Крызыс у разгары. Дзе Мясьніковіч?
Мінаючы тыдзень нельга назваць пасьпяховым для эканомікі Беларусі. У выніку аб’яўленьня палавінчатай дэвальвацыі вартасьць рубля ўпала, але валюта ў абменьніках так і не зьявілася. Масква адмовілася даваць крэдыт, а цэны працягваюць расьці. Пры гэтым ключавыя асобы, адказныя за эканоміку краіны, ня толькі не камэнтавалі сытуацыі, але ўвогуле не зьяўляліся на тэлеэкранах. З чым зьвязана такое маўчаньне? – запыталіся мы ў палітолягаў і эканамістаў.
Адсутнасьць Пятра Пракаповіча на тэлеэкранах зразумелая – кіраўнік Нацбанку знаходзіцца ў шпіталі. Аднак зьдзіўляе маўчаньне прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча. У адрозьненьне ад свайго папярэдніка Сяргея Сідорскага, які часта выказваўся па эканамічных пытаньнях, цяперашні прэм’ер зрэдку бачны толькі на пратакольных мерапрыемствах. У часы крызысу Міхаіл Мясьніковіч палічыў за лепшае ўхіліцца ад прыняцьця рашэньняў і ня браць на сябе адказнасьці - мяркуе палітоляг Валер Карбалевіч.
В. Карбалевіч: Хоць за валютную сытуацыю адказвае Нацбанк, кіраўнік ураду павінен ставіць свой подпіс пад усімі прынцыповымі рашэньнямі Нацбанку. Калі Мясьніковіч маўчыць, гэта азначае, што ён ня ведае, што рабіць. Браць на сябе нейкую адказнасьць, выступаць з прапановамі – гэта рызыкоўная справа. Ён нібыта знаходзіцца на мінным полі: пайшоў у адзін бок – адна міна ўзрываецца, пайшоў у другі бок –выбухае другая. У такой сытуацыі лепш стаяць на месцы й маўчаць. А Мясьніковіч як дасьведчаны намэнклятуршчык ведае, што ў такой крытычнай сытуацыі лепш нічога не рабіць.
Такая ж рэакцыя назіраецца і ў іншых сябраў ураду, кіраўнікоў Нацбанка ды Адміністрацыі прэзыдэнта – кажа палітоляг Андрэй Казакевіч.
А. Казакевіч: Натуральна, што адказнасьць на сябе браць ніхто ня хоча. Пляну выхаду з крызысу пакуль няма. Я маю такое адчуваньне, што большасьць зь іх спадзяецца проста “праскочыць” гэты крызыс: ці то спадзяюцца, што атрымаюць замежны крэдыт, ці то само ўсё “разруліцца”. Выступіць жа зь нейкай заявай у дадзенай сытуацыі азначае ўзяць на сябе адказнасьць.
Праўда, ухіляюцца ад адказнасьці ня ўсе. З заявамі выступаюць некаторыя адважныя міністры, такія як міністар эканомікі Міхаіл Снапкоў і віцэ-прэм’ер Сяргей Румас – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.
Я. Раманчук: Снапкоў нагадвае мне колішняга расейскага прэм’ера Кірыенку, якога падставілі й на якога скінулі ўсю віну за крызыс 1998 году. Да ліку рэфарматараў я б аднёс спадара Румаса ды старшыню нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімера Зіноўскага. Ім супрацьстаяць адэпты цэнтралізаванай эканомікі. Гэта не эканамісты, але яны, на жаль, маюць велізарны ўплыў на мазгі Аляксандра Лукашэнкі. Перш за ўсё гэта Анатоль Рубінаў, які ўзначальвае Савет Рэспублікі, а таксама Сяргей Ткачоў – дарадца Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях. Паміж імі знаходзіцца апартуністычнае “балота”, да якога я магу аднесьці спадара Кабякова, які ўзначальвае эканамічны блёк Адміністрацыі прэзыдэнта, а таксама шматлікіх міністраў, сярод якіх – міністар фінансаў Анатоль Харкавец.
Аляксандар Лукашэнка хутчэй за ўсё нават не ўяўляе ўсёй сур’ёзнасьці сытуацыі й ня ведае, як зь яе выходзіць – лічыць Яраслаў Раманчук. Таму беларускі кіраўнік таксама заняў пазыцыю чаканьня. Беларуская эканоміка прыгадвае карабель на аўтапілёце, які плыве па бушуючым моры – кажа Яраслаў Раманчук.
Я. Раманчук: Лукашэнка падобны да Джэка-Вераб’я зь фільму “Піраты Карыбскага мора", які зафіксаваў штурвал карабля й пакінуў яго плыць. А паблізу ўжо паказваюццца рыфы, мелкаводзьдзе. Карабель пачынае застраваць, ад яго пачынаюць адламвацца кавалкі, але ніхто ня можа падысьці да руля й сказаць, што трэба мяняць курс.
Эканамічны крызыс палохае ўлады ня сам па сабе, а толькі рэакцыяй грамадзтва – кажа палітоляг Валер Карбалевіч. Пакуль жа ніякай рэакцыі з боку беларускага грамадзтва няма.
В. Карбалевіч: Калі публічных пратэстаў няма, то якая розьніца, які крызыс – вялікі ён ці малы? Эканамічны крызыс небясьпечны ня сам па сабе, ён небясьпечны рэакцыяй людзей на гэтую сытуацыю. А пакуль ніякай рэакцыі няма. Людзі баяцца. Яны гатовыя суткамі стаяць ля абменных пунктаў, запісвацца ў даўжэзныя чэргі за валютай, але нікому нават у галаву ня прыйдзе проста выйсьці на вуліцу й патрабаваць адстаўкі, ну, хаця б старшыні Нацбанку! Я ўжо нават не кажу пра адстаўку прэзыдэнта.
Калі грамадзтва не пратэстуе, то й баяцца няма чаго. Чакальная пазыцыя ўладаў становіцца зразумелай і рацыянальнай – зазначыў Валер Карбалевіч.
Аляксандар Папко