Спэцслужбы ЗША самастойна распрацавалі ды правялі апэрацыю па ліквідацыі Усамы бін Ладэна. Уладам Пакістану пра яе нават не паведамлялася . Пра гэта заявіў дырэктар ЦРУ Леон Панэта. Чым тлумачыцца такая сакрэтнасьць і ці адпавядае апэрацыя нормам міжнароднага права? – запыталіся мы ў экспэртаў у сфэрах тэрарызму й міжнародных стасункаў.
“Тэрарыст № 1” Усама бін Ладэн быў застрэлены 2 траўня ў горадзе Абатабад непадалёк ад сталіцы Пакістану. Яго рэзыдэнцыю ўзяла штурмам група амэрыканскага спэцназу. Дырэктар ЦРУ Леон Панэта заявіў, што апэрацыю спэцыяльна трымалі ў сакрэце ад пакістанскіх уладаў, бо асьцерагаліся, што тыя могуць папярэдзіць тэрарыста.
З пункту гледжаньня міжнароднага права амэрыканская вайсковая апэрацыя на тэрыторыі Пакістану выглядае сумнеўна. Аднак у гісторыі такія выпадкі – ня рэдкасьць, кажа экспэрт-міжнароднік Андрэй Федараў.
А. Фёдараў: Шчыра кажучы, у мяне шкадаваньня з гэтай нагоды няма, але з пункту гледжаньня міжнароднага права тут могуць узьнікнуць пэўныя праблемы. У гісторыі, канешне, былі такія выпадкі. Прыгадаем хаця б забойства савецкім агентам Ільва Троцкага, якое адбылося ў Мэксіцы, ці выкраданьне Ізраілем нацысцкага злачынцы Адольфа Эйхмана, які жыў у Аргэнтыне, і суд над ім. Такіх прыкладаў шмат, але яны ня вельмі адпавядаюць міжнароднаму праву.
Амэрыканцы былі вымушаныя трымаць інфармацыю пра падрыхтоўку забойства бін Ладэна у сакрэце ад пакістанцаў, бо проста ня мелі нішага выбару – кажа спэцыяліст па справах Усходу Сяргей Богдан. Ёсьць шматлікія доказы, што пакістанскія спэцслужбы маюць повязі з Аль-Каідай, кажа экспэрт.
С. Богдан: Праблема ў тым, што невядома, на чыім баку стаяць пакістанскія ворганы бясьпекі, на чыім баку стаяць вельмі многія ўстановы пакістанскй дзяржавы. Дастаткова прыгадаць, дзе хаваўся бін Ладэн. Гэта пакістанскі гарнізонны горад у непасрэднай блізкасьці да вайсковай акадэміі. Дапускаць, што бін Ладэн мог там прысутнічаць без дапамогі з боку прынамсі некаторых афіцыйных асобаў – складана. Гэтую апэрацыю можна было правесьці толькі альбо так, як зрабілі, альбо ніяк.
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі амэрыканскія вайскоўцы вядуць самастойныя апэрацыі на тэрыторыі Пакістану. Канфлікты, якія узьнікалі, заўсёды лёгка вырашаліся дыпляматычным шляхам – кажа дырэктар Цэнтра дасьледваньняў тэрарызму Кшыштаф Лэйдэль.
К. Лэйдэль: Злучаныя Штаты неаднаразова праводзілі вайсковыя апэрацыі на тэрыторыі Пакістану, у тым ліку з выкарыстаньнем беспілётных самалётаў. Часамі гэтыя дзеяньні не ўзгадняліся з Ісламабадам – альбо каб захаваць апэрацыі ў таямніцы, альбо таму, што не было магчымасьці паінфармаваць. Найчасьцей праблемы з пакістанскімі ўладамі улагоджваліся ўжо па факце. Пакістан зьяўляецца сябрам антытэрарыстычнай кааліцыі, вельмі цесна супрацоўнічае з ЗША, таму заўсёды праблемы зьвязаныя з неатрыманьнем дазволу на правядзеньне апэрацый вырашаліся дыпляматычным шляхам.
Правядзеньне сакрэтных апэрацыяў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, зьяўляецца звычайнай практыкай у барацьбе супраць тэрарызму – кажа Кшыштаф Лэйдэль.
