Santo subito" - "Сьвяты адразу" - такія напісы можна было ўбачыць на транспарантах, якія трымала моладзь у дзень паховінаў Яна Паўла ІІ. Сьвяты адразу, абыходзячы ўсялякія працэдуры й працэсы.

1 траўня - у Нядзелю Божай міласэрнасьці - Ян Павал ІІ далучыцца да ліку блаславёных Каталіцкага Касьцёла.

Апрацавала Караліна Русіновіч