http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154785

"Летапісец гісторыі Польшчы"

06.05.2011

5 траўня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася кніжная выстава "Летапісец гісторыі Польшчы", прысьвечаная 165-годдзю з дня нараджэньня ляўрэата Нобэлэўскай прэміі Генрыка Сянкевіча.

У экспазыцыю ўвайшлі 105 адзінак з фондаў музэя: выданьні 1887—2009 гадоў –- творы пісьменьніка на польскай мове і ў перакладах на рускую й беларускую мовы, а таксама шматлікія публікацыі пра яго жыцьцё й творчасьць. Цэнтральнае месца ў экспазыцыі займаюць прыжыцьцёвыя выданьні твораў Сянкевіча: амаль поўнасьцю прадстаўлены 80-томны збор твораў, выдадзены ў якасьці дадатку да "Тыгодніка ілюстраванага", а таксама некаторыя паасобнікі зь іншых збораў твораў пісьменьніка.

На многіх экспануемых выданьнях захаваліся кніжныя знакі былых уладальнікаў: штампы бібліятэкі Нясьвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Рускага кніжнага гандлю А.Г.Сыркіна, Дабрачыннага таварыства дапамогі бедным рымска-каталіцкага веравызнаньня ў Маскве, гарадзкіх бібліятэк Кобрына й Берасьця.

На выставе таксама дэманструюцца 14 выданьняў з фондаў бібліятэкі (творы Сянкевіча, выдадзеныя з 1930-х гадоў па сёньняшні час) і відэафільмы, прысьвечаныя жыцьцю й творчасьці класіка.

дг