http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155045

У Хэльсінкі пройдзе “Вечар свабоды Беларусі”

10.05.2011

Сёньня ў Хэльсінкі, сталіцы Фінляндыі, у Нацыянальным тэатры адбудзецца “Вечар свабоды Беларусі”. Са сцэны тэатра прагучаць вершы Ўладзімера Някляева, аповяд аб сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі, пра абставіны гучных судовых працэсаў над экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты.

У акцыі прымуць удзел фінскія акторы, музыкі, рэжысэры. Гэта будзе адкрыты для ўсіх наведвальнікаў вечар.

Адна з арганізатарак акцыі, дачка Ўладзімера Някляева Ева кажа, што фінскія акторы будуць зачытваць тэксты выбраныя ёй з блёгаў пасьля падзей 19 сьнежня. “Нашая мэта - паказаць, што ў Беларусі цяпер не абстрактны крызыс. Беларусь на карце Эўропы цяпер - нейкае гета» - гаворыць Ева Някляева.

Е. Някляева: І мы вечарам 10 траўня распавядзем аб звычайных людзях звычайнай чалавечай мовай. Каб стала больш зразумелым, што ёсьць будзённасьцю Беларусі сёньняшняй. Як гэтай будзённасьцю сталі ў Беларусі зло й рэпрэсіі. І як адначасова будзённым стаў гераізм супраціву.

Са сцэны Нацыянальнага тэатра прагучаць  сьведчаньні рэпрэсаваных пасьля 19-га сьнежня звычайных грамадзян Беларусі, якія прыйшлі на мірную акцыю ў Дзень выбараў. Прагучаць на Вечары Свабоды Беларусі й вершы Уладзіміра Някляева, перакладзеныя на фінскую паэтам Юккам Малінэнам.

дг