http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154464

Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” напісаў ліст да Лукашэнкі

30.04.2011

Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч напісаў лісты да Аляксандра Лукашэнкі й Паўла Якубовіча ў сувязі з пагрозай закрыцьця дзьвюх незалежных газэтаў – перадае інфармацыйны партал АLE.BY.

Іосіф Сярэдзіч заклікаў кіраўніка дзяржавы “спыніць дзеяньні Міністэрства інфармацыі, скіраваныя на эскаляцыю канфліктнай сытуацыі ў грамадзтве”. Закрыцьцё вядучай недзяржаўнай газэты “Народная Воля” зьяўляецца спробай затушыць пажар бэнзінам – піша рэдактар.

Іосіф Сярэдзіч таксама заклікаў старшыню Грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі склікаць паседжаньне гэтай структуры й абмеркаваць сытуацыю, зьвязаную з пагрозай закрыцьця “Нашай Нівы” й “Народнай Волі”. “ У імя інтарэсаў Беларусі рэдакцыя гатова да канструктыўных перамоваў з прадстўнікамі Адміністрацыі прэзыдэнта й Міністэрства інфармацыі” – напісаў Іосіф Сярэдзіч у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі.

Прыгадаем, што 25 красавіка Міністэрства інфармацыі падала іск з патрабаваньнем зачыніць недзяржаўныя газэты “Народная Воля” й “Наша Ніва”.

АLE.BY - АП