http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155414

Дні культуры Швэцыі ў Беларусі

15.05.2011

Цягам траўня-чэрвеня культурныя мерапрыемствы будуць праходзіць ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі -- Полацку, Пінску, Берасьці. Сярод імпрэзаў можна назваць канцэрт швэдзкага фольк-рок гурта "Hedningarna", канцэрт камэрнага хору Сьвятога Юханэса (Стакгольм), прэзэнтацыю швэдзка-беларускага літаратурна-музычнага праекта "Чара" ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча й "WZ-Orkiestra", выставу карыкатуры "Сам-насам з кліматам". Акрамя таго, пройдуць швэдзка-беларускія літаратурныя чытаньні, а таксама фэстываль швэдзкага кіно.

Пра выставу карыкатуры расказвае куратар праекта Вольга Рыбчынская.

В.Рабчынская: 17 траўня мы адчыняем выставу “Сам-насам з кліматам”, дзе жанр клясычнай карыкатуры злучаецца з новымі практыкамі сучаснага мастацтва, ня толькі выяўленчага. Гэта й інсталяцыі, і калажы, традыцыйная карыкатура. Акрамя таго, мы плянуем круглы стол “Зьмена клімату ў мастацтве”, майстар клясы. Будзе майстар-кляс швэдзкай мастачкі Карыны Сунвенсан у акадэміі мастацтваў, для дзетак будзе майстар-кляс па коміксах і карыкатурах.

У музычнай частцы Дзён культуры Швэцыі возьме ўдзел вядомы ў Эўропе фольк-рок гурт "Hedningarna". Музыкі, сур’ёзна захапляючыся швэдзкай і фінскай фолк-музыкай, сплятаюць традыцыйнае гучаньне з электронным.

Кіраўнік беларускага гурта “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі расказаў, што швэдзкія музыкі возьмуць удзел у беларускім “Дударскім фэсьце”.

З.Сасноўскі: Фэстываль “Дударскі фэст” сьвяткуе дзесяць год. У 1991 годзе адбыўся першы фэстываль, які быў прысьвечаны рэстаўрацыі беларускай і суседняй традыцыі ігры на дудзе, валынцы. Празь дзесяць год мы бачым, што гэтыя інструмэнты аднавілі, аднавілі тэхніку ігры нацыянальнай школы. І ўсё больш цікава становіцца параўноўваць гэта зь іншымі традыцыямі, якія засталіся жывымі, разьвіваюцца. Мы вельмі парадаваліся, што зь ініцыятывы спадара амбасадара Эрыксана можа прывезьці ў Беларусь такі славуты гурт і ўключыць у праграму фэстывалю.
Літаратурна-музычны праект "Чара" ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча рыхтаваўся некалькі год, і ўжо адбылася яго прэзэнтацыя ў Стакгольме.

З. Вайцюшкевіч: Швэдзкая паэзія – яна незвычайная. Некаторыя кажуць, што гэта быццам бы й не паэзія. Не! Нам трэба цягнуцца й да швэдзкай паэзіі, мэта гэтага праекту – ня толькі пазнаёміць, а сказаць, што ўсе паэзіі нашых суседзяў – блізкіх, далёкіх – прыгожыя, і імі трэба цікавіцца. Як бы банальна гэта не гучала.

Стэфан Эрыксан, амбасадар Швэцыі ў Беларусі, і сам, як аказалася, займаецца сьпевамі. Яго дачка таксама будзе браць удзел у адным з канцэртаў у Беларусі. Амбасадар гаворыць, што водгукі прадстаўнікоў швэдзкай культуры ад візытаў у Беларусь былі толькі станоўчыя.

С. Эрыксан: Швэды, якія прыяжджаюць сюды й бяруць удзел у культурніцкіх праектах, даюць станоўчыя водгукі. Мы стараемся пазнаёміць іх зь беларускімі калегамі, некаторыя вяртаюцца сюды. Дрэнных водгукаў я ня чуў.

Марыя Кароль