К. Лэйдэль: Такія апэрацыі праводзіў Ізраіль. Самай вядомай зьяўляецца ліквідацыя тэрарыстаў, якія арганізавалі замах супраць зборнай Ізраілю на Алімпіядзе ў Мюнхэне ў 1972 годзе. Ні для каго не сакрэт, што такія апэрацыі сёньня праводзіць Расея. Некаторыя дзеяньні ўлады намагаюцца растлумачыць, спасылаючыся на нормы міжнароднага права. Падазраваных у тэрарызме часам паўлегальна ці нелегальна затрымліваюць на тэрыторыі іншых краінаў, а пазьней спрабуюць гэта абгрунтаваць.
Ліквідацыя Усамы бін Ладэна, несумнеўна, павысіць папулярнасьць Барака Абамы ўнутры краіны – лічаць спэцыялісты. Амэрыканскую зьнешнюю палітыку таксама могуць чакаць перамены. ЗША перастануць успрымаць антытэрарыстычную дзейнасьць, як “сьвятую вайну” супраць “восі зла”– лічыць Сяргей Богдан. Палітыка Вашынгтону стане менш ідэалягізаванай, будзе больш спакойнай і прагматычнай – спадзяецца экспэрт.
С. Богдан: Проста так адмовіцца ад курсу, абранага Джорджам Бушам у 2001 годзе, азначала б здрадзіць памяці ахвяраў тэракту 11 верасьня ды іншых тэрарыстычных атак. Цяпер жа, умоўна кажучы, на гэтым пэрыядзе пастаўлена сымбалічная кропка.
Вайсковыя ж дывідэнды ад забойства бін Ладэна мінімальныя – кажуць экспэрты. Наіўна думаць, што пасьля яго сьмерці тэрарыстычная актыўнасьц рэзка пойдзе на спад – кажа дырэктар Цэнтру дасьледваньняў тэрарызму Кшыштаф Лэйдэль.
К. Лэйдэль: Я скэптычна падыходжу да рэальных выйгрышаў ад ліквідацыі Усамы бін Ладэна. Ён ўжо доўгі час не кіраваў дзеяньнямі Аль-Каіды на тактычным узроўні. Ягоная сьмерць мае перадусім сымбалічны, прапагандысцкі характар. Аль-Каіда збудаваная накшталт сеткі. Малыя арганізацыі, якія ўваходзяць у яе, самі плянуюць і праводзяць тэракты. Яе ядро на чале зь бін Ладэнам указвала толькі стратэгічныя ды ідэалягічныя мэты. Сецявы характар Аль-Каіды прывядзе да таго, што ўзьнікне новы лідар. Нельга забывацца, што яшчэ жывы Айман аз-Завахіры. Яго лічаць галоўным ідэолягам Аль-Каіды. Аналітыкі кажуць, што ён адыгрывае нашмат больш значную ролю, чым бін Ладэн.
Гэтую думку падзяляе спэцыяліст па справах Блізкага Усходу Марыюш Баркоўскі. Аль-Каіда не зьяўляецца маналітнай, таму перамагчы яе вельмі цяжка.
М. Баркоўскі: Забойства бін Ладэна мала што зьменіць. Зьнішчаны не вайсковы, аідэалягічны лідар Аль-Каіды. Зрэшты, тая Аль-Каіда, якую стварыў калісьці бін Ладэн, не існуе. Ён стварыў калісьці арганізацыю, якая складалася з “рыцараў”, што зхацелі малымі групамі атакаваць Захад, яго інтарэсы і праз зьнішчэньне Сусьветнага гандлёвага цэнтра пакласьці крэс панаваньню Захаду. З таго часу, як бін Ладэн пачаў хавацца, ён перадаў кіраўніцтва акцыямі камандзірам ніжэйшага ўзроўню. Аль-Каіда – гэта не маналітная арганізацыя, а вялікае мноства групаў, якія дзейнічаюць пад адной вывескай. Вельмі часта яны дзейнічаюць на іпрынцыпах “канцэсіі”, як ліцэзыйныя крамы. Арганізацыі гэтыя вельмі цяжка выкрыць і зьнішчыць.
У будучыні экспэрты прагназуюць не падзеньне, а нават пэўны ўзрост тэрарыстычнай актыўнасьці. Ісламісты будуць помсьціць за гібель свайго лідэра. Барацьба з тэрарызмам пераходзіць у новую фазу – канстатуюць спэцыялісты.
Аляксандар Папко