http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154439

Запрашаем у Польшчу: возера Вігры

29.04.2011

У нядзелю ў Ватыкане пройдзе цырымонія бэатыфікацыі папы рымскага Яна Паўла ІІ. У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” працягнем гаворку пра месцы, зьвязаныя з пантыфікам.
Сёньня накіруемся на паўночны ўсход Польшчы, на возера Вігры. Упершыню ў пісьмовых крыніцах возера ўзгадваецца ў 1418 годзе – пра яго пісаў вядомы польскі летапісец Ян Длугаш. Берагавая лінія мае працягласьць 60 кілямэтраў, берагі высокія, паросшыя хвойным лесам. Вакол возера раскінулася Аўгустоўская пушча, якая цягнецца ажно да Друскенік ды Горадні. Тэрыторыя вакол возера й сам вадаём уваходзяць у склад Вігерскана нацыянальнага парку – аднаго з буйнейшых у Польшчы. Вігры – папулярнае месца адпачынку палякаў у летні пэрыяд, у тым ліку сярод аматараў ветразёвага спорту. Дарэчы, Вігры зьяўляюцца адным з двух польскіх азёр, куды сіг прыходзіць на нераст. Сіг – гэта прамысловая й адносна нятанная рыба сямейства ласосевых. Праз пралівы й невялічкія рачулкі возера Вігры спалучаецца зь іншымі 16-ю гэтак званымі Аўгустоўскімі азёрамі. Так што існуе магчымасьць зь Віграў прайсьці на байдарцы да Аўгастоўскага каналу, а пазьней – да Нёмана. 
На ўзьбярэжжы возера Вігры разьмясьціўся кляштар ордэна Камальдалійцаў (альбо Камэдулаў). Менавіта ў ім у 1999 годзе, падчас часткі візыту ў Польшчу, спыніўся Ян Павал ІІ. Пантыфік таксама праплыў па ваколіцы на прагулачным цеплаходзе “Трытон”. Дарэчы, сёньня кожны жадаючы можа зьняць нумар у кляштары, а таксама праплыць на “Трытоне”. Ёсьць магчымасьць арэндаваць судна поўнасьцю, аднак, зразумела, гэта каштуе нятанна.
Адным словам, Вігры – гэта адпаведане месца ня толькі для лянівага, але й актыўнага адпачынку. І вялікі плюс – прыгожыя краявіды ды багатая гісторыя. 


вс