http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154676

Увага: фальшывыя сайты па продажы білетаў на ЭЎРА-2012

04.05.2011

Паліцыя Любліна (усходняя Польшча) выкрыла ў сеціве й заблякавала фальшывы сайт UEFA, на якім злачынцы прапанавалі білеты на чэмніянат Эўропы па футболе, які пройдзе ў 2012 годзе ў Польшчы ды ва Ўкраіне.

Паліцыянты зьвярнулі ўвагу на рэсурс таму, што ён працаваў толькі на ангельскай мове, хоць сапраўдны сайт UEFA працуе на некалькіх мовах. Гаворыць прэс-афіцэр люблінскай паліцыі Рэната Лашчак-Русак.    

Р. Лашчак-Русак: Сайт працаваў паўтара месяца, на ім пабывала каля 2 тыс. інтэрнэт-карыстальнікаў. Злачынцы прапанавалі білеты на чэмпіянат па цане ад 250 да 1250 эўра. Цяпер мы стараемся высьветліць, колькі людзі маглі страціць ад дзейнасьці злачынцаў. 

Страты – гэта ня толькі грошы, заплачаныя за білеты. Гэта быў так званы фішынгавы сайт – гэта від інтэрнэт-махлярства, мэта якога – атрыманьне доступу да канфідэнцыяльных дадзеных карыстальнікаў – лёгінаў і пароляў. Так што нельга выключыць, што злачынцы могуць украсьці з банкаў ашчаднасьці кліентаў, якія пакінулі дадзеныя на фальшывым сайце. Паводле паліцыі, на сайт заходзілі грамадзяне розных краін. Польскія праваахоўныя ворганы просяць грамадзян, якія наведвалі сайт www.euro2012portal.com, скантактавацца з паліцыяй.

вс