http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=154940

„Homo Homini” пра выбарчыя сымпатыі палякаў

08.05.2011

Павялічваецца падтрымка праўладнай партыі "Грамадзянская плятформа" (PO) і апазыцыйнай партыі "Права й справядлівасьць" (PiS).

Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага Інстытутам „Homo Homini”, за PO прагаласавалі б 32,9% апытаных - гэта на 1,5% больш, чым тыдзень таму.

У сваю чаргу за PiS свой голас хочуць аддаць 27,4% апытаных выбаршчыкаў – на 1% больш, чым на мінулым тыдні.

Не мяняецца падтрымка Саюзу левых дэмакратычных сілаў (SLD) - 17%, і Польскай сялянскай партыі (PSL) - 7%.

Старшыня „Homo Homini” Марцін Дума ў размове з Польскім радыё падкрэсьліў, што падтрымка дзьвюх асноўных партыяў амаль не мяняецца.

Марцін Дума: Невялікія скокі падтрымкі PO i PiS назіраюцца ўжо працяглы час. Абедзьве партыі цягам некалькіх апошніх тыдняў, за выключэньнем пэрыяду гадавіны смаленскай катастрофы, захоўваюць стабільную колькасьць прыхільнікаў.

-падсумаваў старшыня інстытуту „Homo Homini”.

Надалей выбарчага парогу не пераадольваюць дзьве наймаладзейшыя польскія партыі: "Польшча - найважнейшая” -2,5%, і Рух падтрымкі Палікота "Сучасная Польшча" – 0,5%.

Калі б парлямэнцкія выбары адбываліся сёньня, то яўка грамадзян склала б 53,8%.

аз