У Кракаве стартаваў ІІ Фэстываль Чэслава Мілаша. У рамках імпрэзы пройдуць сустрэчы са славутымі паэтамі з усяго сьвету, дыскусіі й аўтарскія вечарыны, кінапрагляды й канцэрты, навуковая сэсія.
Фэст праходзіць пад назвай “Сямейная Эўропа”, так як адна з найбольш вядомых аўтабіяграфічных кніжак Мілаша.
Нагадаем, што ў чэрвені спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня паэта, эсэіста, гісторыка літаратуры, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў 1980 годзе.
У Кракаў прыбылі вядомейшыя ў сьвеце паэты: Джэйн Гіршфілд, Робэрт Хас, Зэдзі Сьміт, Адоніс, Бэй Дао, Джон Бэнвіл.
З нагоды фэстывалю сьвет пабачаць шмат кніжак, прысьвечаных Мілашу. Галоўнай падзеяй імпрэзы стане прэзэнтацыя манумэнтальнай біяграфіі нобэлеўскага ляўрэата аўтарства Анджэя Франашака. Для гасьцей фэсту зладжаны адмысловы кінапаказ пра творчасьць і жыцьцё Мілаша.
У нядзелю ў рамках фэстывалю адбудзецца літаратурная імпрэза “Вялікае княства паэзіі”. У ёй возьме ўдзел беларускі паэт Андрэй Хадановіч. Больш інфармацыі пра мілашаўскі фэстываль можна знайсьці на сайце www.milosz365.pl
12-15 траўня Менск прымае юбілейны, дзясяты па ліку «Дударскі фэст» са сьвяточна-шырокім міжнародным складам удзельнікаў. У ліку запрошаных зорак - майстры сярэднявечнай фальклёрнай музыкі FIDELIUS (Нямеччына), OPEN FOLK (Польшча) і HEDNINGARNA (Швэцыя).
Адкрыюць "Дударскі фэст - 2011" канцэрт у Палацы вэтэранаў 12 траўня беларускія гурты Essa й Litvintroll. Вечарам на наступны дзень на гэтай жа сцэне выступіць гурт Hedningarna.
Па традыцыі адзін дзень "Дударскага фэсту"прысьвечаны абмеркаваньню пытаньняў разьвіцьця музычнай культуры, ігры на дудзе. У гэты раз тэма канфэрэнцыі - "Захаваньне традыцыі валынкі на Усходзе Эўропы ".
Канфэрэнцыя традыцыйна праходзіць на хутары Барок ў Валожынскім раёне.
У заключэньне 15 траўня адбудуцца адразу два канцэрты дуды. Выступленьне калектыву зь Нямеччыны Fidelius і беларускіх гуртоў пройдзе днём у музэйным комплексе "Дудуткі".
Пачатак правядзеньня фэстывалю быў пакладзены ў 1990 годзе. З 1992 года ў Менску праводзіцца міжнародны фэстываль "Дударскі фэст"(з 2006-га - штогод). На фэстывалі прадстаўлена музыка дудаў ўсіх напрамкаў - ад традыцыйнага фальклёру да рок-музыкі.
Сёньня ў Канах 64 раз пачынаецца Міжнародны кінафэстываль. На цырымоніі яго адкрыцьця ўпершыню будзе ўручана ганаровая "Залатая пальмавая галінка" за ўклад у разьвіцьцё кінематографа - яе атрымае італьянскі рэжысэр Бэрнарда Бэрталучы, аўтар "Апошняга танга ў Парыжы" , "ХХ стагодзьдзя ", “Маленькага Буды” й “Летуценьнікаў”.
Ацэньваць сёлета канкурсантаў будзе журы пад кіраўніцтвам Робэрта Дэ Ніра, у якое ўвайшлі таксама Джуд Лоў і Ума Турман, а на прэм’ерах чакаюць Брэда Піта з Анджалінай Джолі, Джоні Дэпа з Ванэсай Парадзі, Пенэлёпу Крус з Хаўерам Бардэмам і Шона Пэна.
Самым чаканым фільмам у конкурснай праграме стала "Дрэва жыцьця " Тэрэнса Маліка. Сюжэт карціны трымаецца ў тамніцы, вядома толькі, што гаворка пойдзе пра падрастаньне хлопчыка па імені Джэк.
Пэдра Альмадовар ўдзельнічае ў конкурсе са стужкай “Скура, у якой я жыву” - экранізацыяй французскага рамана “Тарантул” пра плястычнага хірурга, які трымае ў сябе ў замку таемную апэрацыйную й каханую, пасаджаную на ланцуг. Мэта жыцьця хірурга - помста людзям, якія згвалцілі яго дачку.
Усяго ў конкурснай праграме дваццаць фільмаў. Фэстываль будзе працягвацца да 22 траўня.
Беларуская дэлегацыя накіравалася ў Каны для ўдзелу ў міжнародным кінафэстывалі. Дэлегацыю ўзначальвае дырэктар дэпартамэнта па кінематаграфіі Мінкультуры Алег Сільвановіч.
Як паведамлялася раней, Беларусь у гэтым годзе ўпершыню адкрые на Канскім кінафэстывалі нацыянальны павільён. У ім будзе прадстаўлена паліграфічная прадукцыя, плякаты, банэры апошніх беларускіх фільмаў, каталёгі кіна-й відэапрадукцыі Беларусі за апошнія два гады. На двух вялікіх экранах будуць трансьлявацца фільмы на ангельскай мове аб культуры, гісторыі Беларусі, яе дасягненьнях у розных сфэрах, фрагмэнты беларускіх мастацкіх фільмаў.
У польскіх кнігарнях зьявілася скандальная аповесьць сьледчага журналіста Марыюша Зэлькэ “Прысуд”. У Польшчы яго кнігу параўноўваюць з трылёгіяй Сьціга Лярсана “Millenium”.
У аповесьці шмат гаворыцца пра рэаліі сёньняшняй Польшчы, сьмела апісваецца мэханізм фінансавых злачынстваў, а таксама змрочныя таямніцы “акулаў фінансавага рынку”. Гэта наватарская аповесьць напісаная вельмі арыгінальным пяром.
“Прысуд” – гэта найлепш прадаваемая электронная кніга ў інтэрнэт-кнігарні Bezkartek.pl. Сайт кнігі пасьля яе прэм’еры наведала за адзін дзень 3,5 тысячы чалавек з 27 краін. Аповесьць Зелькэ - гэта адна зь нямногіх польскіх кніжак, якія пабачылі сьвет у адмысловай праграме для iPhone, iPoda i iPada.
“Прысуд” – гэта першая частка трылёгіі аўтара. Другая частка будзе выдадзена ў 2012 годзе.
Нагадваем пра старонку moje.polskieradio.pl. Гэта новы партал Польскага радыё, на якім ёсьць цэлы шэраг тэматычных каналаў, уключна з музычнымі, а таксама архіўныя матэрыялы Польскага радыё.
дг