http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155280

Запрашаем у Польшчу: балтыйскі бурштын (AUDIO)

13.05.2011

Сёньня, сябры, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” пра бурштын, якім славіцца краіна. Бурштын – гэта мінэрал, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў. Яго ўзрост – больш за 40 млн. гадоў. Бурштын утвараецца ў працэсе акамяненьня смалы й наступнага пераадкладаньня й пахаваньня ў прыбярэжных морах, лагунах, дэльтах рэк. Частка ўзораў бурштыну мае ўключэньні насякомых і расьлінных рэшткаў – такія экзэмпляры высока цэняцца на ювэлірным рынку.

Асноўныя радовішчы бурштыну знаходзяцца на берагах Балтыйскага мора. Гэта так званы балтыйскі бурштын, адзін з найбольш каштоўных. Дарэчы, бурштын таксама здабываюць у іншых кутках сьвету, напрыклад, на Карыбскіх выспах, і ён мае іншы колер, напрыклад, сіні. Але вернемся да польскага бурштыну.

Ювэлірныя выбары з бурштыну на тэрыторыі сучаснай Польшчы былі вядомыя ўжо ў эпосе палеаліту. У Рымскай імпэрыі мінэрал быў вельмі каштоўным, і з часам паўстаў гэтак званы бурштынавы шлях – ад берагоў Балтыйскага мора да Адрыятыкі. Ён перасякаў амаль усю Эўропу з поўначы на поўдзень пачынаючы зь першага стагодзьдзя нашай эры. Бурштынавы шлях праходзіў праз такія польскія гарады, як Уроцлаў, Конін, Быдгашч, і дзякуючы гандлю яны пачалі разьвівацца. Што цікава, у 19-м стагодзьдзі ва Ўроцлаве быў знойдзены скарб – 5 кіляграмаў бурштыну зь першага стагодзьдзя нашай эры. Спэцыялісты лічаць, што тавар быў уласнасьцю пэўнага купца з Рымскай імпэрыі, і па нейкай прычыне каштоўны груз застаўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. А найбольшая глыба бурштыну была знойдзена ў 1860 годзе каля цяперашняга польскага гораду Камень Паморскі. Яе вага – амаль 10 кіляграмаў, цяпер гэты бурштынавы самародак знаходзіцца ў адным з бэрлінскіх музэяў. Польшча – гэта, так бы мовіць, бурштынавая краіна: мінэрал ня толькі тут здабываюць, але й робяць надзвычай прыгожыя ювэлірныя вырабы. У краіне ёсьць таксама вельмі цікавыя калекцыі акамянелай смалы, напрыклад, у музэях Гданьска, Варшавы, Гдыні ды іншых гарадоў.

Бурштын – гэта ня толькі прыгожы й каштоўны камень. У Польшчы здавён яго выкарыстоўвалі і ў лекавых мэтах. Напрыклад, лічылася, што дым з бурштынавага кадзіла забівае бактэрыі. Парашковы бурштын курылі, лічылася, што ён дапамагае перамагчы насмарк. У народнай мэдыцыне таксама выкарыстоўвалі сьпіртныя наліўкі на бурштыне. Паводле лекараў і знахароў тых часоў, напой дапамагаў пры праблемах са шчытападобнай залозай, горла, рэўматызьме. І цяпер, асабліва ў курортных балтыйскіх гарадах Польшчы, можна купіць невялічкія бутэлечкі з бурштынавым пяском. Прыехаўшы дамоў, застаецца заліць яго сьпіртам, і народны лек гатовы.

У Сопаце, Гдыні ды іншых гарадах на беразе Балтыкі шмат крамікаў зь біжутэрыяй, упрыгожаньнямі й рэчамі з бурштыну. А падчас шпацыру па беразе мора можна самому знайсьці кавалак сонечнай смалы, канешне, калі пашчасьціць. Такім чынам, дарагія слухачы, мне нічога не застаецца, як запрасіць Вас на бераг польскай Балтыкі. Лета – перад намі. І калі нават не ўдасцца знайсьці каменьчык бурштыну на беразе, заўсёды можна купіць прыгожую бурштынавую рэч у гандляроў. І памяць з залатых пяскоў Балтыкі гарантаваная на гады!

вс